Чаму быў вызвалены Аляксандар Казулін? Ці можна чакаць крокаў насустрач з боку Захаду ў адказ на гэтае вызваленьне? Над гэтымі пытаньнямі ў праграме «Праскі акцэнт» радыё «Свабода» разважалі галоўны рэдактар часопісу «ARCHE» Валер Булгакаў, палітоляг Юры Чавусаў і публіцыст Аляксандар Фядута.

У гэтую суботу раптоўна быў вызвалены былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Казулін. Менавіта гэтага на працягу доўгага часу ўпарта дамагалася беларуская дэмакратычная грамадзкасьць і заходняя дыпляматыя, менавіта гэта ў пэўным сэнсе стала прычынай увядзеньня амэрыканскіх санкцый адносна беларускага канцэрну «Белнафтахім».

Многія экспэрты казалі, што для Лукашэнкі Казулін за кратамі – справа прынцыпу. І вось – вызваленьне, прычым без усялякіх прыніжальных умоваў.

Чаму? Што гэта азначае? Чаму ў лютым, у красавіку гэта было немагчыма, а зараз – адбылося? Пра якія зьмены ў палітыцы ўлады гэта сьведчыць?

Валер Булгакаў: Ягоны палітычны крок блізкі да таго, што нядаўна зрабілі польскія палітычныя эліты, пагадзіўшыся на разьмяшчэньне амэрыканскай антыракетнай сыстэмы ў Польшчы пасьля доўгіх і вельмі складаных перамоваў. Палітычная лёгіка такая ж самая. Пасьля таго як адбыўся грузінска-расейскі канфлікт, лідэры краін Усходняй і Цэнтральнай Эўропы пераканаліся, што трэба дывэрсыфікоўваць сыстэму бясьпекі, трэба нарошчваць сувязі і палітычныя адносіны з эўраатлянтычнай супольнасьцю.

Лукашэнка яшчэ раз пераканаўся ў празьмернай жорсткасьці, кажучы па-расейску, «свирепости» цяперашняй палітычнай лініі Крамля.

Ня трэба недаацэньваць тое, што адбывалася апошнія 10 дзён. Мы ўсе былі сьведкамі таго, як рэзка пачаў падаць эўра, як вайна паўплывала на дынаміку біржавых каціровак, як незгаворлівыя палітычныя эліты Ўсходняй Эўропы раптам здолелі знайсьці супольную мову са сваімі заходнімі, а дакладней кажучы, амэрыканскімі партнэрамі.

Аляксандар Фядута: Да таго, што сказаў Валер, я б дадаў яшчэ адну важкую падставу. Гэта тая размова, якая адбудзецца паміж Лукашэнкам і Мядзьведзевым 19 жніўня. Усе мы разумеем, што Расея зараз шукае адказ на згоду польскіх уладаў на разьмяшчэньне ў Польшчы амэрыканскіх супрацьракет.

Вось у гэтым кантэксьце вызваленьне Казуліна дае Лукашэнку пэўныя плюсы, прычым незалежна ад таго, якое рашэньне ён прыме.

Юры Дракахруст: Вызваленьне аднаго з самых уплывовых палітыкаў краіны адбылося на тле чарговага этапу выбарчай кампаніі – фармаваньня ўчастковых выбарчых камісій. Яны будуць укамплектаваныя людзьмі, падкантрольнымі ўладзе.Чаму? Так і меркавалася, каб не выпускаць з рук рэальны кантроль за падлікам галасоў?

Юры Чавусаў: На мой погляд

вызваленьне Казуліна ня сьведчыць пра зьмену палітыкі ўладаў. Машына выбарчых фальсыфікацый засталася ранейшай і яна гатовая выдаць патрэбны вынік.
Гэтыя падзеі зьвязаныя з вызваленьнем Казуліна ў тым сэнсе, што і адно і другое зьяўляецца для Захаду крытэрам ацэнкі выбараў. Магчыма, нехта з заходнікаў даў зразумець беларускім уладам, што Захад заплюшчыць вочы на фальсыфікацыю выбараў і прызнае іх легітымнымі, калі выпусьцяць Казуліна. Вось улады і пагадзіліся на такі гандаль. Але Захад не саступіць.

Валер Булгакаў:

І вызваленьне Казуліна, і пэўнае павялічэньне прасторы для дзеяньня апазыцыйных сілаў у першых этапах выбарчай кампаніі – гэта безумоўна зьвеньні па наладжваньні нечуванага яшчэ некалькі гадоў таму дыялёгу з Захадам.
Адно, што гэтыя сыгналы высылаюцца згодна з ужо добра вядомай нам лёгікай. Іншымі словамі, цяжка чакаць таго, што правілы палітычнай гульні радыкальна зьменяцца.

Асноўнае лукашэнкавае пасланьне застаецца ў сіле. Гэта значыць, што правілы гульні, правілы існаваньня аўтарытарнай машыны застаюцца нязьменнымі. Але дзеля таго, каб выконваць сацыяльны кантракт з беларускім грамадзтвам, Лукашэнка безумоўна вымушаны балянсаваць расейскі ўплыў, эканамічны і палітычны, заходнімі інвэстыцыямі і палітычнымі кантактамі. І безумоўна вызваленьне Казуліна будзе мець вялікі рэзананс і для ўнутранай палітычнай аўдыторыі. Але мне здаецца, што тлумачэньне гэтага вызваленьня, зьвязанае з вонкава-палітычнымі чыньнікамі, падаецца больш рэалістычным.

Юры Дракахруст: Я хачу вярнуцца да пытаньня «цаны зьдзелкі», пра якое ўжо казаў Юры. Тык выглядае, што ўлада фармулюе сваю пазыцыю ў гэты гандлі гэтак: «Мы нашым маўчаньнем ў першыя тры дні выказаліся адносна вайны на Каўказе, мы вызвалілі Казуліна, чаго вы, Захад, вельмі хацелі, а выбары – гэта ўжо, хлопцы, дарагавата будзе. Мы свае зрабілі, заплаціце за зробленае». Юры выказаў меркаваньне, што гэта глупства, што Захад не саступіць, што ў Захаду ёсьць сьпіс з дванаццаці ўмоваў, і пакуль Захад усе «птушачкі» з пазнакай «выканана» насупраць кожнага з гэтых пунктаў не паставіць, размовы ня будзе. Але магчыма, што гэта крыху ідэалізаваны вобраз Захаду, якому, дарэчы, якраз апошнія падзеі на Каўказе даволі добра паказалі межы яго магчымасьцяў і ўплыву. Зразумела, што за такі «тавар» Менск атрымае менш, чым калі б і выбары прайшлі больш менш прыстойна, але магчыма нешта ўсё ж атрымае.

Аляксандар Фядута: Атрымае Менск усё, што яму патрэбна. Я заўжды казаў, будзе палітыка «крок на крок». Лукашэнка зрабіў свой крок. І ён будзе чакаць адказу, чакаць, што яму скажуць, колькі гэта каштуе, колькі атрымае ня толькі ўлада, але і краіна. Ён які-ніякі, а прэзыдэнт, і ён гандлюецца ня толькі для сябе асабіста.

Калі Захад не заплаціць столькі, колькі палічыць дастатковым Лукашэнка, тады зьявяцца ў нас новыя Кімы і Парсюкевічы.

Юры Чавусаў: Я б сказаў так –

адбылася ня зьдзелка, проста зьнятая галоўная перашкода для таго, каб пачаліся перамовы аб зьдзелцы.
Далей цяпер можна размаўляць пра тое, што патрэбна Беларусі – рэалізацыя інвэстыцыйных праектаў, адкрыцьцё крэдытных ліній, далучэньне да нейкіх структурных праектаў Эўразьвязу і, шырока кажучы, вяртаньне Беларусі ў эўрапейскую прастору. Зараз адкрыты шлях для размоваў пра гэта.

Прагназую, што за прызнаньнем выбараў у палату прадстаўнікоў наступным крокам можа стаць далучэньне Беларусі да Рады Эўропы, што безумоўна запатрабуе дадатковых крокаў з беларускага боку і будзе рэальна азначаць выключэньне Беларусі са сьпісу краінаў-ізгояў. Варта, я мяркую, чакаць скарачэньні ці скасаваньня сьпісу беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу.

Юры Дракахруст: Насамрэч, як мы ведаем, размовы вядуцца, толькі па неафіцыйных каналах. Юры зыходзіць з таго, што, скажам, тыя ж 12 умоваў – гэта і ёсьць канчатковая пазыцыя Захаду. А можа гэта, як кажуць дыпляматы, «пазыцыя запыту»? Гэта максымум таго, што мы хочам. А чаго будзе дастаткова... Ну вось нямецкі пасол у адміністрацыю беларускага прэзыдэнта ходзіць, прэм’ер Латвіі зь Сідорскім на нейкай памежнай станцыі сустракаецца, няўжо і падчас гэтых сустрэчаў заходнія партнэры непахісна гавораць: «Вось ёсьць 12 умоваў, калі вы іх усе да кропкі выканаеце, тады мы з вамі пагаворым»?

Валер Булгакаў: Гэты дыялёг сапраўды адбываецца. І калі параўнаць сытуацыю зь якім-небудзь 1997-1998 годам, то сапраўды адбыўся велізарны прагрэс. Мы, ангажаваныя ў бягучую сытуацыю, гэтага магчыма і не заўважаем, але розныя паказчыкі, у тым ліку і зласьлівая рэакцыя расейскіх палітыкаў і расейскіх аглядальнікаў сьведчаць пра тое, што Беларусь дэ-факта збліжаецца з эўрапейскімі краінамі, што ранейшага жорсткага ідэалягічнага супрацьстаяньня няма.

Адно, што гэтае збліжэньне адбываецца пакуль што сапраўды ў рэжыме гандлю палітзьняволенымі. Казуліна выпусьцілі , але застаюцца за кратамі Парсюкевіч і Кім. Гэтае сытуацыя спараджае пытаньне пра канцавыя мэты дыялёгу. Мне, у адрозьненьне ад Чавусава, здаецца, што беларускаму рэжыму абсалютна фіялетава, будзе Беларусь сябрам Рады Эўропы ці не. Рэжым не вылучае ў якасьці каротка- ці сярэднятэрміновай мэты прыцягненьне, скажам, прыцягненьне структурных фондаў ЭЗ для адбудовы беларускай сельскай гаспадаркі ці машынабудаваньні. Ён экзыстэнцыйна зацікаўлены ў балянсаваньні расейскага эканамічнага ўплыву заходнім капіталам, заходнімі інвэстыцыямі. Я мяркую, што гэтая рэзанансная падзея скіраваная не ў палітычны калідор, яна не прадугледжвае разбурэньне палітычнага тупіку, ў якім апынуліся цяпер ЭЗ і Беларусь.

Ня думаю. што гэтае палітычнае збліжэньне, скажам, уваходжаньне Беларусі ў Раду Эўропы, магчымае без разбурэньня нарожных камянёў лукашэнкаўскага рэжыму. Але заходнія бізнэс-эліты, нямецкія, галяндзкія ці нават брытанскія, якія скептычна ставяцца да амэрыканскіх нэагегеманічных амбіцый, могуць па-свойму ацаніць гэты жэст. І ня выключана, што гэта пацягне за сабой прыход буйных заходніх капіталістаў на беларускі рынак.

Гаворка ня ідзе пра паўнавартае ўключэньне Беларусі ў заходні палітычны клюб. Гэта немагчыма без дэмантажу той сыстэмы, якая ўсталяваная ў Беларусі.

Гаворка ідзе пра тое, каб рэзананснымі палітычнымі падзеямі прасыгналізаваць перш за ўсё эўрапейскім бізнэс-элітам, што ў Беларусі досыць вялікадушнае кіраўніцтва, якое гатовае многае стрываць для дынамічнага разьвіцьця сваёй краіны.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?