У Мінску прайшоў фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Яго імпрэзы наведалі сотні людзей, удзел бралі пісьменнікі, выдаўцы, кнігагандляры.

Адмысловы дыплом за актыўны ўдзел у фестывалі атрымала сталічная кнігарня «Акадэмічная кніга». Якія ж яе выданні найбольш цікавілі чытачоў? «Акадэмкніга» склала рэйтынг.

1. «Залатая шарсцінка, срэбраная павуцінка»

Пераказ Уладзіміра Ягоўдзіка. Ілюстрацыі Паўла Татарнікава.

У кнізе 14 народных казак, упершыню запісаных даследчыкамі ў XIX стагоддзі і пераказаных пісьменнікам Уладзімірам Ягоўдзікам. Большасць казак малавядомыя шырокай публіцы. Малюнкі да кнігі, створаныя сусветна вядомым беларускім графікам Паўлам Татарнікавым, адзначаны самымі высокімі ўзнагародамі міжнароднай прафісійнай супольнасці.

2. Айчына: маляўнічая гісторыя. Частка першая. Ад Рагнеды да Касцюшкі.

Аўтар тэксту Уладзімір Арлоў. Мастак Павел Татарнікаў.

Новая кніга Уладзіміра Арлова «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі» таксама багата аздобленая малюнкамі Паўла Татарнікава.

Татарнікаў працаваў над кнігай шэсць гадоў, Уладзімір Арлоў — чатыры. Аўдыторыя, на якую разлічаная кніга, — дзеці і падлеткі.

Кніга такога мастацкага ўзроўню — сярод унікальных ў свеце, не кажучы пра Беларусь.

Увазе чытачоў прадстаўленая першая частка выдання. Наогул кніга выходзіць у дзвюх частках і ахоплівае гісторыю нашай краіны ад з’яўлення на ёй старажытнага чалавека да аднаўлення беларускай незалежнасці на пачатку 1990-х. 

3. БНР. Триумф побежденных. Андрей Чернякевич

Кніга гродзенскага гісторыка Андрэя Чарнякевіча расказвае пра стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі — першага беларускага дзяржаўнага ўтварэння ў найноўшай гісторыі. Дзякуючы БНР беларусы заявілі пра сваё права на незалежнасць і самавызначэнне. Аўтар аналізуе дзейнасць урадавых структур БНР у 1918-1925 гг.

4. Андрусь Горват. Радзіва «Прудок». Дзённік

Журналіст, дворнік, дармаед, гаспадар, пісьменнік. Аўтар гэтай кнігі — чалавек, які шукае месца ў гэтым свеце. Такім месцам магла стаць утульная рэдакцыя сталічнага часопіса або модны хіпстарскі каворкінг. Але стала дзедава хата на Палессі, на ўскрайку Беларусі, на скрыжаванні сусветаў. Гэта кніга не пра тое, як аднавіць напаўразбураны дом, садзіць агарод, даіць казу, жыць у вёсцы і не спіцца. Гэта кніга пра тое, як аднавіць напаўразбуранага сабе. Можа, яна пра тое, як вярнуцца да каранёў, да роднай моўнай і культурнай стыхіі і пра тое, як важна не згубіць бабуліны аповеды. А можа, пра тое, як стаць сваім для самога сябе.

5. Альгерд. Бахарэвіч. Сабакі Эўропы. Раман

У рамане шэсць вялікіх гісторый, сцепленых у мудрагелісты вузел, разблытаць які не дасць рады ніхто. Прынамсі, на гэта спадзяецца аўтар. На больш чым дзевяцістах старонках кнігі ўступаюць ў складаныя алхімічныя рэакцыі гарады, сюжэты, людзі, алюзіі, словы…

6. Шаланда А.І. Код Францыска Скарыны. Геральдычныя матэрыялы ў пражскіх і віленскіх выданнях беларускага першадрукара

Выданне ўяўляе сабой навуковае даследаванне, прысвечанае расшыфроўцы геральдычнага кода Францішка Скарыны. Аўтар разглядае гербы і геральдычныя выявы ў пражскіх і віленскіх выданнях беларускага першадрукара як своеасаблівы ключ, які дазваляе раскрыць зашыфраваную ў гравюрах інфармацыю. Праз гербы і гербавыя выявы Ф. Скарына ў тэксце «Бібліі Рускай» адлюстраваў найбольш важныя падзеі сучаснай яму айчыннай і еўрапейскай гісторыі — Венскі кангрэс 1515 г., уступленне на чэшскі трон караля Людвіка Ягелона, страта ВКЛ Смаленска ў 1514 г., вайна 1512—1522 гг. паміж ВКЛ і Масквой і інш. Разам з гэтым раскрываецца такі феномен беларускай гісторыі і культуры, як мяшчанская геральдыка ВКЛ у канцы ХV—ХVІ ст.

Разлічана на гісторыкаў, выкладчыкаў, студэнтаў і шырокае кола чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй Бацькаўшчыны.