Падчас цэнтралізаванага тэсціравання цяпер выкарыстоўваецца новая сістэма падліку балаў.

Гаворка ідзе пра тое, што абітурыенты з нізкім узроўнем ведаў будуць атрымліваць вышэйшыя балы, чым раней. Адзнака па ЦТ у пэўнай ступені будзе адпавядаць балу са школьнага атэстата.

Гэта адна з рэформаў, якую праводзіць Міністэрства адукацыі на чале з Ігарам Карпенкам.

Ігар Карпенка, фота Сяргея Гудзіліна.

Ігар Карпенка, фота Сяргея Гудзіліна.

Рэпетытар Яўген Лівянт прадэманстраваў, як у рэальнасці працуе новая сістэма. Адзін з яго вучняў адправіўся на рэпетыцыйнае тэсціраванне па матэматыцы. Але ў патрэбным месцы бланка памылкова пазначыў не матэматыку, а фізіку. У выніку сістэма апрацоўвала яго адказы не па тым кодзе ключоў.

Адказы сышліся толькі ў 4 пытаннях з 30, прычым толькі ў больш лёгкай частцы А, дзе трэба абраць правільны адказ з прапанаваных.

За больш складаную частку В ён, натуральна, не атрымаў ніводнага бала, бо адказваў на іншыя пытанні.

Але праблема не ў няўважлівасці абітурыента. За 4 з 30 правільных адказаў ён атрымаў 32 балы, амаль траціну ад магчымага выніку.

Пры ранейшай сістэме падліку ён меў бы 10—15 балаў, і істотна адставаў бы ад абітурыентаў-разумнікаў. Цяпер жа, дзякуючы рэформе Карпенкі, розніца нівелюецца (бо падрыхтаваныя дзеці як атрымлівалі 80—90 балаў, так і будуць атрымліваць, падымаць іх балы няма куды).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?