«Наша Ніва» пацікавілася сямейным жыццём дзеячаў беларускай апазіцыі: хто тыя другія паловы, якія стаяць за спінамі кіраўнікоў партый і кандыдатаў у прэзідэнты?

Таццяна Дзмітрыева

Жонка лідара «Гавары Праўду!» Андрэя Дзмітрыева.

Пазнаёміліся яны ў ліфце.

«Мы пазнаёміліся ў ліфце ў офісным будынку. Я зайшоў, і мне падалося, што яна мне нешта сказала… я да яе звярнуўся, ну і вось так пазнаёміліся, завязалася размова. А пасля яшчэ пачалі бачыцца праз моладзь АГП: Таццяна ім дапамагала, а я быў сакратаром, была добрая нагода», — распавёў «Нашай Ніве» Дзмітрыеў.

«Хто ў нашай сям'і ўвесь час сям’ёю займаецца, то тут велізарная заслуга Таццяны — маёй жонкі, на яе плячах шмат усяго, і я перад ёй у такім вечным даўгу… Зразумела, у мяне магчымасцяў для кар'еры больш, чым у яе. Мая жонка — гэта і сябар, і партнёр. Мы з ёй нядаўна абмяркоўвалі, што даўно не былі ў хоць-якіх клубах, таму што калі ёсць дзеці, ты па-іншаму пачынаеш глядзець на адпачынак і на вечары. Але ўсе гэтыя абмежаванні не з'яўляюцца цяжарам. Ёсць паняцце «альтэрнатыўны кошт» — відавочна, гэта і ёсць. Мы з ёй пажаніліся ў 30 гадоў, гэта значыць, быў ужо пэўны жыццёвы досвед», — казаў пра жонку Дзмітрыеў у гутарцы з мадэльерам Варламавым.

Сёння ў Таццяны і Андрэя двое сыноў (Дзмітрыеў мае яшчэ аднаго дарослага сына ад першага шлюбу).

«Таццяна — цалкам самастойны і самадастатковы чалавек. Яна сёння працуе ў IT-кампаніі, проджэкт-менеджарам», — распавёў Андрэй Дзмітрыеў.

Іна Кулей

Жонка былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча. У іх — двое сыноў.

Іна Кулей нарадзілася ў палескай вёсцы Крукі, што ў Брагінскім раёне, у сям’і настаўніцы беларускай мовы і піянерважатага. Пазней яе бацька скончыў юрыдычны факультэт і ўладкаваўся на працу следчым у Ляхавічы, перабраўся туды з сям’ёй.

Сама Іна Кулей скончыла педуніверсітэт па спецыяльнасці «дэфекталогія». Працавала ў адной з брэсцкіх школ. У 1990‑я ўзначаліла фонд рэгіянальнага развіцця «Вежа», які аб’ядноўваў і дапамагаў грамадскім арганізацыям Брэсцкай вобласці.

Пасля спадарыня Кулей узначальвала камітэт дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасць».

Была ініцыятарам і куратарам праграмы Каліноўскага, з дапамогай якой беларускія студэнты, якія мелі праблемы з уладамі праз сваю палітычную пазіцыю, маглі атрымаць вышэйшую адукацыю ў Польшчы.

«Вельмі важна, што ў нас з маёй першай жонкай і з першым мужам Іны добрыя адносіны. Калі мы ў Гародні, то ідзем да маёй жонкі Наташы, п'ём каву, размаўляем. Нават абдымаемся пры Іне, сур'ёзна вам кажу. І ўсё цалкам шчыра. А калі мы ў Гомелі, ідзем да першага мужа Іны і да яго сённяшняй жонкі. Інін муж з жонкай былі ў нас на вяселлі, а мы ў іх. Усе сябры кажуць: бразільскі серыял», — расказваў Аляксандр Мілінкевіч парталу tut.by.

Пазней праграма Каліноўскага была рэфармаваная. Цяпер яна падтрымлівае не студэнтаў, а тых, хто ўжо мае вышэйшую адукацыю і хоча атрымаць працоўны стаж, павысіць кваліфікацыю, распавяла «Нашай Ніве» Іна Кулей.

Сама спадарыня Іна пакінула камітэт «Салідарнасць» два гады таму. Сёння яна дырэктарка агенцтва «Тваё заўтра», якое займаецца дапамогай студэнтам.

«Мы адышлі ад канцэпцыі «ўцечка-вяртанне розумаў» і вітаем сучасную канцэпцыю «цыркуляцыя розумаў». Мы прызнаем факт міжнароднай мабільнасці беларусаў як частку акадэмічнай мабільнасці і лічым беларускіх студэнтаў, аспірантаў і стажораў, якія вучацца ў замежных універсітэтах, шматтысячным патэнцыйным навукова-тэхнічным, культурным і грамадскім рэзервам для для нашай краіны.

Наша мэта — наладжванне навуковых, экспертных, культурных і арганізацыйных сувязяў паміж беларускай акадэмічнай дыяспарай і Беларуссю.

Мы дапаможам вам падвысіць свой навуковы і прафесійны ўзровень і знайсці перспектыўнае месца працы на Радзіме», — гаворыцца на сайце агенцтва.

«Мы займаемся выпускнікамі, у тым ліку і каліноўцамі, якія ўжо атрымалі вышэйшую адукацыю. Дапамагаем ім атрымаць новыя веды, практыку, знайсці працу, уладкавацца ў жыцці», — патлумачыла «Нашай Ніве» Іна Кулей.

Марына Адамовіч

Жонка Мікалая Статкевіча.

«Наша знаёмства адбылося вельмі даўно — на пачатку 90-х. Памятаю, сябры задурылі мне галаву пра тое, які класны хлопец Мікола Статкевіч. Упершыню мы сустрэліся ў Доме літаратара на дні народзінаў нашага агульнага сябра Міколы Міхноўскага. Там я і ўбачыла Статкевіча — кіраўніка Беларускага згуртавання вайскоўцаў. Мікола — прыязны, з яркімі блакітнымі вачыма, прыгожы мужчына. За некалькі тыдняў да таго яго звольнілі з войска. Не пры самых лепшых абставінах адбылося наша знаёмства. Ён застаўся без справы, якой прысвяціў жыццё, але выпраменьваў добразычлівасць і аптымізм.

Пасля мы з ім сустракаліся ў коле знаёмых. У 1996-м я стала сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, дапамагала яму і партыі», — расказвала Адамовіч у інтэрв’ю «Салідарнасці».

Да знаёмства са Статкевічам Марына 12 гадоў працавала выкладчыкам эпідэміялогіі ў медыцынскім універсітэце. Пасля, па яе словах, працавала ў бізнэсе, пазней — у праваабарончай арганізацыі.

Сёння Марына Адамовіч не працуе.

«Цяпер я займаюся сям’ёй. З праваабарончай арганізацыі я ўжо сышла. Што тычыцца іншай працы, то пасля 2010 года мае магчымасці знайсці працу сталі вельмі і вельмі абмежаванымі», — паведаміла «Нашай Ніве» Адамовіч.

Ларыса Кастусёва

Жонка лідара партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Пара разам амаль 40 гадоў! Маюць траіх дарослых дзяцей: дзвюх дачок і сына.

«Пазнаёміліся на вяселлі ў Рыгоравых сваякоў, нешта пацягнула адно да аднаго. Відаць, так лёсам было наканавана… Ён тады вучыўся ў Горацкай акадэміі, часу «раскачвацца» не было, і месяцы праз тры ён зрабіў прапанову. То-бок у маі мы пазнаёміліся, а ў лютым ужо было вяселле», — распавядала «Радыё Свабода» Ларыса Кастусёва.

Кастусёва амаль усё жыццё займалася дзецьмі: працавала выхавальніцай, а пасля загадчыцай дзіцячага садка.

У апошнія гады перад пенсіяй Ларыса Кастусёва была вымушаная звольніцца з працы: даглядала бабулю, якая зламала шыйку сцягна.

Сёння Ларыса Кастусёва ўжо на пенсіі.

Святлана Лябедзька

Жонка шматгадовага лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. Ён ужо сыйшоў з пасады, цяпер разглядае перспектывы працы ў грамадскіх арганізацыях і забаўляецца відэазваротамі да Лукашэнкі.

Святлана родам з Ашмянаў, раней разам з мужам яны жылі ў яе бацькоў. Пасля перабраліся ў Мінск, калі Лябедзька стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета.

«У сямейным плане я шчаслівы чалавек. Калі Толя не ў турме, то кожную раніцу ён гатуе мне каву. Праўда, з ежы муж можа зрабіць толькі яечню, адрэзаць хлеба і каўбасы, ну і яшчэ разагрэць прыгатаванае. І што такое пыласос узяць у рукі, Толя таксама не ведае. Таму мы падзяляем гэтыя абавязкі з сынам», — калісьці расказала пра сваё сямейнае жыццё Святлана ў інтэрв’ю «Народнай Волі».

Святлана працавала настаўніцай у школе, выкладала англійскую мову.

«Гэтым і займаецца па сёння. Усё яшчэ працуе ў той жа школе выкладчыцай англійскай мовы.

Праблем з працай праз маю палітычную дзейнасць жонка фактычна не мела. Яна вельмі добрая спецыялістка, а кіраўніцтва школы заўсёды было матывавана, каб мець добрага спецыяліста ў штаце, — распавёў «Нашай Ніве» Анатоль Лябедзька. — Так, жонкай цікавіўся КДБ, распытвалі ў школе пра яе, але ціску ніколі не было.

Яшчэ цікавы такі факт: ніводнага настаўніка з яе школы, наколькі я ведаю, не ўключалі ў склад выбарчых камісій, заўсёды прывозілі ў іх школу іншых людзей».

Наста Дашкевіч (Палажанка)

Жонка актывіста і былога палітвязня Змітра Дашкевіча.

Сёння яна ў дэкрэце, нядаўна ў Дашкевічаў нарадзілася дачка. Гэта трэцяе дзіця ў сям’і.

Гісторыя кахання Насты і Змітра, канечне, уражвае. Яны былі знаёмыя доўгі час, але ажаніліся, пакуль Дашкевіч быў за кратамі, асуджаны пасля Плошчы-2010. Спачатку штамп паставілі Насці — у ЗАГСе, пасля яны з супрацоўніцай пайшлі ў гродзенскую турму. Сведкамі на цырымоніі былі працаўнікі калоніі. Пасля цырымоніі маладым дазволілі першае 10-хвіліннае спатканне.

Акрамя выхавання дзяцей, энергічная Настасся Дашкевіч паспявае дапамагаць мужу ў менеджменце прадпрыемства і абслугоўванні кліентаў, а таксама актыўнічае ў царкве і розных грамадскіх ініцыятывах, сярод якіх кампанія па падтрымцы беларускай культуры «Будзьма беларусамі».

Вольга Севярынец

Жонка палітыка, пісьменніка і хрысціяніна Паўла Севярынца.

Пара пазнаёмілася ў 2009 годзе, у 2014 — ажаніліся.

Вольга, як і Павел, шчырая хрысціянка, толькі з каталіцкай сям’і. Яна родам з Пастаўскага раёна, пасля вучылася ў Мінску, скончыла філфак БДУ.

Раней Вольга выкладала польскую мову ў Цэнтры славянскіх моваў і культур. Сёння яна ў дэкрэце, даглядае малое дзіця. Але працягвае працаваць.

«У нас жа хрысціянская інтэрнэт-крама kroplia.by: я там і дырэктар, і касір, і бухгалтар», — смяецца Вольга.

Ці прыносіць крама прыбытак?

«Яна пакуль маленькая, трошкі прыносіць, але грошы, якія атрымліваем, укладваем назад у бізнэс. Да таго ж я атрымліваю толькі палову дэкрэтных грошай, бо ў мяне адкрыта ІП — такія ў нас законы. Таму, можна сказаць, што нашая крама — гэта не столькі бізнэс, колькі пакліканне», — распавяла «Нашай Ніве» Вольга Севярынец.

Настасся Губарэвіч

Жонка Юрыя Губарэвіча, лідара Руху «За Свабоду!».

Настасся ўжо даўно працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі інжынерам кафедры ІТ.

Юрась Губарэвіч узгадаў знаёмства з жонкай:
«Мы пазнаёміліся ў Вярхоўным судзе ў часе працэсу па справе рэгістрацыі Свабоднага прафсаюза студэнтаў «Салідарнасць», дзе я прадстаўляў пазіцыю прафсаюза, які атрымаў адмову ў рэгістарцыі ад мін'юста, а Настасся (Стася) была накіравана ад рэдакцыі газеты «Рабочы» асвятляць працэс».

У інтэрв’ю «Беларускаму партызану» Губарэвіч скардзіўся на малыя заробкі ў сферы адукацыі, дзе працуе яго жонка:

«І мне, і маёй сям'і, як і ўсяму беларускаму грамадству, сёння даволі няпроста. Мая жонка працуе ў сферы адукацыі, а там заробкі зусім невялікія.

Я як старшыня руху «За Свабоду» заробак не атрымліваю — хутчэй, марную на гэтую справу сямейны бюджэт (усміхаецца). Але я зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік. Ясная справа, што вялікіх прыбыткаў няма, у сярэднім каля 1000 рублёў выходзіць, але іх таксама не так проста зарабіць».

У Губарэвічаў дзве дачкі.

Таццяна Калякіна

Жонка Сяргея Калякіна, лідара камуністычнай партыі «Справядлівы свет».

Пра сваю другую палову «Нашай Ніве» коратка распавёў сам Калякін:

«Таццяна вырасціла дваіх дзяцей, сына і дачку. Сёння яна ўжо на пенсіі.

Раней жонка працавала ў адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска, загадчыцай аддзела, пасля была спецыялісткай у ЗАГСе».

Валер Анісім

Гэта муж Алены Анісім, дэпутата Палаты прадстаўнікоў і старшыні Таварыства беларускай мовы.

З мужам яна пазнаёмілася яшчэ ў часы студэнцтва, пабраліся шлюбам на пятым курсе.

Фота з вяселля Алены і Валерыя Анісімаў.

Фота з вяселля Алены і Валерыя Анісімаў.

Ён скончыў мехмат на пачатку 1980-х, размеркаваўся на «Інтэграл»: быў майстрам, начальнікам участка. У 1990-я займаўся бізнэсам: экспартаваў мікрасхемы, электронныя гадзіннікі ў Расію і Украіну.

Быў перыяд, калі Валер вымушаны быў не працаваць: даглядаў старую маці жонкі, пасля сваю маці.

Цяпер ён ужо на пенсіі.

«Муж сёння даглядае сядзібу ў Стаўбцоўскім раёне і гадуе ўнучку. Захапіўся вырошчваннем садавіны і гародніны, вырошчвае нават вінаград», — распавяла Алена Анісім.

Алена і Валер Анісімы разам выгадавалі траіх сыноў.

Вераніка Мазуркевіч

Жонка Алеся Лагвінца, лідара руху «Дзея».

Алесь і Вераніка гадуюць сына. Для Лагвінца гэта другі шлюб, ён ужо мае сына Антося ад папярэдняга.

Па прафесіі Вераніка перакладчыца з англійскай і французскай, магістр міждысцыплінарных еўрапейскіх даследаванняў, перакладчык, лінгвіст.

Настасся Рымашэўская

Жонка Віталя Рымашэўскага, экс-кандыдата ў прэзідэнты і лідара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Настасся і Віталь ажаніліся ў 2002 годзе. Гадуюць дачку.

«Спадабаліся адно аднаму не адразу, іскра прабегла пазней. Нават не магу сказаць, у які дакладна момант. Паглядзеў ён на мяне неяк асабліва», — расказвала Настасся ў інтэрв’ю «Нашай Ніве».

Падрабязней пра жонку распавёў сам Рымашэўскі:

«Сёння Наста займаецца грамадскай дзейнасцю, гадуе дачку. Часам дапамагае мне — у БХД мы праводзім шмат непалітычных грамадскіх кампаній.

Таксама займаецца дабрачыннасцю: разам з іншымі валанцёрамі яна апякуецца адным з дамоў-інтэрнатаў.

Таксама Наста працуе, можна сказаць, на фрылансе: перакладае на беларускую мову, выконвае рэдактарскую працу — карацей, усё, што звязана з выдавецтвам кніг.

Ну і хатняя гаспадарка на ёй — але тут ужо і я дапамагаю таксама!»

Марыя Гайдукевіч

Жонка сённяшняга лідара праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча і нявестка былога лідара той жа партыі Сяргея Гайдукевіча.

Гісторыю свайго знаёмства з будучай жонкай Гайдукевіч-малодшы падрабязна распавядаў «Нашай Ніве»:

«Яе бацькам аказаўся Валянцін Шухно. Гэта чалавек, які стаяў ля вытокаў абароту каштоўных папер нашай краіны. Быў старшынёй Камітэта па каштоўных паперах пры Савеце міністраў — гэта ўзровень міністра практычна. Дастаткова вядомы чалавек, які працаваў з усімі банкамі і ведаў усіх дырэктараў банкаў.

Я гэтага не ведаў, калі пазнаёміўся. А пазнаёміўся на дыскатэцы. І ажаніўся выпадкова. Як выпадкова? Каханне, яно заўсёды прыходзіць, калі яго не чакаеш.

Я пазнаёміўся з жонкай на дыскатэцы на «Мэдысан-клаб». Яна на месяц прыехала з Амерыкі аформіць дакументы і назаўсёды з'ехаць туды. Яна прапрацавала ў Амерыцы паўтара года і проста прыехала ў Мінск. У яе ўжо ўсё там склалася ў Амерыцы. Яна прыехала па маму сваю. Яна аформіла дакументы маме, каб маці паехала разам з ёй працаваць і там застацца жыць.

І вы ўяўляеце, чым усё скончылася? Мы пазнаёміліся. Маці ейная з'ехала праз месяц, а мы ажаніліся.

Мая жонка дзеля мяне кінула ўсё: кінула Амерыку, кінула планы.

Кінула гэтыя ўсе рэчы і засталася са мной. За гэта я ёй ўдзячны».

Марыя скончыла эканамічны факультэт БДУ. Цікава, што ў першыя гады шлюбу Алег Гайдукевіч настойваў, каб яго жонка не працавала. Але пазней пагадзіўся з выбарам жонкі — Марыя стала інструктаркай па ёзе. Сёння яна працуе ў мінскай студыі «Yoga Place».

Бонус: Казлоў, Караткевіч, Янукевіч, Канапацкая

Але не ўсе беларускія палітыкі жывуць у шлюбе. Некаторыя паспелі развесціся, некаторыя — ніяк не знойдуць сваю палову.

Мікалай Казлоў, сённяшні лідар АГП, нежанаты. «Я над гэтым працую», — смяецца ён, адказваючы на пытанне пра будучую жонку.

Ганна Канапацкая, дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў і сябар АГП, даўно ў разводзе.

Яна вельмі неахвотна ўзгадвае пра свайго былога мужа. Казала толькі, што ён займаўся бізнэсам. Ад мужа засталося двое дзяцей, іх Канапацкая гадуе адна.

У пачатку 2017 года развялася і былая кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч.

Шлюб з Віталём Караткевічам працягваўся 16 гадоў. Таццяна пазнаёмілася з ім на семінары ў Вільні. Палітык распавядала, што яе муж працуе аўтаслесарам — збірае машыны хуткай дапамогі.

«Мы разышліся з-за розных поглядаў на іншыя каштоўнасныя моманты. Шлюб трымаецца на простых рэчах, якія вы любіце рабіць разам: мець зносіны, глядзець кіно, падарожнічаць. Наступіў момант, калі мы ў гэтым разышліся, — патлумачыла Караткевіч. — Мой выбар быў просты: калі адносіны не якасныя, не прыносяць бакам сапраўднага дабрабыту і ўзаемнага спакою, упэўненасці, не відаць перспектыў — іх трэба спыняць».

Караткевіч запэўнівае, што развод не звязаны з яе палітычнай кар'ерай. Яна засталася жыць з мамай і 13-гадовым сынам Елісеем.

«Пра сваё сённяшняе прыватнае жыццё я прамаўчу. Так і напішыце!» — паведаміла Караткевіч «Нашай Ніве».

Былы старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч яшчэ не жанаты. Ён таксама вырашыў захаваць таямніцу прыватнага жыцця.

«Я маю другую палову, вельмі добрага чалавека. Але афішаваць свае адносіны пакуль не хачу. Ці не збіраюся я ажаніцца? Скажам так: можа быць, у гэтым годзе і здарыцца такая падзея», — паведаміў «Нашай Ніве» Янукевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?