patriarchia.ru

Патрыярх Маскоўскі і ўсёй Русі Кірыл 6 верасня ўзвёў епіскапа Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага экзарха ўсёй Беларусі, у сан мітрапаліта. Нагадаем, што 25 жніўня Веніямін быў абраны кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы, а мітрапаліт Павел падаў у адстаўку.

Падчас службы ў зале вышэйшага Царкоўнага савета Храма Хрыста Збаўцы 6 верасня адбылася сустрэча патрыярха Кірыла з архірэямі БПЦ, піша сайт РПЦ.

Звяртаючыся да прысутных, Кірыл растлумачыў, чаму быў зроблены выбар на карысць беларускага святара.

— Калі цябе ставяць на чале паствы, паства становіцца тваім народам, а ты — бацькам, і ўсе нацыянальныя падзелы адыходзяць. Аднак цяпер нацыянальны фактар у Беларусі набывае ўсё большую ролю, і таму мы прыйшлі да высновы, што сёння на чале беларускай царквы павінен быць чалавек, які нарадзіўся ў Беларусі, які ведае беларускую мову, выхаваны ў беларускім асяроддзі. Каб нават тыя, хто імкнецца ўбачыць у нашай Царкве нешта іншароднае ў адносінах да Беларусі, беларускай культуры, беларускага жыцця, бачылі ў Прадстаяцелі Беларускай Царквы, на чале Экзархата плоць ад плоці, косць ад косці свайго народа.

Ён выказаў надзею, што Веніяміну ўдасца з'яднаць духавенства.

— Вядома, у Беларусі няма тых небяспечных працэсаў, якія прывялі да страшнага падзелу Украіны. Вораг роду чалавечага пасмяяўся над пабожнасцю ўкраінскага народа, і мы бачым, што рэлігія стала фактарам не аб'яднання, а падзелу людзей. Самы цяжкі падзел на целе ўкраінскага народа — гэта падзел Царкоўны, які спараджае ўсе наступныя. Вядома, вельмі важна, каб нічога падобнага не было ў Беларусі, і таму я заклікаю ўсіх вас, дарагія ўладыкі, падтрымліваць Уладыку мітрапаліта, быць аднадумцам, служыць свайму народу, абавязкова працаваць з моладдзю.