Адной зь візытовак усіх папярэдніх забегаў была Вольга Хіжынкова — прафэсійная мадэль, пераможца конкурсу «Міс Беларусь — 2008», экс-выкладчыца Нацыянальнай школы прыгажосьці, былая супрацоўніца сыстэмы футбольнага клюбу «Дынама» (Берасьце), абаронца бяздомных жывёлаў.

Яна зацята прапагандавала здаровы лад жыцьця і паўдзельнічала ў дзясятках дабрачынных забегаў, уключна з усімі папярэднімі «Менскімі паўмаратонамі». Аднак сёлета яе прозьвішча адсутнічае ў камандзе Dream Team, сьпіс якой стракаціць спартоўцамі-падпісантамі ліста за рэжым, чыноўнікамі, прапагандыстамі.

Вакантнае месца заняла «Міс Беларусь — 2018», дэпутатка Палаты прадстаўнікоў і прыхільніца сёньняшняй улады Марыя Васілевіч.

Свабода пацікавілася ў Вольгі Хіжынковай, ці сапраўды яна не заяўлялася на старт «Менскага паўмаратону».

«Што вы, які паўмаратон? Няўжо гэта магчыма — бегчы там, дзе зусім нядаўна ты бегаў ад амапаўцаў, дзе цябе затрымлівалі. Ды і ўвогуле, паўмаратон — гэта ў першую чаргу сьвята, якое, дарэчы, я ніколі не прапускала. Але настрой, зразумела, зусім не сьвяточны», — адзначыла ў камэнтары Свабодзе Вольга Хіжынкова.

У верасні пасля гадавога перапынку пройдзе Мінскі паўмарафон. Мінулай восенню афіцыйнай прычынай адмены забегаў стаў каранавірус. Традыйна на дыстанцыю выйдзе зорная каманда Dream Team. У ёй заяўленыя селебрыці, але сёлета ў складзе засталіся ў асноўным чыноўнікі і прапагандысты, ёсць і некалькі бізнэсоўцаў.

Хто бегаў за Dream Team у папярэднія гады? Напрыклад, вядомыя марафонкі Вольга Мазуронак і Святлана Кудзеліч. Сталай удзельніцай была «міс Беларусь» Вольга Хіжынкова. З тэлевядучых да каманды далучаліся Яўген Перлін і Іван Падрэз. Нікога з іх няма цяпер у зорнай камандзе. Большасць з іх у 2020-м падтрымала народ, які чакаў пераменаў пасля выбараў.

Некалькі год запар на дыстанцыю выходзіла пасол Вялікабрытаніі Фіёна Гіб. Сёлета ў камандзе не згадваюцца еўрапейскія дыпламаты.

Няма там і экс-кіраўніка Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзіма Дзевятоўскага. Трэба сказаць, шмат у чым дзякуючы яму паўмарафон стаў праводзіцца ў Мінску.

Пасаду ў федэрацыі Дзевятоўскі страціў пасля выбараў. Папярэднічала гэтаму дзіўная гісторыя. У жніўні атлет, які раней падтрымліваў дзейную ўладу, раптам напісаў «Лукашэнка — не мой прэзідэнт». Па дзяржТБ пасля сказалі, што пост быў зроблены на эмоцыях, а Дзевятоўскі шпіталізаваны з нервовым зрывам. Пазней ў сеціве з’явілася інфармацыя, што братоў Дзевятоўскіх жорстка затрымлівалі пасля выбараў.

Цяперашняя каманда Dream Team — гэта лаяльныя ўладзе і правераныя людзі. Прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў, міністр спорту Сяргей Кавальчук, начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў. Сярод іншых там засталіся кіраўнік АНТ Марат Маркаў, тэлевядучая БТ Вікторыя Сянкевіч і дэпутатка Марыя Васілевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0