Фота depositphotos.com.

Манакланальныя антыцелы — гэта вырабленыя ў лабараторных умовах антыцелы, што пераймаюць здольнасць імуннай сістэмы змагацца з кавідам. Упершыню яны сталі вядомымі больш за год таму, калі Дональд Трамп, амерыканскі прэзідэнт на той час, вылечыўся з дапамогай такіх антыцелаў ад кавіду.

Той самы прэпарат, што дапамог Трампу, насіў назву REGN-COV2 і лічыўся эксперыментальным. З таго часу шмат змянілася. Цяпер прэпараты з манакланальных антыцелаў ухваленыя для выкарыстання ў пацыентаў з цяжкай ступенню кавіду, цяжарных жанчын, а таксама для прафілактыкі кавіду ў тых, хто меў кантакт з інфіцыраваным чалавекам. Праўда, пакуль што гэта датычыцца толькі ЗША.

Што з сябе прадстаўляюць манакланальныя антыцелы?

Асноўны прэпарат такога тыпу, што выкарыстоўваецца ў ЗША, распрацаваны кампаніяй Regeneron — менавіта яна вырабіла цуда-лекі для Трампа. Прэпарат вядомы пад назвай рэгенерон або «казірівімаб і імдэвімаб». Іншыя дазволеныя ў ЗША прэпараты з манакланальных антыцел — «бамланівімаб і этэсевімаб» ад кампаніі Eli Lilly і «сатравімаб» ад GlaxoSmithKline.

Калі манакланальныя антыцелы трапляюць у арганізм, яны знаходзяць шыпавідны бялок віруса SARS-CoV-2, што выклікае кавід, і звязваюцца з ім. Гэта дае магчымасць штучным антыцелам перашкаджаць вірусным часцінкам уваходзіць у здаровыя клеткі. Манакланальныя антыцелы ўводзяць праз ін’екцыі ў рукі і жывот або з дапамогай кропельніцы.

Наколькі гэта эфектыўна?

Лічыцца, што чым раней прымяняюцца манакланальныя антыцелы, тым лепей. Прэпарат ужываюць у першыя 10 дзён пасля з’яўлення сімптомаў або да моманту шпіталізацыі — інакш будзе занадта позна.

Калі ж прэпарат уводзяць своечасова, ён, як лічаць эксперты, можа выратаваць жыццё. Шмат даследаванняў паказваюць, што для людзей з груп рызыкі манакланальныя антыцелы зніжаюць верагоднасць шпіталізацыі і смерці ад кавіду. Ёсць інфармацыя, што яны скарачаюць працягласць выражэння сімптомаў кавіду на чатыры дні. Прыём манакланальных антыцел таксама можа знізіць верагоднасць таго, што хворы на кавід чалавек перадасць інфекцыю камусьці іншаму.

Гэтыя прэпараты рэдка маюць пабочныя эфекты. Тым не менш, як мінімум 1% з тых, хто прымаў рэгенерон падчас трэцяй фазы іспытаў, распавядалі пра пачырваненне скуры і сверб на месце ін’екцыі. Казалі таксама пра ліхаманку, дрыжыкі, млоснасць, галаўны боль, бранхаспазм, паніжаны крывяны ціск, раздражненне ў горле, сып і галавакружэнне.

У Беларусі манакланальныя антыцелы пакуль што не прымяняюць, бо гэта вельмі дорага. Аднак у верасні іх пачалі ўжываць у Расіі для лячэння цяжарных жанчын з групы рызыкі.

Цяжарнасць і кавід: вось што варта ведаць

Прафесар Карпаў: Людзям, якія хварэлі на кавід, не варта зацягваць з вакцынацыяй

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?