Грамадства

Настаўнікі пра тое, што гавораць дзецям у школе перад зімовымі канікуламі: Адчуванне нібыта гадуем патэнцыйных зэкаў

З 25 снежня па 9 студзеня беларускія школьнікі будуць адпачываць: канікулы. У апошнія навучальныя дні класныя кіраўнікі традыцыйна праводзяць інструктаж, у якім абавязаны расказаць дзецям пра тэхніку бяспекі на канікулах і пра тое, як паводзіць сябе дома і на вуліцы. Але сёлета «інструктажы» былі нетыповыя.

«Раней дзеці да такіх інструктажаў, ды і мы, ставіліся спакойна. Слухалі і, калі што якое, задавалі пытанні, — расказвае настаўніца з Мінска Святлана Мікалаеўна. — Звычайна гаворым пра тое, як правільна карыстацца электрапрыборамі, як пераходзіць дарогу, як паводзіць сябе, калі застаўся дома адзін, як абыходзіцца з хатнімі жывёламі, як зберагчы сябе ад зімовых траўмаў…

Карацей, стандартныя рэчы, якія прагаворваем дзецям з года ў год. Але калі я ўбачыла інструктаж, які павінна прапрацаваць з дзецьмі перад зімовымі канікуламі, мякка кажучы, ачмурэла».

Аказваецца, цяпер настаўнікаў абавязалі расказваць дзецям і пра народныя артыкулы, па якіх цяпер часцей за ўсё судзяць арыштаваных па палітычных матывах. Пра тое, што з імі будзе, калі яны прымуць удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Што будзе з іх бацькамі, якія іх нібыта могуць вадзіць з сабой на палітычныя мерапрыемствы.

«Ведаеце, мы вельмі доўга наладжвалі кантакт з бацькамі пасля выбараў-2020. Я, як педагог, абяцала не «грузіць» дзяцей палітыкай. Але па факце атрымліваецца, што мы ж сваіх дзяцей у школе павінны запалохваць, — кажа Святлана Мікалаеўна. — Інструкцыя такая, як быццам мы зэкаў выхоўваем. Больш за тое, зверху да нас даносяць, што мы абавязаны гэта ўсё вельмі жорстка дзецям прагаварыць. Бо ў выпадку чаго, адказваць будзе педагог.

Якое пакаленне мы выхаваем, запалохваючы дзяцей са школьнай лавы? Нас абавязваюць казаць дзецям нават тое, што калі яны ведаюць, што бацькі робяць нешта благое (гаворка пра бел-чырвона-белыя сцягі, падпіскі на тэлеграм-чаты), адразу паведамляць пра гэта настаўніку. Каб той ужо паведаміў куды трэба.

Як думаеце, што рабілася ў класе, калі я вельмі выбіральна пачала зачытваць дзецям гэты інструктаж? Яны ж у 8-м класе, выдатна ўсё разумеюць! Вядома, сталі абурацца, вінаваціць мяне ў тым, што я прамываю ім мазгі, настройваю супраць сваіх жа бацькоў.

Перад Новым годам я хачу павіншаваць сваіх дзяцей са святамі, пажадаць ім шчаслівых канікул. А ў выніку прыйшлося апраўдвацца гэтымі дурнымі фразамі «ну, вы ж усё разумееце» і ісці дадому ў слязах».

Мы пагаварылі з педагогамі і з іншых навучальных устаноў. І тыя нам пацвердзілі: падобны інструктаж педагогаў цяпер сапраўды абавязваюць праводзіць паўсюдна.

Дзецям падрабязна распавядаюць і пра крымінальныя артыкулы 293 «Масавыя беспарадкі» і 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». А таксама пра артыкулы КаАП 19.4 «Уцягванне непаўналетняга ў антыграмадскія паводзіны» і пра 24.24 «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».

«У той жа час на занятках у апошнія перад канікуламі тыдні ў лепшым выпадку прысутнічала палова класа, — уздыхае настаўніца. — Усе хварэюць. Хто на каранавірус, хто на грып. Цяпер ужо наогул не разбярэшся, бо адмянілі амаль усе супрацьэпідэмічныя меры.

На канікулах традыцыйна, мабыць, вырашылі дабіць усіх астатніх дзяцей і іх бацькоў. Бо у планах у нас зноўку лагеры, паходы ў музеі і ў кіно. Лепей бы паклапаціліся пра здароўе дзяцей і іх бацькоў, чым пра тое, каго і за што хутчэй пасадзіць у турму. Няма больш маіх сіл».

Бацькі: «Было адчуванне, што я на прафілактычнай гутарцы ў міліцыі»

Бацькі таксама незадаволеныя. Кажуць, што пра артыкулы настаўнікі расказваюць нават на бацькоўскіх сходах.

«Перад канікуламі ў нас прайшоў бацькоўскі сход. Было адчуванне, што я на прафілактычнай гутарцы ў міліцыі. Чамусьці педагог мне, дарослай, прабачце, цётцы, расказвае, што са мной будзе, калі ў мяне дома бел-чырвона-белы сцяг знойдуць, і ўсё ў гэтым стылі. Школа ператварылася ў папраўчую калонію, і аддаваць туды дзяцей усё страшней», — гаворыць Надзея з Оршы.

У рукі да нас трапіў пратакол бацькоўскага сходу з гімназіі №5 у Гродне. Пабачыць яго можна ўжо не ў адным тэлеграм-чаце.

Разам са стандартным інструктажам у ім мы знайшлі тыя самыя народныя артыкулы, якімі ў школах цяпер запалохваюць дзяцей і бацькоў.

Мы пашукалі і праграмы школьных лагераў на канікулах. У адкрытым доступе знайшлі, да прыкладу, «План выхаваўчай работы ў перыяд зімовых канікул» мінскай школы №219.

Гледзячы на яго, становіцца відавочным, што так званаму «патрыятычнаму выхаванню» ў школах цяпер сапраўды сталі надаваць значна больш увагі.

І калі гульні і майстар-класы па навагодніх вырабах нікога не напружваюць, то запланаваныя гутаркі на тэму «Сучасныя выклікі бяспекі Рэспублікі Беларусь» і «Няведанне закона не вызваляе ад адказнасці» ў сучасных рэаліях многіх бацькоў і педагогаў таксама насцярожваюць.

Каментары

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Усе навіны →
Усе навіны

Пасля нападу на калону ў Малі загінулі як мінімум шэсць вагнераўцаў1

Як помнікі русіфікуюць Беларусь? Падлікі пра тое, колькі помнікаў прысвечаныя савецкай гісторыі, а колькі — нацыянальнай1

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»35

«У Жодзіне подпісы выпрошваюць нават у царкве». Беларусы расказалі, ці падпісваюцца яны за Лукашэнку2

«Стаіць больш за тры гадзіны без святла і ацяплення». Цягнік Мінск — Гомель спыніўся пасярод свайго шляху

Пуцін заявіў пра пачатак серыйнай вытворчасці «Арэшнікаў»5

ЗША рассакрэцілі даклад аб палітычных забойствах і замахах, якія адбываліся на загад Пуціна2

Іспанія моцна аштрафавала бюджэтныя авіякампаніі за патрабаванні даплачваць за ручную паклажу і выбар месца2

Стась Карпаў пра Каржа: Слухайце: ну, смела!14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Галоўнае
Усе навіны →