Фота: скрыншот відэа

Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі ўпершыню далі інтэрв'ю тэлеканалу «Настоящее время». На відэа яны паказалі ўмовы, у якіх жывуць, і расказалі пра сваю сітуацыю.

«У верасні 2020 года, калі мы апынуліся на тэрыторыі амбасады, канечне, мы не думалі, што гэта зацягнецца так надоўга, — кажа Уладзіслаў Кузнечык. — Я ўбачыў бацьку (думаў, ён разам са мной — аказваецца, не). Гэта ён там знаходзіцца. Я гэта ўсё ўбачыў (як распылялі слезацечавы газ — заўв. «НН») і рэальна як і ўсякі чалавек пайшоў ратаваць свайго бацьку. Я выцягнуў яго з гэтых «абцугоў».

На тэрыторыю амбасады, так, мы патрапілі незаконна, пераскочылі праз плот. Да гэтага мы званілі ў дамафон амбасады, мы патлумачылі сваю сітуацыю, сказалі, што баімся за сябе, невядома, што можа быць. Нас паслухалі і адказалі: «Мы вам нічым не можам дапамагчы». Ну, і ўсё. У нас не было іншага выйсця, як пераскочыць праз плот».

«Мы баяліся пераследу, бо мы ўжо тады знаходзілся ў вышуку. У нас не было іншага выйсця, — кажа Віталь Кузнечык. — Амбасаду Швецыі нам параілі сябры. Ды і я сам чытаў у інтэрнэце, што Швецыя — адна із самых гуманных краін Еўропы, што нам у любым выпадку дапамогуць. Як бы там ні было.

«На днях сказалі: чакайце адказу ў красавіку»

«Мы не думалі, што настолькі ўсё гэта зацягнецца, — дадае Уладзіслаў. — І па сутнасці на дадзены момант Швецыя нічога не робіць для таго, каб нам дапамагчы».

«У самой амбасадзе да нас ставяцца добра, тут прэтэнзій ніякіх няма, канечне, — адзначае Віталь. — Усё, што трэба… Нас забяспечваюць».

«Так, работнікі амбасады да нас добра ставяцца, яны ўсё разумеюць, яны бачаць, што адбываецца ў краіне, — пагаджаецца Уладзіслаў. — Але што робяць улады Швецыі, незразумела».

Юрыст Вадзім Драздоў дапамог Кузнечыкам скласці скаргу ў Камітэт ААН супраць катаванняў.

«З самага пачатку працэдуры ў Камітэце супраць катаванняў улады Швецыі спрабавалі спыніць разгляд і прызнаць скаргу непрымальнай з-за таго, што Кузнечыкі знаходзяцца не пад юрысдыкцыяй Швецыі, — гаворыць Драздоў. — 1 снежня 2021 года Камітэт супраць катаванняў вырашыў, што скарга заяўнікоў з’яўляецца прымальнай і што Кузнечыкі знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Швецыі. І скаргу патрэбна разгледзець.

Камітэт папрасіў таксама ўлады Швецыі на працягу 4 месяцаў прадставіць пісьмовыя заўвагі па сутнасці скаргі і выказаць сваю пазіцыю пра рызыку катаванняў у Беларусі».

«Нам далі на днях адказ наконт рашэння Камітэта аб прымальнасці скаргі: чакайце адказу ў красавіку, — кажа Уладзіслаў. — То-бок, на наступнай сесіі. Яны не збіраюцца вырашаць пытанне хутка.

Калі мы пакінем тэрыторыю амбасады, з намі можа адбыцца ўсё што заўгодна. Як мінімум, нас пасадзяць за краты, таму што на нас ужо некалькі крымінальных спраў, як нам вядома.

А ў турме можа быць усё што заўгодна: людзей там і забіваюць, і катуюць, і невядома што. Ніхто не ведае, як будзе насамрэч».

МЗС Швецыі адказала на запыт «Настоящего времени»: «Мы ўвесь час працуем над гэтым пытаннем і вядзем дыялог з гэтымі двумя людзьмі. Мы не можам удавацца ў падрабязнасці нашай працы».

«Я адчуваю, што вагу згубіў, у мяне частыя галаўныя болі»

Між тым, у Кузнечыкаў сур’ёзныя праблемы са здароўем. Ва Уладзіслава анкалогія.

«Наконт медыцынскай дапамогі і медыцынскага абследавання — па сутнасці нам даць гэтую дапамогу не змаглі, — кажа Уладзіслаў. — Дактароў тут няма і абсталявання сюды паставіць не могуць».

«З такім захворваннем, як ва Улада немагчыма правесці абследаванне на тэрыторыі амбасады, — дадае Віталь. — Бо там патрэбна складанае абсталяванне: камп'ютарная тамаграфія і яшчэ шмат чаго».

«Самае галоўнае — я больш за ўсё перажываю за анкалогію, якая ў мяне была. Я адчуваю, што вагу згубіў, у мяне частыя галаўныя болі, — гаворыць Уладзіслаў. — Шмат ёсць розных сімптомаў. І ўсе ведаюць пра гэта.

Работнікі амбасады ведаюць — адпаведна, і ўлады Швецыі пра гэта ведаюць. Але нічым, як яны кажуць, дапамагчы не могуць. Так, могуць нейкія лекі купіць. Але якія, калі мы не ведаем? Што і як увогуле невядома».

«У мяне пагаршаецца зрок. Адзінае, чым мне маглі дапамагчы ў амбасадзе, — купілі акуляры, каб я мог чытаць. Ну, і яшчэ сэрца непакоіць. У мяне часта баліць сэрца, — кажа Віталь. — Мы цяпер знаходзімся ў бяспецы. Але назваць гэта свабодай нельга ніяк. Таму што мы не можам выйсці ў горад прагуляцца. Сустрэцца са сваімі роднымі. Я б гэта апісаў як турэмнае зняволенне, але з больш мяккімі ўмовамі».

«Самае складанае для мяне тут — гэта тое, што я не магу бачыць сваіх дзяцей, як яны растуць, — бярэ слова Уладзіслаў. — Не магу з імі побач знаходзіцца».

«Мы не можам бачыць сваіх бацькоў, сяброў, з якімі мы кожны дзень камунікавалі. Гэта маральна цяжка. Хочацца падзякаваць і перадаць прывітанне палітвязням, усім, хто знаходзіцца ў зняволенні па палітычных матывах. Людзі не здаюцца, нават седзячы ў турмах. Гэта стойкія і сапраўдныя патрыёты Беларусі. Мы разумеем, што ім нашмат горш, чым нам. І калі параўноўваць нашу сітуацыію з імі, то ў нас сітуацыя нашмат лепшая. У нас усё ёсць».

«Гэта будучыня нашай Беларусі. Яны будуць на чале нашага ўраду і будуць развіваць краіну надалей. Таксама павага і незалежным СМІ, якія паказвалі і паказваюць рэальнае становішча ў краіне, пакуль была магчымасць. Жыве Беларусь!» — сказалі на развітанне Кузнечыкі.

Чытайце таксама: «Каб мы ведалі, што гэта зацягнецца надоўга». Ужо год, як бацька і сын Кузнечыкі жывуць у шведскай амбасадзе ў Мінску

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?