Штудыі ў гонар 70‑годдзя Георгія Я. Галенчанкі

Кнігу склалі навуковыя працы вучняў і калег праф. Галенчанкі (нар. у 1937 г.) — вядомага беларускага медыевіста і кнігазнаўцы. Аўтары публікацый — беларускія, літоўскія, польскія, расійскія, украінскія гісторыкі і філолагі. Тэматыка артыкулаў зборніка прысвечана гісторыі і гісторыі культуры Беларусі, Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай у ІХ—ХІХ стст.

Кніга выйшла ў свет дзякуючы намаганням рэдакцыі мінскага альманаха ATHENAEUM і віленскага выдавецтва AIDAI. Укладальнікі выдання — Алег Дзярновіч (Мінск) і Альбіна Семянчук (Гродна).

«Silva rerum» даслоўна перакладаецца з лаціны як «лес рэчаў». Менавіта так называўся тып літаратуры, пашыраны ў эпоху Барока, найперш у шляхецкіх колах. Гэты жанр выводзіцца, між іншым, ад зборніка «Silvae» рымскага аўтара Публія Папінія Стацыя (І ст. н. э.) — «геніяльнага паэта няздарнай эпохі». Кніга Стацыя ахоплівала неаднародныя і разнастайныя тэксты, запісаныя «па гарачых слядах». Назва ж «лес» давалася падобным творам у супрацьлегласць добра апрацаваным і прыбраным садам паэзіі.

«Сільвы» шляхецкіх сядзібаў даўняй Рэчы Паспалітай таксама мелі падвойную прыроду — яны былі паэтычна‑філазафічнымі «лясамі», альбо зборнікамі, у якіх побач з празаічнымі нататкамі з паўсядзённага жыцця аўтараў рукапісаў пераважалі тэксты літаратурнага або рэфлексійнага характару. Так і працоўны кабінет Георгія Галенчанкі ўяўляе сабой такі лес рэчаў, у якім прыхаваныя часам яшчэ напаўпрамоўленыя адказы.

Пачуццё класічнай традыцыі, адчуванне далучанасці да яе, разуменне таго, што адзіная ніць духоўнай пераемнасці знітоўвае паміж сабой эпохі і асобы, усё гэта — прыкметы рэдкай чалавечай здольнасці, дзякуючы якой гісторыя духоўнага жыцця застаецца жывой і яе выбітныя помнікі працягваюць захоўваць усю тую панаднасць, якой валодаюць для нас таленавітыя сучаснікі. Гэтае пачуццё дапамагае нам пазбегнуць адзіноты ў эпохі, абдзеленыя або небагатыя на геніяў; гэтае разуменне дазваляе ў нашых духоўных шуканнях не пачынаць усялякі раз на пустым месцы і дае магчымасць прылучыць нашы сапраўдныя адкрыцці да тых каштоўных зерняў духоўнага досведу чалавека, якія ўжо знесеныя ў жытніцу чалавечай культуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?