У студзені—кастрычніку 2009 года сальда вонкавага гандлю таварамі і паслугамі па метадалогіі плацежнага балансу склалася адмоўнае ў суме 4 млрд. 308,6 млн. даляраў, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Згодна з прагнозам сацыяльна‑эканамічнага развіцця, па выніках 2009 года адмоўнае знешнегандлёвае сальда не павінна перавысіць 1,5 млрд. даляраў.

Паводле метадалогіі гандлёвага балансу, якая ўлічвае даныя Дзяржаўнага мытнага камітэта, у студзені—кастрычніку 2009 года адмоўнае сальда вонкавага гандлю таварамі сфармавалася ў памеры 5 млрд. 731,5 млн. даляраў (у студзені—кастрычніку 2008 года — мінус 4 млрд. 956,7 млн.).

Асноўнай крыніцай фармавання адмоўнага сальда вонкавага гандлю таварамі Белстат называе экспартна‑імпартныя аперацыі з прамежкавымі таварамі

(энерганосьбіты, сыравіна, матэрыялы і камплектуючыя). За студзень—кастрычнік 2009 года ў краіну ўвезена прамежкавых тавараў на 16,6 млрд. даляраў (на 35% менш, чым за такі ж перыяд 2008 года). Экспарт прамежкавых тавараў склаў 11,9 млрд. даляраў, што на 44% менш за ўзровень аналагічнага мінулагодняга перыяду.

Больш за 50% вартаснага аб’ёму экспарту і імпарту прамежкавых тавараў складаюць энергетычныя тавары. На знешні рынак іх пастаўлена на 6 млрд. 104,9 млн. даляраў, што на 42,3% менш, чым у студзені—кастрычніку 2008 года. Імпарт энергетычных тавараў склаў 8 млрд. 954,4 млн. даляраў, скараціўшыся на 26,8%. Сальда вонкавага гандлю энерганосьбітамі склалася адмоўнае ў памеры 2 млрд. 840,5 млн. даляраў, што на 889,5 млн. больш за паказчык у студзені—кастрычніку 2008 года.

Велічыня адмоўнага сальда гандлю спажывецкімі таварамі ў студзені—кастрычніку 2009 года паменшылася на 655,1 млн. даляраў у параўнанні з такім жа мінулагоднім перыядам і склала мінус 213,6 млн. даляраў.

Фармаванне адмоўнага сальда вонкавага гандлю спажывецкімі таварамі абумоўлена вынікам экспартна‑імпартных аперацый па нехарчовай групе тавараў.

Велічыня адмоўнага сальда па гэтай групе склала 731,6 млн. даляраў, у студзені—кастрычніку 2008 года — 1 млрд. 63,7 млн. даляраў. Значна скарочаны пастаўкі на знешні рынак мэблі (на 152,2 млн. даляраў), халадзільнікаў і маразільнікаў (на 107,2 млн. даляраў), пліткі керамічнай (на 41,8 млн. даляраў).

Знешні гандаль харчовымі таварамі ў студзені—кастрычніку 2009 года характарызаваўся дадатным значэннем сальда, велічыня якога склала 518 млн. даляраў. У параўнанні з адпаведным мінулагоднім перыядам яна павялічылася на 323 млн. даляраў, ці ў 2,7 разу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?