У сераду 27 верасьня італьянскія карабінэры знайшлі беларускую дзяўчынку Віку Мароз. Яна разам са сваімі «бабулямі» Марыяй-Эленай Даньіна і Марыяй Бордзі хавалася ў 320 кілямэтрах ад Генуі ў старажытным замку вобласьці Валь д’Аоста, які цяпер належыць манахам ордэну бэрнардынцаў. Каб лішні раз не траўмаваць псыхіку дзіцяці карабінэры разам з бабулямі і манахамі разыгралі тэатральную сцэнку, каб пасадзіць Віку ў паліцэйскую машыну.

Вечарам у суботу Віка Мароз ужо вярнулася на Радзіму. Некаторыя італьянскія палітыкі былі абураныя такімі адносінамі да дзяўчынкі, бо палічылі што зь ёй абышліся, як з мафіёзі, выслаўшы яе з краіны не правёўшы паўнавартаснага расьсьледваньня.

Дзе Віка знаходзіцца па вяртаньні ў Беларусь няма яснасьці. Па некаторай інфармацыі, яна можа быць у адной з адмысловых сацыяльна-пэдагагічных установаў Меншчыны, магчыма, у Барысаве. Ёй аказваюць мэдычную і псыхалягічную дапамогу, каб вярнуць дзяўчынку да нармальнага жыцьця.

Меркавалася, што зь Італіі ў Беларусь разам зь Вікай Мароз прыедуць ейныя «бацькі» Аляксандра Джуста і Марыя Барначын, але беларускі бок не дазволіў італьянскай сям’е суправаджаць дзяўчынку. Тым самым беларускія ўлады парушылі дамоўленасьць, якая існавала між бакамі.

Разам з тым міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў заявіў, што Віка Мароз цалкам верагдна пасьля курсу лекаваньня можа вярнуцца назад у вялейскі дом-інтэрнат,але ж яшчэ раней рашэньнем ворганаў апекі было вырашына, што Віка накіруецца або ў бабруйскі рэабілітацыйны цэнтар, або ў дзіцячы дом сямейнага тыпу.

Міністар Радзькоў сярод іншага выказаў думку, што сям’я Барначын-Джуста можа прэтэндаваць на ўсынаўленьне дзіцяці, нягледзячы ні на што яны маюць роўныя правы з усімі астатнімі прэтэндэнтамі. Раней з зусім іншай заявай выступаў беларускі амбасадар у Італіі Аляксандар Скрыпко, які пераконваў, што пакідаць дзіцяця ў пары Барначын-Джуста было б нелягічна. З паслом можна пагадзіцца, які тады быў сэнс гэтак актыўна вышукваць Віку і дасылаць назад у Беларусь, каб пасьля ізноў пакінуць яе ў італьянцаў.

Беларускія СМІ паведамляюць, што апеку над дзяўчынкай гатовая ўзяць сям’я, у якой цяпер жыве ейны родны брат Саша.

У нядзелю на тэлеканалі БТ у выніковай тыднёвай праграме «Панарама» зьявіўся рэпартаж, які па анонсах мусіў распавесьці ўсе акалічнасьці «справы выкраданьня, затачэньня і вызваленьня» 10-гадовай беларускі. Праўда замест гэтага гледачы атрымалі рэпартаж у якім разоў падвяргалася сумневу псыхічны стан італьянскай сям’і.

Напачатку рэпартажу тэлевізішчыкі паказалі нейкага мужчыну, які абвінаваціў Аляксандра Джусту, што той у свой час спакусіў ягоную жонку. Пры гэтым не называлася ні прозьвішча таго мужчыны, ні месца працы. Ён яшчэ адзначыў, што італьянская сям’я цяпер знаходзіцца на мяжы растаньня і ў іх вельмі хісткія адносіны.

Гэтая думка супярэчыць меркаваньню маці сям’і ў якое жыве Саша Мароз, брат Вікі, яна казала, што адносіны паміж Аляксандрам і Марыяй вельмі добрыя і муж з жонкай сапраўды кахаюць адзін аднога.

Сам Саша Мароз на пытаньне карэспандэнта, чаму Віку хавалі ў Італіі адказаў, што, напэўна, сястра сказала, што зь ёй кепска абыходзіліся ў дзіцячым доме. БТэшнікі не пралілі сьвятла ў тым, дзе цяпер знаходзіцца дзяўчынка і пра акалічнасьці яе вяртаньня. Гледзячы той рэпартаж становіцца вельмі сумнеўна, што дзяўчынку могуць вярнуць назад на Апэніны.

Італьянцы Джуста-Барначын падрыхтавалі зварот у Страсбурскі суд правоў чалавека супраць італьянскай дзяржавы. Тым часам жыхары гораду Генуя сабралі блізу 3 тысячаў подпісаў у абарону дзяўчынкі.

Беларускі МЗС абяцае бліжэйшым часам аднавіць выезд беларускіх дзетак на аздараўленьня на Апэніны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?