Паводле сьведчаньняў беларускіх праваабаронцаў, каля 20% зьняволеных, якія знаходзяцца ў турмах Беларусі – былыя кіраўнікі дзяжаўных прадпрыемстваў і прыватнага бізнэсу. Вялікая верагоднасьць апынуцца за кратамі нават за нязначнае правапарушэньне не на жарт пужае беларусаў.

Сацыёлягі кампаній, якія ўваходзяць у групу «Эўразійскі маніторынг», зьвярнуліся з аднолькавым пытаньнем да грамадзянаў Беларусі, Расеі і Казахстану, каб высьветліць, хто і чаго больш за ўсё баіцца ў жыцьці. Урэшце выявіўся самы вялікі беларускі страх – турма. Пра гэта заявілі 23% апытаных беларусаў. У расейцаў гэты паказьнік – 13%, а ў казахаў – 7%. Чым так страшныя беларускія турмы? Чаму ў самай «стабільнай», па сьцьвярджэньні беларускага кіраўніцтва, краіне баяцца апынуцца ў зьняволеньні?

Былы палітвязень Валер Леванеўскі, які правёў за кратамі два гады, піша кнігу пра беларускія турмы. «Толькі калі зрабіць агульнавядомымі парушэньні законаў у беларускіх турмах, можна вырашыць шматлікія іх праблемы», — лічыць аўтар. «Першае, з чым сутыкаецца чалавек, які трапляе ў любы сьледчы ізалятар, – гэта брудная перапоўненая камэра, — піша Леванеўскі. – На аднаго чалавека прыпадае меней за адзін квадратны мэтар казённай плошчы. Ложкі стаяць у 3 ярусы, але й іх не стае, усе вымушаныя спаць па чарзе. Калі ўлічыць, што прыбіральня знаходзіцца ў гэтай самай камэры, якая не праветрываецца, і чалавек 20 увесь час паляць, ня дзіва, што сухоты – самая распаўсюджаная хвароба ў беларускіх турмах», - сьцьвярджае Леванеўскі.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, з 42 тысяч беларускіх зьняволеных больш за 8 тысяч – ня самыя апошнія ў краіне людзі. Гэта кіраўнікі дзяржаўных і прыватных кампаній. Праваабаронца Людміла Гразнова лічыць, што «дзяржава ўціскае тых, хто імкнецца да эканамічнай незалежнасьці».

Не малімоніцца ўлада і з сваімі апанэнтамі. У гэтыя дні адразу два апазыцыянэры абвясьцілі бестэрміновую галадоўку ў калёніі «Віцьба-3» пад Віцебскам: экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Казулін і былы кіраўнік парлямэнцкай групы «Рэспубліка» Сяргей Скрабец. Яшчэ да свайго арышту Аляксандар Казулін заяўляў, што ўлада праз ствараную сыстэму запужваньня імкнецца адабраць у народу цягу да вальнадумства: «Ці не анэкдатычна гэта? Улады нам “удзёўбваюць” казку пра тое, як цудоўна і шчасьліва жывецца ў нашай краіне. З гэтымі песьнямі мы засынаем і прачынаемся. Разам з тым, у нас намагаюцца вынішчыць пачуцьце ўласнай годнасьці, ператварыць нас у паслухмяны статак».

«“Беларуская зона” – гэта тэрыторыя, дзе перастаюць дзейнічаць законы, – піша ў сваёй будучай кнізе Валер Леванеўскі. – Той, хто спрабуе скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня, падпадае пад рэпрэсіі з боку адміністрацыі выпраўленчай установы. Прававая дапамога для зьняволеных цалкам адсутная».

Абаронца намётавага мястэчка, разьбітага на Кастрычніцкай плошчы сёлета ў сакавіку, Крысьціна Шацікава праз СМІ зьвярнулася да пасольстваў замежных краін у Беларусі, грамадзяне якіх знаходзяцца ў беларускіх турмах. Толькі ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў Віцебску, куды Шацікава трапіла за ўдзел у несанкцыяванай акцыі, у камэры чакалі дэпартацыі грамадзяне Літвы, Азэрбайджану, Расеі, Малдовы, Армэніі, Індыі, Сырыі, Украіны. «Людзі ў чаканьні дэпартацыі жывуць у нечалавечых умовах, знаходзяцца там гадамі», – сьцьвярджаве Шацікава і кажа, што пра існаваньне гэтых людзей падчас ніхто і не падазрае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?