Аб'яднаныя дэмакраты вылучаюць лёзунг "Мы вернемся на плошчу Каліноўскага 19 сакавіка 2007 году а 20-й гадзіне". Яго будуць прапагандаваць, карыстаючыся ўдзелам у мясцовых выбарах.

Слоган грувасткі, такое не праскандуеш. Але тэкст можна шліфануць, гэта не пытаньне. А пытаньне — ці атрымаецца Плошча-2?

Жаданьне апазыцыйных лідэраў неяк заявіць пра сябе, паказаць, што кааліцыя яшчэ дыхае, — гэты матыў цалкам зразумелы. Аднак якая матывацыя будзе ў шараговых грамадзянаў дэмакратычных поглядаў? Ці пашэнціць запаліць гэту публіку, не ангажаваную ў партыйныя справы, абстрактна прыгожай ідэяй Плошчы-2?

Палітоляг Юры Чавусаў прызнаўся мне, што проста шкадуе тых, хто пойдзе на мясцовыя выбары пад сьвінцовым цяжарам дырэктываў апазыцыйных штабоў. Бо ставяцца задачы, якія цяжка спалучыць. Пытаньні мясцовай улады — гэта найперш "бытоўка", "сацыялка". І разам з тым прапануецца, умоўна кажучы, рэвалюцыйны сцэнар. Як гэта будзе выглядаць у адным фляконе?

Каб вывесьці людзей, трэба мець грунтоўны плян мэтанакіраванай працы. Ці ёсьць ён? І на што разьлік? На тое, што да вясны рэзка пагоршыцца сацыяльна-эканамічная сытуацыя? Але ня факт, што будзе менавіта так, што падаражэньне энэрганосьбітаў настолькі хутка падпсуе малюнак стабільнасьці ды паступовага росту дабрабыту.

Зрэшты, мой іншы суразмоўца — аналітык Валер Карбалевіч глядзіць на задуму Плошчы-2 з гледзішча будзённай палітычнай прагматыкі. Ён ставіць пытаньне так: а якія даты, якія каляндарныя падставы можна лічыць зараз найболей прыдатнымі дзеля масавых акцый?

Сапраўды, на Дзень волі ўжо нават БНФ абмяжоўваецца нейкімі камэрнымі мерапрыемствамі. "Чарнобыльскі шлях", кладучы руку на сэрца, таксама заўважна страціў сваю энэргетыку.

Між тым палітычная апазыцыя, каб не застыць у летаргіі, мусіць ладзіць нейкія значныя акцыі з пэўнай пэрыядычнасьцю, а ня толькі пад "рэвалюцыйную сытуацыю", хіба ня так?

Аднак раней згаданы Юры Чавусаў мяркуе, што "людзі зараз найхутчэй проста ня выйдуць". Бо гэта ж рызыка трапіць на суткі, страціць вучобу ці працу...

Сапраўды, год таму быў момант палітычнага ўзрушэньня. У дзень галасаваньня на выбарах, хай сабе яны наскрозь недэмакратычныя, дзейная ўлада на нейкі час падвісае ў паветры. Узьнікае пэўны дэфіцыт легітымнасьці... Тады Плошча можа нешта вырашыць.

Нарэшце, увесну 2006-га многія ішлі, кажучы тэатральнай мовай, на Мілінкевіча. Цяпер і рэйтынг ня той, і з сябрамі кааліцыі стасункі, здаецца, далёка не бязвоблачныя... ("БелПартызан" сцьвярджае пра сур'ёзны канфлікт экс-адзінага з Партыяй БНФ, чыёй крэатурай Мілінкевіча і лічаць).

Дык на каго пойдзе публіка 19 сакавіка 2007 году?

Можа, ініцыятыву перахопіць Анатоль Лябедзька? Ва ўсякім разе, на сёньня менавіта ён выглядае маторам ідэі зладзіць Плошчу-2.

Канешне, цяжка загадваць, але надта імаверна, што 19 сакавіка 2007 году зусім ня будзе патыхаць рэвалюцыйнай сытуацыяй. То бок мерапрыемства набывае рытуальную афарбоўку. І можна зрабіць дапушчэньне, што многія з тых, хто, рызыкуючы, насуперак запалохваньням, ішоў на плошчу мінулай вясной, каб кінуць выклік рэжыму, — зараз не захочуць падгульваць апазыцыйным лідэрам. Бо за спробамі зноў сабраць масу на рызыкоўнай тэрыторыі непадалёк ад афіцыйнай рэзыдэнцыі, пэўна, шмат хто ўбачыць найперш іхняе жаданьне своеасаблівай легітымацыі: вось, глядзеце, яшчэ ёсьць порах, можам весьці за сабой прыхільнікаў пераменаў!

Нарэшце, чыста тэхнічны момант. Паміж датай галасаваньня на мясцовых выбарах (14 студзеня) і гадавінай Плошчы — вялікі прамежак часу, цэлы мёртвы сэзон. Публіка сто разоў забудзецца на заклікі агітатараў, а ўвесь час штучна разаграваць яе — тут і рэсурсы, і крэатыў, і нагоды патрэбныя. Ці шмат гэтага ў ініцыятараў?

Так што цяжка сказаць, наколькі ўдалым стане рымэйк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?