Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв`ю амерыканскаму выданню The Wahsington Post назваў экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і яго жонку Ірыну Халіп, журналістку расійскай газеты «Новое время», галоўнымі адказнымі за беспарадкі ў Мінску 19 снежня 2010 года. Інтэрв`ю, якое Лукашэнка даў газеце 28 лютага, апублікавана 4 сакавіка.

Адказваючы на сцвярджэнне інтэрв`юёра, старшага рэдактара газеты Элізабет Грэхем Веймаўт, пра тое, што падчас выбарчай кампаніі грашовыя сродкі і час выступленняў альтэрнатыўных Лукашэнку кандыдатаў былі абмежаваныя, кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў, што справа не ў часавых абмежаваннях: «Пытанне ў тым, з чым яны прыйшлі на выбары, што яны сказалі беларускаму народу. Нічога, апрача таго, што Лукашэнку трэба расстраляць, павесіць, убраць і гэтак далей. Гэтага беларускі народ не прымае. Напэўна, і амерыканцы б гэта сустрэлі ў штыкі».

Лукашэнка сказаў, што калі б службы бяспекі ЗША даведаліся пра спробу масавых беспарадкаў, былі б арыштаваныя сотні тысяч людзей.

«Не думаю», — сказала журналістка. «Вы так не думаеце, але я гэта ведаю», — запярэчыў Лукашэнка.

Веймаут зазначыла, што аднаго з удзельнікаў снежаньскай дэманстрацыі прыгаварылі да чатырох гадоў зняволення і «паведамляецца, што тэрміны для іншых могуць дасягнуць 15 гадоў». На гэта Лукашэнка адказаў, што такое магчыма, паколькі такі закон.

Афіцыйны лідар паведаміў, што мае права памілаваць арыштаваных апазіцыянераў, але пра тое, ці скарыстаецца гэтым правам, ён скажа, калі надыдзе час. Пры гэтым, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што толькі суд можа прыняць рашэнне ў дачыненні да арыштантаў.

У адказ на пытанне, ці памілуе Лукашэнка Саннікава і яго жонку Халіп, у якіх ёсць трохгадовы сын, беларускі афіцыйны кіраўнік заявіў, што чалавек, у якога ёсць дзеці, павінен думаць пра іх і пра наступствы, перш чым рабіць якія-небудзь учынкі. Ён заявіў, што Саннікаў і Халіп былі арыштаваныя як «асноўныя людзі», адказныя за беспарадкі, і што Халіп была пераведзена пад дамашні арышт толькі таму, што ў яе малое дзіця.

Паведамленні пра тое, што да кандыдатаў у прэзідэнты, якія знаходзяцца ў турме, не дапускаліся адвакаты, Лукашэнка назваў адкрытым падманам. Ён папрасіў Веймаўт не хвалявацца пра зняволеных, таму што іх лёс, паводле яго слоў, у іх уласных руках. Лукашэнка таксама папрасіў яе перадаць амерыканцам, што ён не крыважэрны.

«Сітуацыя выглядае жудаснай», — сказала журналістка.

«Яна не такая жудасная, як вам можа падацца», — запярэчыў Лукашэнка.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы сказаў, што «абсалютна дакладна» арыштаваныя не застануцца ў СІЗА КДБ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?