Беларусь будзе прапаноўваць новую цану на транзыт расейскага газу. Кошт паставак газу і транзыту ўзаемазьвязаныя. Пра гэта паведаміў журналістам першы віцэ‑прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка, камэнтуючы перамовы з «Газпромам».

Ён зазначыў, што калі цана на газ для Беларусі падымецца на 60% ад сёньняшняй(з $46,68 да $75), то стаўка на транзыт павялічыцца да мінімум $1,3.

Паводле Сямашкі, Беларусь прадаставіла «Газпрому» беспрэцэдэнтныя ўмовы для транспартаваньня газу па тэрыторыі нашай краіны. Стаўка 75 цэнтаў за транзыт па 100 км трубаправоду — самая нізкая, меней нават, чым у Расеі. Ва Ўкраіне яна складае $1,6, у Польшчы ‑ $2,5, у другіх краінах ‑ $3,5 за перапампоўваньне1 тыс. куб.м. на 100 км. На тым, што адлегласьць па Беларусі ад усходняй мяжы да заходняй складае толькі 500 км і шлях гэты карацей для Расеі ў Эўропу на нашай тэрыторыі, чым па ўкраінскай, «Газпром» атрымлівае добры прыбытак. Тут расейская кампанія мае чыстага прыбытку $882 млн., сказаў Уладзімер Сямашка.

«А мы сёньня спрачаемся за $2,5 млрд. (50% кошту пакету акцый ААТ «Белтрансгаз»). Гэта сума за 2,5 году акупаецца», адзначыў першы віцэ‑прэм’ер. Пры тым, што сёньня газатранспартная сыстэма недагружана. Але ў плянах «Газпрому» вывесьці яе на поўную загрузку ‑ перапампоўваць у год па тэрыторыі Беларусі 61 млрд.куб.м. Гэта дасьць магчымасьць атрымліваць $1,2 млрд. у год чыстага прыбытку для «Газпрому». «Хоць расейская кампанія спрабуе пераканаць усіх у тым, што гэта труба ёй не надта і патрэбная», ‑ рэзюмаваў У. Сямашка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?