Калі па тэлевізары паказвалі, як у заапарку тыгрыца выкормлівае нованароджаных парасятаў, я глядзела і дзівілася. Выпадак, вядома, унікальны. Таму даведаўшыся, што ў нашым раёне ў адной з сем'яў, што любяць жывёл, адбылася не менш цікавая сітуацыя, вырашыла наведацца ў госці, прыхапіўшы з сабой фотаапарат.

Распаўсюджаны выраз «жывуць як кошка з сабакам» азначае, што хтосьці стала сварыцца і не можа ўжыцца. Але тыя, у каго ў доме жывуць і котка, і сабака ведаюць, што часцяком гэтыя жывёлы, асабліва калі іх абодвух ўзяць маленькімі, нярэдка выдатна ладзяць паміж сабой. Аднак выпадак, які адбыўся ў вёсцы Баранцы (Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці), выходзіць за рамкі простай звярынай дружбы: котка «усынавіла» шчанюка, пасля таго як яго маці памерла пры родах.

У першыя дні свайго жыцця нямоглы шчанюк цяжка перажываў расстанне са сваёй маці. Ён увесь час прыціскаўся да сценкі ў пакоі, забіваўся ў кут і скуголіў. Гаспадыня выбілася з сіл і не ведала, што рабіць з малюсенькім сабачанём, калі раптам у адзін з дзён да шчанюка падышла котка, якая нядаўна акацілася. Яна доўга прыглядалася да стварэння, што хныкала, потым прынялася яго абнюхваць.

-- Гэта быў вельмі кранальны момант. Яны вывучалі адзін аднаго, тыкаючыся насамі, пасля чаго маляня павольна пачало прабірацца да коткі. Працягнуўся да коткі, яна не супраціўлялася, дакрануўся да яе і раптам упершыню за ўвесь час пранізлівы крык сціх. Да ўсіхнага здзіўлення ён супакоіўся — распавяла жанчына.

Калі гаспадыня зразумела, што яе котка не прычыніць ніякай шкоды шчанюку, паспрабавала падсадзіць і пакарміць маляня. Ён адразу ж уткнуўся ў цёплы жывот сваёй новай маці. Новаспечаная мама пакорліва прыняла ношу і пацягнула шчанюка ў зацішны куток. — Мы думалі, што на гэтым усё скончыцца, але не тут-та было. Яна пачала вылізваць, карміць яго, гуляць з ім. Ён жа з першага дня ўспрыняў яе як сваю матулю.

Сёння ў каціна-сабачай сям'і пануе поўная ідылія: шчанюк крыху падрос і «не злазіць з шыі» коткі, а тая толькі задаволена курняўкае, атрымліваючы ад такой увагі задавальненне. Падчас кармлення шчанюк, захоплены любімай справай, павісквае ад захаплення. А котка — прыёмная мама, укладваецца ямчэй, імкнучыся дагадзіць дзецям. Бо разам са шчанюком яна выкормлівае і сваё роднае кацяня.

У клапатлівай і абачлівай мамы няма вольнага часу: толькі на пару хвілін яна выбягае на вуліцу і адразу вяртаецца да прыёмыша і свайго кацяняці. Мама-котка вельмі перажывае за самастойнага сына і пастаянна ходзіць за ім па пятах. Калі няўрымслівае сабачае дзіцяня спрабуе ад яе ўцячы, яна лапай прымушае яго вярнуцца ва ўлонне сям'і. Котка кліча шчанятка, а ён, як паслухмянае дзіця, адразу адгукаецца. Прычым, калі котка мяўкае, то сабака рыкае і спрабуе гаўкаць. Як яны разумеюць адзін аднаго — застаецца загадкай.

Многія кажуць, у свеце няма гармоніі. Яшчэ раз пераканалася ў адваротным. І прыклады гарманічнага і мірнага суіснавання, спачування і бескарыслівай любові нам падаюць — жывёлы. І гэта не перабольшанне. Прадстаўнікі фауны ўтвараюць паміж сабой самыя неверагодныя сацыяльныя сувязі. А ў сэнсе мацярынства і ўсынаўлення, так нам, людзям, ёсць не толькі чаму падзівіцца, але і павучыцца.

Жывёлы лепшыя за нас — яны ратуюць дзіцянятаў сваіх заклятых ворагаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?