Аляксандр Лукашэнка 16 снежня на пленарным пасяджэнні семінара кіруючых работнікаў па пытаннях імпартазамяшчэння даручыў вывучыць пытанне аб структурным пераўтварэнні Міністэрства гандлю.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, «месца і задачы Мінгандлю дагэтуль ясна не акрэсленыя». «У Міністэрстве гандлю павінны вярцецца, круціцца, а не складаць паперы», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА. У сувязі з гэтым прэзідэнт запатрабаваў практычных дзеянняў ад міністэрства, а таксама даручыў разгледзець мэтазгоднасць яго структурных пераўтварэнняў. «Можа, настаў час нам стварыць вялікае міністэрства знешняга гандлю або проста міністэрства гандлю, аб’яднаўшы знешні і ўнутраны гандаль», — сказаў прэзідэнт.

Ён запатрабаваў у хуткім часе вызначыць канкрэтныя задачы перад Мінгандлем. «А задача гэта — гандляваць», — падкрэсліў Лукашэнка. Пры гэтым ён нагадаў, што органы мясцовай улады сёння ўзялі на сябе частку функцый у гэтай сферы. У іх сфарміраваныя для гэтага адпаведныя структуры, праводзіцца антыманапольная палітыка, наладжаны кантроль за ўнутраным рынкам. «Гэта правільна, але трэба і Мінгандлю нарэзаць задачу, — заявіў прэзідэнт. — Яна будзе неаб’ёмнай на ўнутраным рынку, а вось знешні гандаль — гэта наш прыярытэт, гэту задачу трэба вызначыць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?