1 ліпеня з тэставага ў працоўны рэжым пераводзяцца сістэмы фота- і відэафіксацыі парушэнняў правілаў дарожнага руху на аўтадарозе М1 Брэст — Мінск — мяжа Расіі. Пра гэта БелаПАН паведамілі ва ўпраўленні Дзяржаўтаінспекцыі МУС Беларусі.

Парушальнікі ПДР першыя паведамленні аб прыцягненні да адказнасці ў выглядзе штрафу атрымаюць ужо пасля выхадных.

Зараз на аўтадарозе М1 устаноўлены 15 камер фота- і відэафіксацыі хуткасці. У Івацэвіцкім раёне гэта 150-ы км (развязка з дарогай Р6), у Стаўбцоўскім — 287-ы км (каля вёскі Слабада) і 297-ы км (паварот на вёску Коласава), у Смалявіцкім — 388-ы км (развязка з дарогай М2), у Дзяржынскім — 306-ы км (паварот на Узду), 314-ы км (каля вёскі Вішнеўка) і 322-і км (каля Дзяржынска), у Мінскім — 368-ы км (каля Абчака).

Ёсць яшчэ два мабільныя прыборы, якія могуць быць выстаўлены каля дарогі або выкарыстаны для рэгістрацыі перавышэння хуткасці падчас руху.

Найбліжэйшым часам колькасць камер будзе павялічана як мінімум на дзесяць.

Прыборы праводзяць здымку незалежна ад часу сутак і ўмоў надвор'я, спрацоўваюць толькі ў выпадку, калі зафіксавана перавышэнне хуткасці. Аператар цэнтра фіксацыі правапарушэнняў ДАІ ў Мінску ацэньвае чытальнасць нумароў, марку і мадэль аўтамабіля, яго колер і кузаў. Потым звярае інфармацыю з базай, і калі ўсё сходзіцца, то ўладальніку аўтамашыны будзе даслана паведамленне з пастановай аб прыцягненні яго да адміністрацыйнай адказнасці і фатаграфіямі ў якасці доказу. Гэта прадугледжана ўказам прэзідэнта № 454 ад 3 верасня 2010 года.

Калі на працягу месяца з дня атрымання паведамлення штраф, які прызначаецца ў мінімальным памеры, не будзе аплачаны, на ўладальніка транспартнага сродку пададуць у суд.

Калі ў момант парушэння за рулём быў не ўладальнік аўтамабіля, а іншы чалавек, то менавіта ўладальніку аўто трэба будзе падаць у ДАІ праўдзівую інфармацыю пра тое, што за рулём знаходзіўся не ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?