Паўабаронца жодзінскага «Тарпеда» Паскаль Мендзі у інтэрв’ю Прессболу распавёў, чаму пайшоў на канфлікт з Аляксеем Рыасам пасля фінальнага свістка ў матчы «Тарпеда-БелАЗ» — «Шахцёр». Пасля заканчэння гульні ён атрымаў чырвоную картку.

Усё пачалося з таго, што 15-ы нумар «Шахцёра» (Дзмітрый Камароўскі) у моманце, калі змагаліся за мяч, адштурхнуў маю руку і сказаў: «Не чапай мяне, чорная малпа!»
За што такая абраза? Хіба гэта нармальна? Ці мне не трэба змагацца на полі?

З Рыасам усё пачалося пасля гульні. Прагучаў фінальны свісток, я спакойна сыходзіў з поля, як раптам да мяне падбеглі Камароўскі і Рыас.

Абодва сталі здзекавацца з мяне: «Ну што, чорны, вы прайгралі сёння».
І яшчэ шэраг непрыемных слоў ад Рыаса за гэтым. Няўжо футбалісты маюць права казаць такія словы?
Я адмахнуўся ад Рыаса нагой. Прызнаю, вінаваты. Але яны з Камароўскім абразілі мяне. Затым я пайшоў апеляваць да арбітра.
Хацеў растлумачыць, што ён не мае рацыю, а мой учынак мае сур’ёзныя матывы. Але ён паказаў чырвоную картку толькі мне аднаму, а двум футбалістам суперніка, якія па-хамску павялі сябе, удалося пазбегнуць пакарання.

Сенегальскі футбаліст прызнаўся, што «пасля матчу сядзеў і плакаў у распранальні, як дзіця». «Мне вельмі крыўдна, што такія выпадкі маюць месца ў футболе», — заявіў ён.

У сваю чаргу, футбалісты «Шахцёра» Дзмітрый Камароўскі і Аляксей Рыас усяляк адмаўляюцца ад расісцкіх выказванняў і сцвярджаюць, што Мендзі ўсё выдумаў.

«Усё пачалося пасля матча, калі мы з Дзімам Камароўскім ішлі па полі, а нам насустрач Мендзі. У гульца „Тарпеда-БелАЗ“ трапіў мяч, і Дзіма сказаў: „Чаго ж ты не падаеш, як гэта рабіў падчас матчу?“. Пасля гэтых слоў Мендзі пабег з кулакамі. Спачатку ударыў Камароўскага каленам у пах. Я яму сказаў: што ты робіш? у выніку Мендзі заехаў мне з нагі ў галёнку», — выдаў сваю версію Аляксей Рыас у інтэрв’ю сайту goals.by. «Мы — не расісты. Мы — нармальныя людзі», — заявіў ён.

Дарэчы, Аляксей Рыас — напалову перуанец. Яго бацька жыве ў Перу, дзе ў футбаліста ёсць зводны брат. У Рыаса — падвойнае грамадзянства — Перу і Беларусі.

Дзмітрый Камароўскі ў інтэрв’ю football.by выказаў сваё бачанне сітуацыі:

«Мендзі, па-мойму, ужо які год стварае на гэтым правакацыі, робіць сабе рэпутацыю.

Я нічога падобнага не казаў, таму не лічу патрэбным завастраць увагу на сітуацыю. Тое, што чалавек кажа пасля гульні… Можа, проста засмучаны паразай, вось і зладзіў нейкі цырк. Не бачу нават ніякай падставы нешта тлумачыць. Я нічога крыўднага не казаў. Напэўна, у яго тактыка такая — паўтараць ўвесь час абвінавачванні. Каб быць пастаянна пакрыўджаным, каб яго пастаянна шкадавалі».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0