9 красавіка ў Брукліне (Нью‑Ёрк), у клюбе «The Hook» адбыўся канцэрт Лявона Вольскага. Яго зладзілі Беларуска‑Амэрыканскага Задзіночаньне і Згуртаваньне Беларускай Моладзі ў Амэрыцы (моладзь БАЗА).

У канцэрце таксама бралі ўдзел Сяржук Сокалаў‑Воюш, гурт ’’Каханьне’’, а таксама беларускі гурт з штату Нью-Джэрзі.

Канцэрт прыцягнуў вялікую колькасьць беларускай моладзі з усіх ЗША. Як і на мінулы канцэрт, людзі ляцелі сюды самалётамі, ехалі цягнікамі і аўтамашынамі. Геаграфія была надзвычай шырокая:ад Каліфорніі да Флёрыды.

Першыя дзьве гадзіны выступалі гурт «Каханьне» і гурт з Нью‑Джэрсі. Перад выступам Вольскага тры песьні выканаў Сяржук Сокалаў‑Воюш. Яны былі сустрэтыя вельмі прыязна, але адчувалася, што сёньня галоўны герой Лявон Вольскі.

Прыхільнікі ягонае творчасьці мелі магчымасьць набыць ягоныя дыскі пры ўваходзе, якія прапаноўвала дзяўчына Алёнка з Дэлавэру: «Як ня хочацца стаяць тут, але ніхто ня хоча за мяне гэта рабіць, так добра было‑б патанчыць разам з усімі».

Сапраўды, проста стаяць або сядзець былі здольныя нямногія. Да продажу прапаноўваўся нават новы альбом музычнага праекту «Крамбамбуля» «Крамбамбуля Сьвяточная» , якую, па словах Алёнкі, «яшчэ ня маюць магчымасьці набыць нават у Беларусі».

Беларуская моладзь ЗША адчувала сябе вельмі ўзнёсла, воклічы «Жыве Беларусь» сутрасалі паветра. Было адчуваньне, што паветра проста пружыніць ад энергіі маладых Беларусаў Амэрыкі.

Як і два гады таму, перад другой часткай канцэрту, быў арганізаваны аўкцыён, які вяла актывістка і адна зь лідэраў Згуртаваньня Беларускай Моладзі ў Амэрыцы Гражына Залеўская. «На першым канцэрце два гады таму я набыла бутэльку Крамбамбулі за 200 даляраў, так што гэта і будзе стартавым коштам».

Пасьля ажыўленага гандлю, Крамбамбуля была прададзеная за 350 даляраў спадару Дзянісу з Атлянтык-Сіці (Нью‑Джэрсі). Хлопец таксама набыў і самы першы лот, майку, якую Лявон Вольскі разам з жонкай Ганнай упрыгожыў маляваньнем. Майка абыйшлася яму ў 110 даляраў. Слова Дзянісу:» Я ведаў, што Крамбамбуля будзе маёй, я быў гатовы аддаць за яе тысячу, гэта быў мой ліміт, вось‑бы цікава было, каб аддаў тысячу за бутэльку.»Апошнім лотам была карціна, намаляваная Вольскім напярэдадні канцэрту.

Перад другой часткай Лявон падзякаваў арганізатарам канцэрту ў Нью‑Ёрку і тым, усім, хто спрыяў ягонаму прыезду: Беларуска—Амэрыканскаму Задзіночаньньню, Згуртаваньню Беларускай Моладзі ў Амэрыцы (www.zbma.net), асабіста Віталю Зайку, Андрэю Чыжу, Гражыне Залеўскай, Мікіце Агародніку, Тацьцяне Кулакевіч, Мікалаю Цімашэнка, Ільлі Куніцкаму, Андрэю Мядзьведзіку, Віталю Ракуцю.

Апошняя частка выступу праляцела незаўважна, канцэрт скончыўся а 23.30. Пасьля каля гадзіны Лявон фатаграфаваўся з ахвочымі і раздаваў аўтографы. Усе разыходзіліся‑разьяжджаліся ў прыемным настроі. Музыка і песьні гучалі у галаве, усе адчувалі незвычайную лёгкасьць і гонар за тое, што яны Беларусы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?