Хiт-парад — 97

 

Месца

Выканаўца

Назва альбому Выдавец

1

Данчык

Мы яшчэ сустрэнемся

Лiт.-маст. суполка

2

N.R.M.

Одзiрыдзiдзiна

Ковчег

3

Новае Неба

Выбранае

Уши, Сатис

4

Krywi

Krywi

Ковчег

5

Крама

Камэндант

Vigma

6

Жыгiмонт Ваза

Стан галюцынацыi

Skat

7

А.Мельнiкаў

Гэта Мы!

Анархiя Рэкардз

8

Мроя

28-ая зорка

БМА

9

Кардон

Радыяцыя

БАС

10

Вiктар Шалкевiч

Смутны беларускi блюз

Ton Records

 

У 1997 годзе ў «НН» зьявiлася рубрыка, у якой мы паспрабавалi пачуць нячутнае — vox populi — адлюстраваць i прааналiзаваць тое, што прынята называць «музычным густам народу».

 

У слоўнiках, як адзiн зь перакладаў ангельскага слова hit, падаецца «шлягер, модная песенька». У беларускай сытуацыi такi пераклад можна было б разглядаць проста недарэчным, бо ўласна шлягер, г. зн. песьня, якая штодзённа гучыць у розных эфiрах, як зьява шоў-культуры нам малавядомая. Але не занатоўваць праз гэта набыткi сучаснай беларускай музыкi, i ў прыватнасьцi, не фiксаваць прыярытэты, якiя выяўляюцца пры набыцьці аўдыёальбомаў беларускiх выканаўцаў, — было б недаравальна. Таму на старонках «НН» i зьявiўся «Беларускi хiт-парад». Сёньняшняя публiкацыя падводзiць вынiкi году. Рэйтынг, як заўжды, быў складзены па вынiках продажу касэт праз нашую «касэту — поштай», а таксама ў краме D-Shop i ў офiсе БНФ на Варвашэнi, 8 у Менску.

Беларускай музыцы добра знаёмыя iдэi супрацiву: абставiнам, рэжыму, жыцьцю. Але менавiта 1997 год стаўся ў гэтым сэнсе этапным. Супрацiў набывае гарт i моц. I не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывае адзiн з сталых лiдэраў нашага хiт-параду — гурт N.R.M., якi па вынiках папулярнасьцi ў 1997-м пераўзышоў залаты пэрыяд «Мроi». «Партызанская» — гэта той самы хiт, але ня шоў-, а бунт-культуры, якi зьявiўся ў патрэбны час у патрэбным месцы. А радок зь песьнi «мы — партызаны, лясныя браты...» стаўся для моладзi мэтафарай сучаснасьцi, гэтаксама як некалi — «я — рок-музыкант старых традыцый...» зь перавыдадзенага БМА альбому «Мроi» «28-ая зорка». Альбом гэты, дарэчы, у свой час быў гэтаксама, як i «Одзiрыдзiдзiна», этапным для «Мроi», якая адчула моц узьдзеяньня свае музыкi i здолела прыцягнуць новых фанаў. Здаецца, «28-ая зорка» можа зацiкавiць i новых прыхiльнiкаў цяперашняга N.R.M. сваiм незвычайным для канца дзевяностых хард-рокам.

Нечаканасьцю i адкрыцьцём можна лiчыць беластоцкi гурт «Кардон». Выглядае, што пэўная адарванасьць ад Беларусi iдзе толькi на карысьць: нячаста ад беларускiх выканаўцаў можна пачуць стылiстычна вытрыманую, нават аўтэнтычную музыку, што характэрная для беластоцкiх музыкаў, якiя спрабуюць трымацца за, так бы мовiць, чысты жанр. «Кардон» з посьпехам грае хард-пост-панк, што таксама мала ўласьцiва для Беларусi.

Альбом Андрэя Мельнiкава «Гэта — Мы!», «дзякуючы рэжыму», атрымаў новае прачытаньне: хочаш цi не, але ў кожнай песьнi зараз шукаеш iнструкцыяў да пасiўнай цi актыўнай барцьбы за сваё. У сытуацыi з самiм бардам можна ўбачыць задоўжанае шоў, калi рэжым з асалодай, але нязграбна выконвае ролю ката, якi ня ведае, што рабiць з чалавекам, папулярнасьць якому робяць ня толькi ягоныя песьнi, але й становiшча вязьня.

Апошнiм часам думаецца: цi варта сёньня беларускай музыцы выходзiць з андэграўнду, цi ёсьць у гэтым патрэба, цi стварыла яна ўмовы для свайго iснаваньня «наверсе»? Магчыма, прамежак мiж дзевяноста сёмым i дзевяноста восьмым гадамi дасьць нам адказ. А пакуль — слухайце беларускую музыку.

Сяргей Сахараў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0