Праху з ног не страсаў

 

Скончылася першае кiнастагодзьдзе, але сьвет працягвае жыць у iм. Гэты год аб’яўлены годам Сяргея Эйзенштэйна. Прайшло сто гадоў з дня нараджэньня вялiкага кiнарэжысэра. Ён нарадзiўся 22 студзеня (10 паводле старога стылю) ў Рызе, а памёр праз 50 гадоў у Маскве 10 лютага, пакiнуўшы пасьля сябе бесьсмяротную славу i «Браняносца «Пацёмкiна».

Жыцьцё Сяргея Эйзенштэйна будавалася на суцэльных супрацьлегласьцях. Ён нарадзiўся ў заможнай, прыстойнай сям’i, дзе традыцыi пераемнасьцi шанавалiся абодвума бацькамi. Мацi, Юлiя Iванаўна, ў дзявоцтве Канецкая й бацька, модны рыскi архiтэктар Мiхаiл Осiпавiч Эйзенштэйн, бачылi ў сыне будучага архiтэктара. Сярожа зь дзяцiнства някепска маляваў, хадзiў у рыскую рэальную вучэльню. Але нават калi ён навучаўся ў пецярбурскiм Iнстытуце цывільных iнжынэраў, нiшто не прадказвала пераменаў у ягоным лёсе, дакладней, — у плянах ягоных бацькоў. Ён жыў звычыйным для таго часу й таго кола жыцьцём. Бацька, вядомы тэатрал, вадзiў хлопчыка ў тэатры, мацi вазiла за мяжу, бабуля вадзiла ў музэi. Пазьней, калi бацькi разьвялiся, i мацi пераехала ў Пецярбург да бабулi, а Сярожа застаўся з татам, ён усё часьцей стаў наведваць сталiцу — там было прасьцей ды вальней. У бацькоўскiм жа доме была раскошная абстаноўка, шыкоўная бiблiятэка, прыслуга, дастатак i парадак. Тым ня менш Мiхаiл Осiпавiч дзеля працягненьня сямейных традыцыяў адпусьцiў Сярожу вучыцца ў Пецярбург у iнстытут, якi сам некалi скончыў, але з надзеяю, што сын вернецца ў Рыгу. Аб гэтым бацька пiсаў маладому Эйзенштэйну ўжо зь незалежнай Латвii ў лiстах на паўночна-ўсходнi фронт. Прызнацца бацьку Сяргей ня мог, але мацi ў лiпенi 19-га напiсаў: «... лiчу за лепшае быць 21 у Расеi, чым 1 у Латвii».

Ён аддаў перавагу жыцьцю ў франтавых цяплушках перад выгодамi роднага дому. Тады ён пiсаў: «калi што немагчыма, гiне, тады трэба рабiць што-небудзь сапраўднае супраць гэтага, а не бедаваць. Цi, калi першае немагчыма, увогле «з коранем вырваць» жаданьне цi любоў i прыхiльнасьць да таго, хто гiне. I мiрыцца з усiм непазьбежным шляхам «развагаў» i «задушэньня эмацыйнай часткi». З гэтымi перакананьнямi 20-гадовы Сяргей Эйзенштэйн правандраваў па дарогах вайны ад Анескiх вытокаў да Дзьвiны. Грамадзянская вайна для яго скончылася ў Менску, а прадчуваньне чагось незвычайнага, новага прачнулася на чыгуначным вакзале ў Вiцебску, па дарозе з вайны. Цягнiк спынiўся на запасных торах, i маладыя жаўнеры пайшлi на станцыю па кiпень. Усе дамы й вулiцы былi расьпiсаныя фiялетавымi аваламi, чорнымi простакутнiкамi, зялёнымi трапэцыямi, чырвонымi ды жоўтымi квадратамi. Усю дарогу Эйзенштэйн пакутаваў, што ж гэта было: новае, незразумелае, але вельмi знаёмае, што нагадвала тэатральныя падмосткi. Ён праяжджаў празь Вiцебск акадэмiста Марка Шагала, у якiм на нейкi час пасялiўся супрэматыст Казiмiр Малевiч. Успамiны аб гэтым горадзе, як зрэшты аб усiм пабачаным калi-небудзь, ён захаваў на ўсё жыцьцё.

Будучы аўтар мантажу атракцыёнаў прыехаў у Маскву. Ён знайшоў тэатар Пралеткульту, тэатар знайшоў Эйзенштэйна. Ён адмаўляў творчасьць. Пралеткульт ствараў усё нанова: новую мову, новыя адносiны, новыя формы, жанры, новае мастацтва. Усё для новага гледача. Тут ён убачыў i ўсьвядомiў расчлененасьць дзеяньня, ягоную шматплянавасьць, калi на сцэне адначасова цi папераменна адбываюцца розныя дзеяньнi, працягваючы й падмацоўваючы адно аднаго. Паступiўшы ў Дзяржаўныя вышэйшыя рэжысэрскiя майстэрнi Ўсевалада Меерхольда, будучы рэжысэр маляваў плякаты, прыдумляў дэкарацыi, вучыўся балетнаму мастацтву, пiсаў сцэнары. Пазьней, дзякуючы гэтаму досьведу, ён будзе любiмым рэжысэрам дэкаратараў i рабочых-пастаноўшчыкаў. Ён маляваў iм эскiзы i раскадроўкi будучых фiльмаў, крэсьлiў i мадэляваў. У падзяку для яго ў найкарацейшыя тэрмiны ўзводзiлi дэкарацыi, шылi касьцюмы.

Рэвалюцыю 1905 году Эйзенштэйн ня памятаў. Бацькi далей ад лiха вывезьлi хлопчыка ў Парыж. Гэты год ён узгадвае як час знаёмства з кiнематографам Жоржа Мэльеса. У Парыжы iшлi ягоныя фантастычныя фiльмы, ад рукi падрэтушаваныя й размаляваныя. Героi гэтых кароткiх сюжэтаў лёталi на Месяц i жылi пад вадою. Магчыма, у памяць аб iх праз дваццаць гадоў у «Браняносцы «Пацёмкiне» на мачце запунсавеў сьцяг, размаляваны Эйзенштэйнам.

Лютаўская рэвалюцыя засьпела Эйзенштэйна па дарозе ў Александрыйскi тэатар. У гэты дзень давалi «Маскарад». Лiцейны праспэкт быў перапоўнены пустымi трамваямi, недзе ў цемры стралялi, вакол Таўрычаскага палаца хадзiлi салдаты. Па дарозе з тэатру Эйзенштэйн чуў размовы, — людзi чакалi нейкага шэсьця. I сапраўды, ранiцай на вулiцы выйшлi войскi. Празь дзень Iмпэратар Мiкалай II зьняў карону.

У жыцьцё юнака, што марыў «раскалоць» традыцыi, уварвалася свабода, хатняя тыранiя скончылася. Але «толькi Кастрычнiцкая рэвалюцыя дала мне ўсе магчымасьцi ў жыцьцi», — пiсаў Эйзенштэйн у аўтабiяграфii. «Дала самае для мяне дарагое — яна зрабiла мяне мастаком». Пазьней у фiльм «Кастрычнiк» Эйзенштэйн уклаў усю сваю тугу па волi, свабодзе быту. Ужо вачыма сваiх герояў — жаўнераў — што ўварвалiся ў палац, ён са зьдзiўленьнем глядзiць на незьлiчоную колькасьць непатрэбных рэчаў, цацак.

Першы досьвед у кiно быў няўдалы. На «Першай кiнафабрыцы» (кiнастудыi А.Ханжанкова) маладому рэжысэру даверылi зьняць эпiзод з масоўкаю. Абедзьве спробы былi не прынятыя. Але Цiсэ й дырэктар студыi Мiхiн заўважылi незвычайнасьць Эйзенштэйна i зьвярнулiся ў прыёмную камiсiю па дазвол рэжысэру-пачаткоўцу зьняць трэцюю спробу. Гэтая сцэна ўвайшла ў фiльм «Стачка», якi пазьней у Парыжы атрымаў срэбны мэдаль.

У кiно Эйзенштэйн парушыў падзеевую пабудову драматургiчнага твору. Ягонаю мэтаю стаў мiкраэпiзод. Ён парушыў галоўны прынцып кiнамантажу таго часу — склейка кавалкаў у iх лягiчнай пасьлядоўнасьцi. Верагодна з-за нетрадыцыйнага мантажа замежныя й айчынныя крытыкi разыходзiлiся ў сваiх меркаваньнях. Заходнiя разьвенчвалi мiт аб «Браняносцы «Пацёмкiне» як аб флагмане рэвалюцыйнага кiно. Для iх галоўны заклiк фiльма — скончыць з грамадзянскаю вайной, з клясаваю барацьбой, а ўвесь фiльм зьняты дзеля фiнала, калi гарматы апускаюцца з абодвух бакоў. Яшчэ яны разумелi, што такi фiльм мог зьявiцца толькi ў непрацяглы час НЭПу. Але такая трактоўка ў тыя гады не праходзiла.

Карцiну «Генэральная лiнiя» трактаваць дваяка было ўжо складана... Эйзенштэйн паехаў здымаць фiльм на вёску. Ён не ўяўляў, як актор перадасьць стан селянiна, немагчыма нават было прыдумаць i тое, што адбывалася ў гэты час на сяле. Усё дзялiлася напалам: уцалелы скот, бядняцкi iнвэнтар, хаты. Рэжысэр зьняў гэты перадзел. Зьняў як расьпiлоўваюць хаты, але яму не паверылi. Гэты фiльм шмат разоў пераасэнсоўваўся рэжысэрам, у адрозьненьне ад «Браняносца» (фiльм зьняты за тры месяцы), ён доўга здымаўся. Для апраўданьня перад фiнансiстамi прыйшлося нават змантаваць гура-патрыятычны варыянт. У вынiку Эйзенштэйн зьняў фiльм не аб калектывiзацыi, а аб каапэрацыi. Але замест назвы «Генэральная лiнiя» паставiлi «Старое i новае», прапанаванае Сталiным i замянiлi ў тытрах слова «арцель» на «колхоз». А неўзабаве фiльм i зусiм прыбралi з экранаў як «iдэалягiчна памылковы».

У 30-м Эйзенштэйн зьехаў у Галiвуд. Здавалася, на радзiме засталiся ўсе iдэалягiчныя перашкоды. Ён марыў аб сустрэчы з Чаплiным, з амэрыканскiм кiно, аб творчай свабодзе, гатовы быў зьдзяйсьняць чужыя праекты. Але неўзабаве кiраўнiкi студыi «Парамаўнт» спалохалiся рэжысэра з Савецкага Саюзу. У ягоных сцэнарах бачыўся выклiк амэрыканскаму грамадзтву, i ў лiстападзе 1930 група Эйзенштэйна вымушаная была пакiнуць Амэрыку й пераехаць у Мэксыку.

Гэтая краiна даўно цiкавiла рэжысэра. Яшчэ ў юнацтве ён напiсаў тэатральны сцэнар «Мэксыка». Амаль празь дзесяць гадоў ён вярнуўся да гэтае тэмы, вырашыўшы зьняць новую рэвалюцыйную карцiну, але на чужым матэрыяле. Эйзенштэйн пiсаў: «... гэта гiсторыя зьменаў культуры, дадзеная не па вэртыкалi — у гадах i стагодзьдзях, а па гарызанталi — у парадку геаграфiчнага сужыцьця разнастайнейшых стадыяў культуры побач, чым настолькi дзiўная Мэксыка... Аб нацыянальна аб’яднанай Мэксыцы, якая супрацьстаiць мiжнародным iнтрыгам, што намагаюцца расчлянiць народ...» Але фiнансавыя цяжкасьцi, iнтрыгi й бюракратычныя перашкоды не далi Эйзенштэйну скончыць фiльм. Пазьней карцiна тайна была змантаваная ананiмным аўтарам.

Лiчылася, што толькi экранны лёс «Аляксандра Неўскага» быў пасьпяховым. Але нядаўна высьветлiлася, што й гэты фiльм Сталiн загадаў кiнаначальству «прычасаць», каб нiчога не замiнала трактаваць «Неўскага» выключна як «вялiкае патрыятычнае кiно». Гэта таксама было зроблена без удзелу Эйзенштэйна. Ня зьняў рэжысэр «Слова аб палку Iгаравым», няскончанымi засталiся «Бежын луг» i «Iван Грозны».

Пры жыцьцi рэжысэра абвiнавачвалi ў фармалiзьме, у неразуменьнi кiраўнiчай ролi партыi, а праз паўстагодзьдзя ён стаў прыхiльнiкам Сталiна. Усе раптам забылiся на тое, што гiсторыя Эйзенштэйна — не яго асабiстая гiсторыя. У ягоным лёсе было шмат пераўвасабленьняў, але ў адрозьненьне ад шмат каго, «увайшоўшы ў новае жыцьцё, ён выцер ногi, але праху з ног не страсаў». Ствараючы новае мастацтва, ён не развучыўся любiць старае.

Алена Лукашэвiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0