Лісты ў рэдакцыю


Ня будзе злым наш лёс

Піша вам жанчына, якая летась, дзесьці ў траўні, дасылала роспачны ліст — водгук на артыкул С.Адамовіча “Спарон”. Мо’ памятаеце, мне пагражала нараджэньне дзіцяці з разумовымі адхіленьнямі. Зараз майму Максіму пяты месяц, і гэта самае разумнае і прыгожае дзіця, якога б я магла сабе жадаць. Але й цяпер страшна ўспомніць тое існаваньне ў іншым вымярэньні, зь якога я ўсё-ткі неяк здолела выйсьці. Напісаць вам я зьбіралася даўно, яшчэ чытаючы ў раддоме кастрычніцкі нумар, прысьвечаны свабодзе (муж здагадаўся мне яго перадаць). Ён мне нават дапамог ачуняць пасьля апэрацыі, бо калі я ўявіла, як Зімоўскі вывозіць угнаеньні, забылася, што балюча сьмяяцца (артыкул там быў, як хто бульбу капае). Напісаць я даўно зьбіралася, але — процьма клопатаў. Аднак прачытаўшы прыпавесьць В.Быкава ў апошнім нумары, не ўтрывала, узялася за ліст. Чытаючы летась “Сьцяну”, я думала, што нічога больш горкага і шчымлівага, чым апавяданьне “Музыка”, стварыць немагчыма. Яно мне нават прысьнілася, і я прачнулася ад плачу, з залітым сьлязьмі тварам (падчас цяжарнасьці эмоцыі абвастраюцца). Але “Тры словы нямых” працінаюць навылёт. І не за мяккія знакі, хлопцы, спрабавалі газэту прыкрыць (мяркую, тыя спробы не апошнія). Баяцца, што вы ведаеце тыя словы, што забіваюць, і некалі зможаце іх выгукнуць. Быкаў адчувае, як вымываецца беларускасьць з жыцьця народу. Раней хоць на вёсцы нейкая апора была, зараз там амаль спрэс — руіны. Толькі вось жа якая справа: чытаць прыпавесьць горка, тужліва, але ня роспачна, не безнадзейна. Апошні сказ не забівае, не канстатуе сьмерць — ён выклікае пратэст, ён правакуе на доказ існаваньня несьмяротнай душы. Як у Стральцова: “Я сьніў, што сам я адляцеў — душа ўзяла і засталася”. Гэтая душа зараз перацякла ў горад, знайшла свой асяродак і нават у віртуальную рэальнасьць прасачылася. Калі б мой сын нарадзіўся гадоў пятнаццаць таму, практычна немагчыма было б прышчапіць яму пачаткі беларускасьці ў горадзе. Зараз ён слухае на касэце Данчыка, на асобнай паліцы чакаюць кнігі пра Беларусь, ён слухае нашы калыханкі, якія мне наўрад ці прыйшло б у галаву сьпяваць на пачатку васьмідзесятых. Я пра тое, што магчымасьцяў нашмат болей, чымся калі. Таму я гляджу на сьвет не сказаць каб надта аптымістычна, але бяз роспачы, спакойна і ўпэўнена. Працяг ёсьць, ня трэба панурасьці, якая неяк была ўвайшла ў моду. Здаецца, зараз яна зьмяняецца на настрой тыпу: “А скульля вам!”, што больш прадуктыўна. Але ткнуць носам, як робіць Быкаў, карысна, бо хто здольны адчуць сорам, той не безнайдзены. “Бог дасьць, ня будзе злым наш лёс...”

Сьвятлана Пячкова (былая Верас), Бабруйск


***

Няшчасьці ніяк не мінаюць сям’ю Гелены Яголды, пра якую ўжо пісаў у “Нашай Ніве” Славамір Адамовіч: цяпер сын Віктар за спробу пераходу беларуска-літоўскай мяжы трапіў за краты. Затрымалі яго літоўскія памежнікі. Віктар Яголда ішоў у Літву, каб падзарабіць там і крыху дапамагчы матцы й сястры, якая вучыцца ў Віцебску за швачку. Вось што напісала жанчына ў чарговым лісьце Славаміру:

У мяне вялікая бяда. Ужо цэлы месяц будзе 2 студзеня, як Віця мой сядзіць у турме. Пераходзіў мяжу і папаўся, плюс кантрабанда, бо нёс пару бутылек гарэлкі. Што я перажыла, вам і не расказаць. Адзін раз у Сьвянцяны перадала перадачу, і ўсё. Ён сядзіць дзесьці ў Вільні да суда. Зоська цяпер дома. Калі Віцю на многа засудзяць, то яна вернецца зусім. Нічым не магу дапамагчы свайму сыну. Там недзе сядзіць яшчэ хлопец зь Ярэва, сын нашага вэтэрынара. Але яго злавілі раней, чым Віцю, таму і суд будзе ўжо 2 лютага. А нашы будуць сядзець пад сьледзтвам ажно да сакавіка. Самае горшае, што Віця мой “аблучоны” ў гэтым праклятым войску. Гэты хлопец зь Ярэва мае ў Вільні сваякоў, яму хоць перадачу могуць перадаць. А я свайму сыночку не магу дапамагчы. Зося вярнулася з вучобы дамоў, бо я не магу ёй дапамагчы, не магу дзіця вывучыць. Атрымліваю два мільёны. Адзін аловак каштуе 12 тысяч, шклянка чаю ў вагоне — 15 тысяч. А калі Віця вернецца, яго трэба будзе лячыць. Аж рукі апускаюцца. Дзе тая праўда?

в. Мольдзевічы Пастаўскага раёну


СЦЫЕНТОЛЯГІ ЗАМАНЬВАЮЦЬ ДЫЯНЭТЫКАЙ

У менскім мэтро ў насьценгазэце “Тагакор” зьявіліся вялізныя яркія рэклямы кнігі Рона Габарда “Дыянэтыка”. “Больше энергии. Больше жизни. Больше лет жизни”, — абяцаюць тым, хто прачытае кнігу. Што за кнігу рэклямуюць з такім размахам і чаму яна прадаецца не ў кнігарнях, а трэба зьвяртацца на Грыбаедава, 1а?

Абвестка сьведчыць, што ў Беларусі працягвае разгортвацца сэкта сцыентолягаў. Рон Габард, былы пісьменьнік-фантаст, заснаваў першую царкву сцыентолягаў ў 1954 годзе ў Вашынгтоне. На Эўропу дзейнасьць сэкты перайшла ў 1959 годзе. Цяпер у сьвеце ў сэкты некалькі мільёнаў прыхільнікаў, сярод якіх шмат вядомых і ўплывовых асобаў. Так, некалькі гадоў таму ў прыналежнасьці да яе прызнаваліся зоркі Галівуду Ніколь Кідман і Том Круз, праўда, пасьля яны сталі гэта адмаўляць. Рон Габард памёр у 1986 годзе. У Лёс-Анджэлесе, цэнтры гэтай сэкты, ягоным імем названая вуліца.

У шматлікіх краінах сьвету, у тым ліку ў Францыі, дзейнасьць гэтай сэкты забароненая. Рэч у тым, што сэкта мае амаль таталітарны характар. Культ грунтуецца на моцным узьдзеяньні на псыхіку, нованаверненыя мусяць праходзіць “ачышчальнае лячэньне” інтэнсіўнымі сэансамі саўны, а курс сцыенталягічнай падрыхтоўкі звычайна прыводзіць да таго, што “прасьветленыя” перадаюць сэкце частку сваёй уласнасьці. Уласна, сэкту ў Эўропе забаранялі пасьля зыскаў ацьверазелых адэптаў або пасьля выясьненьня, што тая спрабуе інфільтравацца ў дзяржаўныя структуры. Цікава, ці на такой сама аснове дзейнічаюць нашы цэнтры “Дыянэтыка”?

У вёсках іншы раз хітрыя беларусы йдуць у пратэстанты, таму што там ёсьць фінансавая дапамога заможных аднаверцаў з Захаду. У гарадах жа, мабыць, наадварот знаходзяцца такія, што гатовыя сваё аддаць дзеля ачышчэньня аўры, кармы, біяэнэргетыкі і дыянэтыкі.

Андрэй Верабей, Менск


***

Хачу падзяліцца некаторымі меркаваньнямі наконт указу ППРБ пра перарэгістрацыю партыяў.

А ці патрэбна ўвогуле перарэгістрацыя сапраўднай дзеяздольнай партыі? Калі група людзей, аб’яднаная ідэяй, адчувае сваю сапраўдную моц, мае фінансавую і маральную падтрымку насельніцтва, якая к чорту рэгістрацыя ў акупацыйнага рэжыму ёй трэба? Спачатку працэдуры рэгістрацыі, пасьля зьняважлівыя просьбы дазволіць мітынг на ўскрайку гораду, шэсьце ў ачапленьні мілцыі, і ня болей за пяць чалавек у шэраг і г.д. Столькі кніг напісана пра стварэньне дзеяздольнай партыі і прыход яе да ўлады, а беларусы ўсё нешта выдумляюць. Ня хочацца думаць, што на тое яны й беларусы.

Шаноўныя нацыяналісты, не рабіце памылку зь першага кроку: ня можна зьбіраць людзей каля помніка ў парку ці на ганку нейкага будынку па аб’яве ў газэце. Арганізацыю трэба распачынаць толькі з кола знаёмых ці па прадстаўленьні добра знаёмых вам людзей.

Van Dzik Matusievic


Не спальшчайма мовы

Шмат польскіх словаў заўважаю я апошнім часам у беларускіх выданьнях, у тым ліку і ў вашай газэце. Напрыклад, “запальнічка”, “тэлевізія”, “пастарунак”, “рэстарацыя”, “плыта”... Няўжо абавязкова казаць на польскі манер? Ёсьць добрыя аналягі, нічым ня горшыя, напрыклад, “запальніца”, “тэлебачаньне”, “рэстаран”, якія маюць сваю традыцыю ўжываньня. Трэба шукаць беларускія аналягі і да іншых словаў. Гэткім тэмпам мове нацыянальнай інтэлігенцыі пагражае ператварэньне ў польска-беларускую трасянку — ня “ўмовы”, а “варункі”, не “адносіны”, а “стасункі”. А некаторыя ўжо з польскім вымаўленьнем пішуць: “мейсца”, “сьвянціць”, “хвіля”. Канешне, запазычваньні ўзбагачаюць мову, але ж нельга забывацца і на старыя словы, нельга заўсёды казаць толькі “прыкра”, а ня “крыўдна”, толькі “выкшталцоны”, а не “адукаваны”. А адзін разумнік напісаў: “самаход”! Лепей бы ўжо “самавоз” прыдумаў. Пільнуйце свайго, выразайце чужое!

Валеры Строкач, Берасьце


***

Маё прывiтаньне, шаноўнай рэдакцыі!

Здавалася, ня меў анiякай прычыны заказiцца старажытнай беларускай хваробай мэлянхолiяй. Але ж заказiўся. Цi з ласкi нечых чарнакнiжных чараў-сурокаў, цi дзеля собскай псыхалягiчнай неасьцярожнасьцi. Адолела гадзюка. Вужы ў каронах i бязь iх даўна пахавалiся ў норах, а гэтая набрыдзь спавiла зьнячэўку мяне i цiсьне, i душыць, турбуе душу а шлуньне...

Спавiты мэлянхолiяй, соўгаюся па калiдорах “з шэрагу выдатных” школы. Ад-бы-ва-ю прак-ты-ку. Я ды пяць маiх спакурсьнiц. Цiкавым абаротам я для iх староста.

Раздражняе амаль вылучная немень ў школе беларушчыны. Дзецi беларускую мову не разумеюць. Зрэшты, i па-расейску з многiмi не пагаворыш талкова. Усьцешыла адылi рэплiка аднаго старшаклясьнiка: “Нужно же когда-нибудь выучить свой родной язык”. Мелася на ўвеце белмова. Хочацца спадзявацца ў шчырасьцi выказанага.

Увогуле сам кшталт практыкi ня раз граў на нэрвах. Пэрманэнтнае ж адчуваньне ўзалежненасьцi ад “кiраўнiцтва” падбiвае цi ня кожную праяву экзыстэнцыйнай насалоды ад працы. Мусовасьць напiсаньня бязглуздых тэкстаў выклiкае шкадобу да нявiннай паперы. Шквальна цягне ва ўнiвэрсытэт, дзе засталося навучацца гiсторыi менш за год. На паперу падаюць халодныя вершы.

Мэлянхолiя чакае на Дзень Мовы.

Сяргей Балахонаў, Гомель


Дзень мовы

Вось, як я пражыў другі дзень месяцу — Дзень без чужога слова.

На гэты дзень у мяне прыпаў рамонт халадзільніка. Доўгі час я зьбіраўся паклікаць майстра, ды ўсё неяк не выпадала. А тут якраз на 2 лютага вырашылі яго выклікаць. Загадзя я патэлефанаваў па газэтнай аб’яве і дамовіўся пра тэрмін і кошт працы. Размова ішла па-расейску, бо падумалася, што мяне могуць не зразумець. Я мяркую, майстар быў моцна зьдзіўлены, калі пачуў раніцай у слухаўцы адказ па-беларуску. Спачатку яму падалося, што памыліўся нумарам. Але калі я патлумачыў сэнс Дня без чужога слова, ён усё зразумеў і прыстасаваўся. Магчыма, слова “прыстасаваўся” гучыць абразьліва ў дачыненьні да мовы, але што зробіш, калі гэткая рэчаіснасьць. А можа, ня трэба было тлумачыць, можа, і бяз гэтага ён павінен быў зразумець, як сябе паводзіць?!.

Калі хлопец прыехаў рабіць справу, мы ўвесь час карысталіся выключна нашай мовай. Я падзякаваў майстру. Яму спадабалася гэтая ініцыятыва, але пакуль ён мае пэўныя цяжкасьці, бо словы ня льюцца, а трэба выцягваць зь нейкага цёмнага занядбанага сховішча. (Мне таксама даволі цяжка.)

Прыйшоўшы на працу, я спрабаваў годна скончыць цудоўна пачаты дзень. Але, як казалі пры камуністах, замацаваць дасягненьні цалкам ня здолеў. Людзі на працы заклапочаныя, у галовах у іх нейкая блытаніна. Тым ня менш, ніхто зь іх не паставіўся да моўнай акцыі варожа. Некаторыя слухалі ўважліва, іншыя безь цікавасьці, яшчэ хто адпускаў жарты (таксама на беларускай мове). А потым працоўная хваля захлынула наш збольшага расейскамоўны калектыў, але на працягу дня нехта час ад часу нагадваў, што сёньня дзень незвычайны. І зноў гучалі знаёмыя і ледзьве не забытыя словы, людзі ўсьміхаліся адзін аднаму... Іншы раз не без тугі...

Я лічу галоўным вынікам гэтага дня той штуршок для розуму, які атрымалі людзі побач са мной. Добра б, каб ён не перапыняўся і мацнеў.

Альбэрт Смалонскі, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0