Інданэзія: цана свабоды

Калі не распад, дык глыбокія перамены пагражаюць чацьвертай па колькасьці насельніцтва дзяржаве сьвету — Інданэзіі. Такое разьвіцьцё падзеяў можна было прадбачыць даўно, бо цяжка ж утрымаць 210 мільёнаў чалавек, да таго ж расьселеных на моцна раскіданых шасьці тысячах выспаў, разам без супярэчнасьцяў (адлегласьць між скрайнімі выспамі — як ад Ірляндыі да Ўралу). Гэта край тысячаў выспаў і сотняў культур. І агульнага ў іх няшмат — хіба што 350-гадовы галяндзкі прыгнёт ды барацьба зь ім.

Вытокі інданэзійскай незалежнасьці — у японскай палітыцы часоў другой сусьветнай. Менавіта дзякуючы японцам і пачалося вызваленьне Азіі. Іхная азіяцкая палітыка рэзка адрозьнівалася ад эўрапейскае палітыкі Нямеччыны. Ішлося (прынамсі, ад пачатку 1943-га) пра "Азію для азіятаў" — утварэньне з "захопленых-вызваленых" краёў шэрагу незалежных дзяржаваў, якімі б апекавалася Японія. Пасьля паразы Японіі ў вайне калянізатары паспрабавалі вярнуць назад свае ўладаньні, але ўздужэлы "за японскім часам" нацыянальны рух перамог імпэрыялізм. Правадыр інданэзійскага нацыянальнага руху Сукарна быў прызнаны японцамі лідэрам нацыі яшчэ на пачатку 1945-га, і ў выніку ў тым жа 1945-м зьявілася Рэспубліка Інданэзія.

Утрыманьне адзінства краіны было заўсёднай праблемай для ўладаў. Вялікую ролю ў яе вырашэньні мела й мае войска. Ідэалягічны фундамэнт забясьпечвала нацыяналістычная дактрына, што сьцьвердзіла роўнасьць усіх народаў і рэлігіяў. Але, як той кажа, усе роўныя, але некаторыя раўнейшыя. Генэрал Сухарта, дыктатар, што правіў дзяржавай 32 гады, апраўдваў сваё доўгапраўленьне і тым, што йнакш у Інданэзіі ніколі не стварыць адзінай нацыі. Сухарта лічыўся сябрам "дэмакратычнага сьвету", але не дапускаў дэмакратызацыі сваёй краіны. Гэта яму нейкі час удавалася, але калі трохі наладзілася гаспадарка, людзі, а найперш студэнты, сталі патрабаваць свабоды. Ды кажуць, мільярдэр Сорас, стаміўшыся заклікаць дыктатара да спыненьня рэпрэсіяў і дэмакратызацыі, падарваў стабільнасьць інданэзійскай рупіі. За ёю ляснула і ўся "дзяржаўна-рынкавая" эканоміка. Людзі пад канец 90-х нават рысу ўдосталь ня елі (у Інданэзіі ядуць рыс, як прыкладам, мы чорны хлеб і бульбу — за кожнай ядой). А сям'я Сухарты шыкавала.

Усё пачалося ў траўні 98-га з расстрэлу мірнай студэнцкай дэманстрацыі. Неўзабаве дыктатара выкінулі з прэзыдэнцкага палацу, але апарат яго ўлады дзейнічаў і надалей.

Асновай інданэзійскага грамадзтва, як і, напрыклад, турэцкага, заўжды было войска, што ў некаторых раёнах замяняе сабой астатнія грамадзкія інстытуцыі. Афіцэры, як дзейныя, так і адстаўнікі, апанавалі ўсе больш-менш значныя цывільныя пасады — ад міністраў да настаўнікаў. Яны кіруюць многімі прыбытковымі прадпрыемствамі і маюць у руках вялікія грошы. Прычым наступнік Сухарты, прэзыдэнт Хабібі, працягвае выступаць за такое цывільна-ваеннае становішча арміі: "Інданэзійскія ўзброеныя сілы нарадзіліся ў рэвалюцыі. А іхная маці — цнатлівы народ. Таму армія мусіць абараняць і ахоўваць цнатлівую маці". Армія — гэта рухавік і тормаз Інданэзіі. Ясна, што войска адыгрывае моцную нацыятворчую ролю, але апошнім часам яно ўсё часьцей замінае дэмакратычнаму прагрэсу. Ці адыдзе яна ад палітыкі пасьля скарачэньня колькасьці дэпутатаў ад арміі (зараз будзе іх 38 з 500) у наступным парлямэнце? Усе цьвердзяць, што з арміяй паразумецца можа толькі Сухарта, бо гэта ён гэтак узвысіў вайскоўцаў. Сухарту між тым ужо 83 гады. Што ж будзе, калі ён памрэ, — пытаюцца людзі. Ці ня выйдзе войска цалкам з-пад кантролю?

Апазыцыя абвінавачвае армію (разам з кланам Сухарты), што яны наўмысна падбухторваюць беспарадкі, каб узьніклі зачэпкі для ўмяшаньня. Таму й правакуюць сутычкі й варажнечу між мусульманамі і хрысьціянамі, пагромы кітайскіх кварталаў, ня кажучы пра зьверствы пры задушэньні незалежніцкіх рухаў, напрыклад, на Тыморы. Хто стаяў за разбурэньнямі крамаў, банкаў, цэркваў, правакацыйнымі стрэламі ў дэманстрацыі ці сыстэматычнымі згвалтаваньнямі жанчын кітайскага паходжаньня? Падозраньні падаюць на армію, і ёсьць доказы. Але, мабыць, нічога ў іх ня выйшла — выбары адбыліся-такі, і перамагла партыя Мэгавата, што выступае за свабоду, цярпімасьць і абмежаваньне ваеншчыны. Быццам бы, каля 40% інданэзійцаў за іх прагаласавала, тады як за старарэжымнікаў — толькі 10%.

Апошнім часам надзвычайна абвастрылася варажнеча паміж. хрысьціянамі (10% насельніцтва) і мусульманамі (87%). Палаюць мячэты й цэрквы, у Джакарце радыкальныя студэнты-ісламісты патрабуюць "сьвятой вайны".

Найбольш жа моцна ўзварушвае інданэзійскае грамадзтва калатнеча паміж мясцовымі й новаперасяленцамі. Большая частка інданэзійцаў жыве на перанаселеных абшарах, і таму ўрад мусіў распачаць шырокую кампанію перасяленьня. Але не ўлічылі мноства аспэктаў гэтай справы. Бальшыня прыбышоў вераць у Аллага, але хоць яны й бусурманы, а маюць больш разьвітую культуру, чым тамтэйшыя хрысьціяне, і валодаюць большым досьведам у гаспадарцы і справах. Дзякуючы гэтаму, яны лёгка адцясьняюць ад улады мясцовых, ды й Сухарта сам аддаў многія пасады на немусульманскіх астравах мусульманам. Шмат дзе хрысьціяне з-за перасяленьня і ўвогуле апынуліся ў меншасьці. Становішча яшчэ неяк трывала, пакуль пры ўладзе быў грозны Сухарта, але з прыходам больш лібэральнага Хабібі ўсё пачало трышчаць па швох. Толькі цяпер усе пабачылі, чаго вартая Сухартава палітыка. У рэгіёнах, куды нагналі асаднікаў, жах што робіцца: паўсюль цягаюцца банды ачмурэлых людзей з рыдлёўкамі, сякерамі й сярпамі, шукаючы новых ахвяраў. Вайскоўцы толькі бездапаможна пазіраюць на іх, бо сярод асаднікаў шмат адстаўнікоў. Рука руку мые. Ужо дайшло да таго, што адрэзаныя галовы насаджваюць на калкі паабапал дарог ды раскідваюць часткі цел...

Побач з гэтым узмацніўся вызвольны рух Усходняга Тымору, Заходняй Гвінэі, Сулавэсі... У Інданэзіі так і ня ўзьнікла трывалай эканамічнай базы для адзінства. Прыродныя багацьці краіны скупчаны менавіта на ўскраінах, але тыя анічога ня маюць з гэтага, бо ўсе грошы захапалі яванскія капіталісты.

Найбольш вядомыя незалежніцкія рухі — за ўзьяднаньне папуасаў у Новай Гвінэі ды за вызваленьне Ўсходняга Тымору. Духоўны лідэр апошняга — ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру біскуп Карлас Бэла. Вайна супраць акупантаў трывае тут ад 1975 г. Пасьля вываду партугальскіх войскаў Усходні Тымор быў абвешчаны незалежным, але праіснаваў лічаныя тыдні, бо пачалося інданэзійскае ўварваньне. Ядром змаганьня была й ёсьць левая арганізацыя FRETILIN (на сёньня блізу 600 байцоў), што зь цягам часу ператварылася ў партызанку, якая моцна шкодзіць акупантам. ААН не прызнала анэксіі Ўсходняга Тымору. Нядаўна была ўрэшце дасягнута дамоўленасьць, што ў ліпені правядуць пад кантролем ААН рэфэрэндум па незалежнасьці. Эўрапейцы паведамляюць з востраву, што ўзброеныя да зубоў праінданэзійскія асаднікі штодня ладзяць крывавыя правакацыі. Падтрымкі сярод тутэйшых яны ня маюць. Калі дойдзе да сапраўднага рэфэрэндуму, дык, як кажуць назіральнікі, 99% насельніцтва будзе за незалежнасьць. Таму й імкнуцца "інтэгратары" выклікаць беспарадкі, каб адцягнуць рэфэрэндум і сказаць сьвету — зірнеце, што будзе на Тыморы, калі інданэзійскія войскі пойдуць.

 

Інданэзійскія ўлады колькі разоў аб'яўлялі пра прымірэньне, але гэта ўсё на словах, дэклярацыі. Людзей жа мясцовых працягваюць забіваць — за 23 гады акупацыі замардавалі каля 200 тыс. чалавек (гэта на 700 тысяч народу).

Ад 1965 г. змагаюцца й папуасы Заходняй Гвінэі за ўзьяднаньне з Папуа-Новай Гвінэяй. Пасьля дэкалянізацыі ААН аддала іх край Інданэзіі. Немагчыма казаць пра нейкую слушнасьць гэтага рашэньня — нават антрапалягічна папуасы й малайцы-інданэзійцы зусім розныя. Каб сьцьвердзіць свае правы, інданэзійцы сфальшавалі рэфэрэндум. Узброеную барацьбу за незалежнасьць вядзе "Арганізацыя вызваленьня Папуа" (OPM), якую неафіцыйна падтрымліваюць з Папуа-Новай Гвінэі. І змаганьне ейнае ня менш геройскае, чым, скажам, баскаў — за свабоду заплацілі яны ўжо ня менш за 100 тысяч жыцьцяў. Дарагая цана свабоды.

Сяргей Богдан, Маладэчна


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0