Памёр беларускі падпольшчык

 

У жніўні ў Горадні памёр Уладзімер Кісель, сябра падпольнага Саюзу Змаганьня за Незалежнасьць Беларусі (1946—49).

Ён нарадзіўся ў 1922 годзе ў Клецку. Пад час нямецкай акупацыі вучыўся ў Нясьвіскай настаўніцкай сэмінарыі, дзе зь сябрамі стварыў падпольны «Саюз беларускіх патрыётаў». Летам 1944 г. застаўся ў Беларусі, настаўнічаў. У 1946 годзе Кісель (псэўданім «Раса») удзельнічаў у нелегальным арганізацыйным сходзе «Саюзу Змаганьня за Незалежнасьць Беларусі» (СЗНБ), кантактаваў з камандзірам беларускага партызанскага атраду Іванам Раманчуком («Ястраб», кіраўнік СЗНБ). Арганізацыя дзейнічала ў Заходняй Беларусі, зьбіраючы патрыятычныя сілы, якія ў выпадку вайны павінны былі выступіць у абарону беларускага народу і незалежнасьці Бацькаўшчыны. Атрад Раманчука ваяваў з бальшавікамі на вялікім абшары каля Нясьвіжу, Стоўпцаў, Клецку.

На пачатку 1949 году прайшлі арышты сяброў СЗНБ. 25 лютага 1949 г. быў арыштаваны ў Горадні Ўл.Кісель. Яго бальшавікі асудзілі на 25 гадоў канцлягераў. Толькі ў 1960-ым Уладзімера Кісяля вызвалілі, і ён вярнуўся ў Беларусь.

Дзякуючы кансьпірацыі, частка структур СЗНБ не была раскрытая. Толькі ў сакавіку 1998 году Ўл.Кісель упершыню напісаў пра арганізацыю ў гарадзенскай «Пагоні». Ён чакаў, што прыйдзе час, калі можна будзе назваць імёны ўсіх удзельнікаў «Саюзу Змаганьня за Незалежнасьць Беларусі». На жаль, не дачакаўся… Сьветлая памяць!

Сяргей Ёрш


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0