Замест палітыкі — дысыдэнцтва

 

Падпісаньне дамовы аб утварэньні саюзу з Расеяй у Менску адзначылі стыхійнымі пратэстамі. 75 чалавек зранку ў сераду адгукнуліся, перакрыўшы праспэкт Скарыны жывым ланцугом, трымаючы лёзунгі “Рукі прэч ад Беларусі!”, “Не — саюзу”. Прастаяць атрымалася хвілінаў 10, пасьля чаго пад’ехала міліцыя ды адцясьніла пратэстантаў. Тым ня менш, людзі не здаліся й прызначылі працяг акцыі на пятую вечара.

Працяг акцыі быў у значнай меры сарваны з-за затрыманьня намесьніка старшыні БНФ Вячаслава Сіўчыка. Тым ня менш, а 17.25 праспэкт зноў перакрылі, але менш чым на паўхвіліны. Міліцыя падрыхтавалася да магчымага пратэсту, і з двароў умэнт выскачылі пара дзясяткаў міліцыянтаў.

Тады дэманстранты міні-калёнай рушылі ў бок Кастрычніцкай плошчы, але ля цырку шлях ім перагарадзілі ўзброеныя шчытамі ды дубінкамі амонаўцы. Калёна зрабіла яшчэ адну спробу прабіцца да рэзыдэнцыі ў раёне рэстарану “Ўзбэкістан”, але ня здолела. 12 чалавек, зь іх шэсьць непаўналетніх, затрымалі. Сярод затрыманых — паэт Славамір Адамовіч і дэпутат Шчукін. Суды над “няскоранымі” пройдуць у Савецкім судзе ў панядзелак-аўторак.

Шкада толькі, што палітыкі, замест таго, каб зладзіць буйную і арганізаваную акцыю, дамовіўшыся папярэдне, прабіўшыся ў газэты і раскідаўшы ў горадзе ўлёткі, ахвяруюць сабой на акцыях адчаю.

Барыс Тумар, Аляксей Шыдлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0