каляндар

 Першая скрыпка стагодзьдзя

Не перастаеш дзівіцца, колькі геніяў дала сьвету Вільня яе срэбнай, «нашаніўскай» пары. 2 лютага споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня Яшы (Якуба) Хейфэца – сусьветна славутага артыста, якога называюць “першай скрыпкай XX ст.”. Ягоныя кружэлкі разышліся па сьвеце мільёнамі асобнікаў. Амаль ніхто сярод беларускіх аматараў скрыпкі ня ведае, што Хейфэц нарадзіўся ў Вільні, у беднай сям’і габрэйскага скрыпача-самавука, які зарабляў на хлеб на вясельлях і хаўтурах.

 

Шмат такіх скрыпачоў бадзялася калісьці па беларускіх гасьцінцах. Часьцяком ня надта пісьменныя, яны сьвята захоўвалі і дасканалілі народную традыцыю, у якой беларускасьць шчыльна перапляталася з габрэйскасьцю. Няма хіба лепшага доказу блізкасьці беларускага і габрэйскага лёсаў, чым скрыпка і цымбалы.

Быў і ў маёй сям’і гэткі ж апантаны скрыпач – бацькаў дзядзька. Жылі яны ў мястэчку Бобр – там, дзе зараз Алесь Пушкін. Аднойчы, зусім яшчэ хлапчуком, паглядзеўшы на вясковых музыкаў, той дзядзька сам зладзіў сабе скрыпку. Узяў дошку, прымацаваў да яе жоўцёвы пузыр быдла і струны з конскага воласу. Потым змайстраваў смык дый давай іграць на гэтай скрыпцы. А потым прыйшлі Саветы і абвясьцілі, што дзеці местачковай галоты могуць бясплатна вучыцца – нават у Маскве! Узяў той хлопец сваю самаробную скрыпку ды паехаў у сталіцу пралетарскае імпэрыі. Ён нават ня ведаў, як чытаць ноты, але яго без усялякага конкурсу ўзялі на першы курс музычнага тэхнікуму пры Маскоўскай кансэрваторыі. На жаль, нядоўга прыйшлося яму правучыцца. Нейкі “таварыш” зь мястэчка ў надзеі выслужыцца перад уладамі напісаў выкрывальны ліст у райкам. Маўляў, Пэйсах Ратніцкі – сын буржуя (мой прадзед валодаў аж чвэрцю вадзянога млыну), і трэба гнаць яго з тэхнікуму паганаю мятлою. І пагналі.

Бацькаў дзядзька пакінуў-ткі па сабе памяць на беларускай зямлі. Ледзь не палова дамоў вакол сталічнай плошчы Перамогі і на самой плошчы, дый стары будынак радыёкамітэту прайшлі празь дзядзькавы рукі. Кажуць, гадоў 30 таму, пакуль дзядзька ня зьехаў у Ізраіль, дзе-нідзе ў цэнтры места можна было пабачыць памятную шыльдачку зь ягоным прозьвішчам.

А скрыпкі Пэйсах Ратніцкі не закінуў да апошніх гадоў жыцьця. Ён іграў на ёй старыя мэлёдыі зь мястэчка Бобр і савецкія песьні. Іграў чыста – у адрозьненьне ад некаторых скрыпічных “сьвяцілаў”, якія своечасова скончылі кансэрваторыю, уступілі ў партыю і атрымалі жаданы тытул “народнага” ці “заслужанага”.

У памяці майго бацькі засталася нязвыклая гісторыя. Пасьля вайны ў Менску было шмат палонных немцаў, якія працавалі на будоўлях. З адным такім немцам Пэйсах Ратніцкі й пазнаёміўся. Той аказаўся піяністам – прафэсарам кансэрваторыі. Хутка ў гарадзкіх руінах адшукалася амаль цэлае піяніна. Дзядзька сам яго адрамантаваў, і яны ўдвох з асалодаю музыкавалі – немец і габрэй, прафэсар і прараб. Немец, дарэчы, захапляўся дзядзькавым талентам і ніяк ня мог зразумець, чаму той не зрабіў выдатнай музычнай кар’еры? Мо напраўдзе ў нашым сваяку загінуў Хейфэц?

Хейфэца, на шчасьце, савецкая ўлада ад музыкі адлучыць не пасьпела. Бліскавічная кар’ера: у тры гады – пачатак музычных заняткаў з бацькам, у чатыры, калі пачынае выходзіць «Наша Доля», – першыя прафэсійныя ўрокі ў Віленскай музычнай школе ў Ізраіля Малкіна, у шэсьць – артыстычны дэбют у Вільні (зайграў з аркестрам канцэрт Мэндэльсона, вельмі няпросты нават для дарослых музыкаў). У восем ён пасьпяхова заканчвае Віленскую музычную школу і распачынае заняткі ў Пецярбурскай кансэрваторыі, куды ён трапіў паводле пратэкцыі славутага скрыпача Леапольда Аўэра, які акурат у тую восень гастраляваў у Вільні. У дзесяць гадоў Хейфэц ізноў з сэнсацыйным посьпехам выконвае канцэрт Мэндэльсона – цяпер ужо ў Пецярбургу. За дырыжорскім пультам стаяў кампазытар Аляксандар Глазуноў, газэты поўніліся ўзвышанымі эпітэтамі ў адрас цудоўнага дзіцяці… Яшчэ праз год Хейфэц упершыню іграе ў Бэрліне, з акампанэмэнтам найлепшага ў сьвеце Бэрлінскага філярманічнага аркестру пад кіраўніцтвам Артура Нікіша. Потым – напярэдадні першай сусьветнай вайны – Гамбург, Прага, Ляйпцыг, Вена, а ў прамежках – гарады роднай Беларусі…

А незадоўга да прыходу бальшавікоў у кішэню шаснаццацігадовага Хейфэца лёг падпісаны кантракт на сэрыю выступаў у ЗША. Гэтая паперка, падпісаная амаль у адзін час з прыездам Багдановіча ў Ялту, вызваліла Якуба ад усіх жахаў грамадзянскай вайны і сталінскага тэрору і адчыніла шлях да сусьветнае славы, найлепшых сцэнаў, занябесных ганарараў. Хейфэц купляе сабе найцудоўнейшую скрыпку, якая раней належала славутаму віртуозу Пабла Сарасатэ, а таксама залаты ланцужок для гадзіньніка і вілу ў паўночнай Каліфорніі, каб вырошчваць там экзатычныя кветкі. Ня толькі ягоны прыўкрасны твар, ня толькі манеры і вопратка, але й самы стыль ягонай ігры вылучаўся нейкай высакароднай балцкай стрыманасьцю. Ён быў шчасьлівы – аж да таго моманту, калі ў 47 гадоў зламаў шыйку сьцягна і ператварыўся ў інваліда. І тым ня менш, далей канцэртаваў, выкладаў, музыкаваў зь сябрамі… І нават у дзень свайго сямідзесяцігодзьдзя рызыкнуў зайграць для амэрыканскага тэлебачаньня пару скрыпічных мініятураў.

Фальклёрныя экспэдыцыі часта адшукваюць на гарышчах заходнебеларускіх вёсак старыя скрыпкі, загорнутыя ў анучу. Іншым часам гэтыя інструмэнты бываюць надта каштоўныя – чэскія ці нямецкія пачатку XVIII ст., ужываныя калісьці ў магнацкіх капэлах. Нашчадкі гэтага багацьця, калгасьніцы, часьцей за ўсё ставяцца да скрыпак з пачцівасьцю, як да сямейнага скарбу. Аднак мне самой даводзілася чуць і расказы пра скрыпкі, кінутыя ў рэчку ці ў печ — калі дачцэ бацькава музыка здавалася суцэльнай блазнотай...

Хейфэц памёр 10 сьнежня 1987 г. Над Каліфорніяй у той дзень зьзяла чыстае неба, у Вільні ішоў дождж зь сьнегам. Шкада, што ў сябе на радзіме беларуская скрыпка памерла значна раней, чым Хейфэц у далёкім Лос-Анджэлесе.

Юлія Андрэева

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0