АБ УСІМ ПАТРОХУ

 

Музыка

Рок у атмасфэры інтымнасьці

18 чэрвеня ў Доме афіцэраў адбыўся канцэрт “Я нарадзіўся тут”. У канцэртным выкананьні песьні гучаць зусім іначай, чым на дыску. Мацней спрацоўваюць магнэтычныя індывідуальнасьці Лявона Вольскага, Аляксандра Памідорава ды Зьмітра Вайцюшкевіча. Менш вытанчанасьці, затое больш нэрвовае напружанасьці. Менш сантымэнтаў. Больш сапраўднага року – жорсткага і бескампраміснага.

 

Цалкам іначай, чым на дыску, прагучала песьня “Не загаснуць зоркі ў небе”. Зьмянілася й аблічча славутага Палянэзу. У студыйным запісе панаваў голас Вэранікі Кругловай. У канцэртным выкананьні Вэраніка адышла на другі плян – на карысьць Зьмітра Вайцюшкевіча. Палянэз адразу ж пацяплеў, набыў болей душэўнасьці ды мужнасьці.

Аднак сп.Суша – аўтар праекту й арганізатар імпрэзы – асобна падзякаваў менавіта Вэраніцы за тое, што “выратавала канцэрт”.

Між сцэнай і заляй увесь час захоўвалася нейкая дыстанцыя. Звонку ўсё выглядала як належыць: публіка пляскала ў далоні, спрабавала танчыць ды падпяваць, гукала “Жыве Беларусь!”. Але ёй не ставала ўпэўненасьці. Людзі нібыта ўвесь час аглядаліся па баках і абмяркоўвалі, што ім можна рабіць, а чаго нельга. Не ставала спантаннасьці, якая ператварае натоўп у адзіны магутны арганізм. Гэткая спантаннасьць магчымая толькі на стадыёне. Альбо на мітынгу. І немагчымая ў Доме афіцэраў, дзе паветра прасякнутае афіцыйнай культурай і парфумамі афіцэрскіх жанок.

Аматараў беларускага року пакуль замала, каб запоўніць цэлы стадыён. Музыка, разьлічаная на дзясяткі тысячаў энтузіястаў, існуе ў атмасфэры інтымнасьці. І на вуліцы, на плошчу, на стадыён яна выльецца толькі ў тым выпадку, калі туды выйдуць людзі, дзеля якіх яна прызначаная.

Юлія Андрэева

Новая опэра Картэса

Пазаўчора цікаўныя маглі паслухаць новую опэру Сяргея Картэса паводле апавяданьня Антона Чэхава “Юбілей”. Гэта яшчэ не прэм’ера – яна адбудзецца 11 ліпеня на фэстывалі ў Салятурне (Швайцарыя).

 

Пакуль што быў толькі генэральны прагон – амаль без дэкарацыяў ды ў вопратцы, падабранай з старых спэктакляў. Музыка опэры мо ня дужа запамінальная, але прафэсійна зробленая й вельмі тэатральная.

Уражвае ігра чатырох актораў – Тацяны Трацяк, Эдуарда Пелагейчанкі, Алега Мельнікава, а найбольш – Наталі Рудневай у ролі Мірчуткінай. Прыгожыя галасы, яскравыя акторскія індывідуальнасьці…

Кароткая – усяго 55 хвілінаў – опэра цікава слухаецца. Картэс і ягоны лібрэтыст Віктар Халіп заўжды былі майстрамі тэатральнае інтрыгі. Вонкава немудрагелісты сюжэт з традыцыйнай чэхаўскай пагардай да кабетаў нібы й далёкі ад сучаснага беларускага жыцьця, аднак за ім хаваецца мудрая думка: усе мы – дзеці, і менавіта нашая дзіцячасьць замінае нам падманваць сябе і людзей.

Ю.А.

На “Басовішча”

На “Басовішча” сёлета паедуць “БН” (Бяроза), “Бан Жвірба” (Гомель), “Імпэт” (Менск), “Цмокі” (Менск), “Голая Манашка” (Менск), праект “Splenetic”+Алесь Таболіч (Менск), “Aquamorta” (Менск), “Зьніч” (Менск), “Happy Face” (Маладэчна), “Galina Bezu” (Менск). Такія вынікі адборачнага туру, што адбыўся на мінулым тыдні.

С.М.

Прыватнасьці

Думкі з лукашысцкага войска

Войска! Ці ня праўда, гучыць гэта моцна? У кожнай краіне ёсьць войска ці нешта падобнае. Ёсьць яно і ў нас, але ў адрозьненьне ад іншых, яно ў нас не патрыятычнае. Скажу шчыра, у маёй роце, за выключэньнем мяне й некаторых “так сабе патрыётаў”, адносіны да Беларусі і да такой высакароднай праявы як патрыятызм, адмоўныя.

На пытаньне “За каго ты будзеш галасаваць на выбарах?” яны адказваюць ці то за Лукашэнку, ці то за нікога. Яны ня могуць уцяміць, што галасуючы ні за кога, яны аддаюць свае галасы за таго ж Лукашэнку.

У такім войску патрыятызму не навучаць, няма ніякай такой працы з жаўнерамі. Усім усё “паралельна”. Тутака галоўнае, каб жаўнер умеў трымаць рыдлёўку, а ўсё астатняе… Але прыйдзе наш час, і будзе наша сапраўднае нацыянальнае войска!

Жыве Беларусь! Жыве вечна!

Нівас Радзіміч, Нясьвіж

Адзін у атачэньні “мэрсэдэсаў”

Ён стаяў, апусьціўшы ў нейкім роздуме-забыцьці галаву, запрэжаны ў павозку на гумавых колах. Адзін на ўсю шырокую кірмашную плошчу, шчыльна застаўленую “мэрсэдэсамі”, “вольва”, “аўдзі”, “БМВ”, “жыгулямі”...

 

Раней гаспадар-селянін, прыяжджаючы ў Слуцак на кірмаш, распрагаў каня, падкладаў яму добры ахапак мурожнага сена, а тады ўжо ішоў да гандлёвых паліц. Цяпер да каня павагі няма. Глядзеў я на гэтага адзінокага сіўку — і душа мая сьціскалася ад жалю. Па ўсім было відаць, што даглядаюць каня, абы толькі ногі перастаўляў. Цікаўлюся ў двух мардатых мужчынаў, што гаманілі ля адкрытага багажніку “мэрсэдэсу”, чый гэта конь.

— Конь калхозны, — адказаў адзін зь іх. — У гаспадара такіх дахадзягаў няма.

Я згадаў, як вясной 1942 г., калі распусьцілі калгас і падзялілі зямлю, вяскоўцы атрымалі зь пятнаццаць такіх, як гэты, коней-дахадзягаў, з ранамі-пісягамі ад удараў абыякавых калгасных паганятых. Прыпала на два двары па адным сіўку, трымалі па чарзе: месяц — у адным двары, месяц — у другім. Селянін з павагай і любоўю глядзеў на каня, ад якога залежала, ці будзе ўпару засеяная зямля. Акругліліся ў коней бакі, зажылі раны-пісягі. Пасьля лепшых пазабіралі немцы, а на тых, што ацалелі, сяляне абраблялі свае дзялянкі, бо трэ было і сям’ю карміць, і партызанаў, якія штоноч прыходзілі, дый нарыхтоўку па стараставых квітках здаваць, бо за невыкананьне акупацыйныя ўлады страшылі сьмерцю. У 44-м вярнулася Чырвоная армія і тых коней зноў забралі ў калгас.

Сёньня сродкі масавай інфармацыі гавораць і пішуць аб рэформе калгасна-саўгаснай сыстэмы, якая забуксавала ў новых эканамічных умовах. Днямі нават лукашэнкаўскі праект такой рэформы абнародавалі. Аднак у ім ні слова аб вяртаньні зямлі дбайнаму гаспадару-ўласьніку, свабоднаму ад нізавых і “вэртыкальных” паганятых. І той з аблезлымі бакамі худы конь на базарнай плошчы — жывое сьведчаньне забуксоўскі гэтай сыстэмы.

Міхась Тычына, Слуцак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0