КАРОТКІ МЭТРАЖ

 

новы фільм Андрэя Кудзіненкі

 Партызанская містэрыя

Крадзецца ўздоўж плоту партызан. Камэра рухаецца разам зь ім — спыняецца, паварочваецца, — але ў апошні момант у кадры фіксуецца нешта не зусім адпаведнае суворай тэматыцы — на пальцах народнага мсьціўца надпіс “Серж”. Так пачынаецца фільм “Партызанская містэрыя”.

Гэта незалежная беларуская ігравая карціна. Дзяржава ня выдаткавала ані капейчыны на гэты фільм, рэжысэр Андрэй Кудзіненка здымаў яго на прыватныя сродкі. Дапамог грашыма Аляксандар Дэбалюк са студыі “Навігатар”.

Новае кіно зазвычай пачынаецца не зь велізарных праектаў, не з агромністых марнатраўных пастановак, а з ідэі і яе дакладнай рэалізацыі. Так было з “новай хваляй” у Францыі, дзе першыя фільмы рэжысэры здымалі за свае грошы; так было з амэрыканскімі незалежнікамі, дый першы кінасэанс Люм’ера рыхтаваўся не карпарацыяй. Менавіта ідэя, якая адпавядае месцу й часу свайго нараджэньня і выкарыстоўвае тыя сродкі, якія ёсьць, зьяўляецца зарукай нараджэньня сапраўднага беларускага кіно.

“Партызанская містэрыя” — фільм беларускі, у адрозьненьне ад шматлікіх ОРТшных праектаў і фільмаў Мэнахема Голана, якія апошнім часам здымаюцца ў Беларусі і якія выкарыстоўваюць краіну ў лепшым выпадку як танную і безаблічную дэкарацыю.

Карціна кароткая, 26 хвілінаў, зробленая на лічбавым відэа, што спрашчае распаўсюд. Фільм ужо мае сваю старонку ў Сеціве (http://www.partisanfilm.narod.ru) — ніводная іншая беларуская карціна гэтым пакуль пахваліцца ня можа.

“Партызанская містэрыя” — фільм камэрцыйны. Так, падчас паказу фільмаў Кудзіненкі, які адбыўся 22 лютага ў кінатэатры “Перамога”, менавіта “Містэрыя” выклікала найбольшы ажыятаж публікі.

Сюжэт гэтай “экзыстэнцыйнай драмы з элемэнтамі трылеру” напружаны й правакацыйны. Наіўнага вясковага хлопца Адама забірае ў партызаны мацёры й удалы баец Штыркін. Іх вандраваньне ў атрад абрываецца на хутары, дзе яны трапляюць у пастку згубных жаночых чараў… Дуэт Штыркіна й Адама прапісаны бліскуча і з гумарам. Малады наіўны Адам (актор Купалаўскага тэатру Аляксандар Маўчанаў), які яшчэ нідзе, акрамя сваёй вёскі, ня быў, губляецца пад націскам нахабна тэатральнага Штыркіна (Аляксандар Колбышаў), які ўсяляк павучае маладога байца (за ім — Масква). Штыркін выхваляецца сваімі прыгодамі: “Ведаеш, колькі я баб пераштыркаў? Сто семдзесят дзьве!” (потым гэтая колькасьць павялічыцца да двухсот дванаццаці). Ён дэманструе зьнямеламу Адаму фатакартку сваёй каханкі, ласкавай і прыгожай, у якой гледачы пазнаюць Любоў Арлову, кіназорку 30-х. Але й Адам мае свае прынцыпы, якія прывядуць да паўстаньня.

Камічныя моманты, раскіданыя ў фільме, ствараюць дадатковы цытатны слой, як у фільме Пятра Луцыка “Ўскраіна”, але гэты слой ня робіцца самадастатковым, ня шкодзіць “сапраўднасьці” падзеяў.

Атмасфэру натуральнасьці стварае і акторская ігра (трэба адзначыць эпізадычную, але трапную ролю цёткі Барбары ў выкананьні Любові Румянцавай), і апэратарская праца Паўла Зубрыцкага, і майстэрства мастака Натальлі Навоенкі. (Фільм здымаўся ў Музэі беларускай архітэктуры пад Менскам.)

У фільмах Андрэя Кудзіненкі заўсёды спалучаюцца розныя рэчаіснасьці, усталёўваецца кантакт зь дзіўным, мэтафізычным, пазасонным. Так, у карціне “Сны В.В.”, якая ўжо пасьпела атрымаць дыплём ЮНЭСКА, як сон, як паралельная рэчаіснасьць пераасэнсоўваецца творчасьць Валянціна Вінаградава — амаль невядомага беларускага рэжысэра, якога ў свой час дакаралі за эстэцтва й несавецкасьць.

У фільме “Плянэта ХХ” (які пакуль яшчэ нідзе не дэманстраваўся) гісторыя ХХ стагодзьдзя паказаная як танец — то пачварны, то дзіўны й радасны, з шокавым бамбардаваньнем Беларусі пад рок-музыку, за што фільм зьвінавацілі ў прапагандзе фашызму й пацыфізму адначасова.

Ва ўсіх гэтых фільмах дотык да іншага ажыцьцяўляецца перш за ўсё празь віртуозны мантаж і нечаканае выкарыстаньне гуку. Але тое, што падыходзіць у адным выпадку, можа стаць перашкодай у другім. Так, у фільме “Баран” (пра тое, як у адной вёсцы баран штоночы залазіў на страху глядзець на зоркі, нягледзячы на пратэсты гаспадароў) містычнае выдатна ўвасоблена гукам і мантажом, але штодзённасьць у фільме часам выглядае халаднаватай і стэрыльнай.

А вось у “Партызанскай містэрыі” побытавасьць цалкам натуральная й фільмічная — і гэта адно з найлепшых дасягненьняў фільму.

Гаспадыню хутару Еву (Сьвятлана Зелянкова), польку — спакушальніцу Адама, кахаюць, пра яе гавораць, пра яе мараць; але яе няма ў кадры; мы чуем ейны голас — і гэта стрыманы, але ўхвальны голас жаданьня, у той час як героі пакутуюць. Яна зьяўляецца, але ня дзейнічае — ейны твар ёсьць аб’ектам чужых позіркаў, і за ўсьмешкай хаваецца чужая пажада, якая пакуль яшчэ толькі чакае, нэрвуецца й ірвецца; Ева ўжо й не чалавек, а толькі наслаеньне чужой сьвядомасьці. Яна паказаная праз Адама, празь ягоныя жаданьні, памкненьні, дзеяньні, празь ягоны твар і ягоную рэакцыю, і нават ейнае аблічча, пададзена дазавана, як баство (ці доўгачаканае страхоцьце зь фільму жахаў); аблічча — як спакусьлівая маска, за якой хаваюцца чужыя жаданьні. Жанчына як пажадлівае люстэрка памкненьняў Адама, Штыркіна і гледачоў — вось той шлях, які ператварае звычайную гаспадыню хутару ў містычны сымбаль, жывую маску.

Але сымбалізацыі можна дасягнуць і цалкам супрацьлеглым мэтадам: герой тут дзейнічае, як дзейнічае Сьцепаніда ў “Знаку бяды”, альбо як малады Бэльмандо ў фільме “На апошнім подыху”.

Адам закахаўся ў Еву. Газьніца ліе сьвятло на ейны твар — спадніца ледзьве не загарэлася, з-за таго што нязграбны Адам упусьціў лямпу.

Партызан-уцякач Міхал (актор Ігар Дзянісаў) таксама зачараваны Еваю. Ён прамяняў лясы й балоты на цеплыню жаночага цела побач і, здаецца, ужо фізычна зьнясілены гэтай ненаеднаю цеплынёй.

Адам, які праходзіць выпрабаваньне, павінен забраць у дэзэрціра зброю і — гэтага патрабуе Штыркін — забіць здрадніка.

Фільм “Партызанская містэрыя” разбурае штампы, але ці ёсьць ён сапраўды карцінай пра Беларусь 1942 г.? Партызанская тэматыка тут — толькі чарговае ўвасабленьне старога міту пра адвечныя вандраваньні, пра абрады й рытуалы, якія ўвесь час паўтараюцца на беларускай зямлі. Тэма мсьціўцаў — толькі антураж. Ёсьць няскончаная й незавершаная ініцыяцыя, ахвярадаўства бяз вынікаў, містэрыя, у якую гвалтам зацягваюцца тутэйшыя жыхары, няскончаная містэрыя, бо скончыць яе азначае стаць іншым — забыцца сваю хату, зямельку, каханую жанчыну, забыцца на сваю тутэйшасьць. Штыркін, зразумела, не Вэргілій, які водзіць Дантэ — Адама — па апраметнай, але ён мусіць пакінуць Адама “там”.

На думку Андрэя Кудзіненкі, гэта фільм “пра жаночую помсту”, пра тое, як жанчына помсьціць вайне з дапамогаю Эрасу. Камэдыя пра Лісыстрату наадварот. Хутаранін Адам выходзіць на ганак. І за ягонай сьпінай зьяўляецца чарговы малады партызан, які выпраўляецца ў вандраваньне пад кіраўніцтвам дасьведчанага байца. Містэрыя закальцаваная. Рэжысэр рыхтуе яшчэ некалькі яе сэрыяў.

Андрэй Расінскі


Случай з пацаном

Падзеяй мінулага году можа справядліва лічыцца гран-пры, які атрымаў на маскоўскім Фэстывалі супэраматарскага кіно фільм “Случай з пацаном”, зьняты гарачым перадвыбарным летам кінастудыяй “Навінкі-хоўм-відэа” (рэжысэр Сяргей Лабан, апэратар Дзьмітры Модуль). Аматарская камэра, аматарская гульня актораў — гэта тое, да чаго імкнуцца сысьці са сваіх вышыняў супэркасавыя профі — Сьпілбэргі і фон Трыеры, шукаючы аўтэнтычнасьць у сьвеце, дзе пануе тэхналёгія культурнай вытворчасьці. Шукаючы праўду, галоўны герой “Случаю” (у выкананьні Ю.Канавальчыка) праўды быццам і не шукае. “На самам дзеле са мной в опшчэм нічэво не случылась”. Банальна сьцьвярджаць, што “праўда” — у ім самім. Праўда часоў “канца гісторыі”. Нічога не адбываеца. (Больш радыкальна — у амэрыканскім “Форэст Гампе”: What happened? Shit happened!”) Галоўны герой — як найбольш эпізадычны ў сьвеце “вялікіх герояў” сучаснага палітычнага тэатру. У сучасным “нетрадыцыйным” кіно падзеі часьцяком адбываюцца на фоне асноўнага дзеяньня, і тады зусім выпадковая дэталь нагружаецца падвойным і патройным сэнсам, што дае дадатковы камічны эфэкт.

Сярод лета на “мітынгу апазыцыі” раздаюць улёткі, вырабленыя яшчэ да дня сьвятога Валянціна. Выпадкова негераічны “галоўны герой” сьцягнуў са стала апазыцыянэра мабільны тэлефон, які, як неўзабаве высьветлілася, можа рэальна ўплываць на палітычныя падзеі ў вялікім сьвеце. А вялікім сьветам, паводле Геракліта, кіруе дзіця, якое проста забаўляецца, “гуляе ў косьці”. Такая мэтафізычная карціна сусьвету павінна выклікаць настроі самыя пэсымістычныя: дзе кіруе выпадак, там няма месца свабоднаму выбару. Але ў ключавым эпізодзе фільму “герой” праяўляе сваю прыхільнасьць да фундамэнтальных каштоўнасьцяў, адна зь якіх — сябрам нельга здраджваць, а кадэбістаў трэба біць у морду. “Герой” любіць піва, сяброў, сваю Малую, ён ня будзе мянтом і лахом. Палітычны маскарад і рэклямнае пераапрананьне ў “бусла”, абяцанкі “прэзіка” падняць зарплату да ста даляраў і абяцанкі “лідэра апазыцыі” (ролю якога сыграў рэдактар газэты “Навінкі” Паўлюк Канавальчык) — усё гэта фарс, невядома каму патрэбны. Абсурдны герой нечакана ўносіць сваю лёгіку ў наладжаны “парадак” няпростага мэзальянсу ўлады і апазыцыі ды ператварае ў абсурд лёгіку глябальна дэмаралізаванага і карумпаванага сьвету — “глябальнай палаты №6” “Навінак” — газэты для здаровых людзей.

Зьміцер Серабракоў

 

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0