Калёнка Алеся Бяляцкага

Абрасейваньне

Доўга ламаў галаву, як будзе слушна: абрушваньне, зрушваньне, зрасейваньне, абмаскаленьне… Урэшце напісаў — абрасейваньне. Абрасейваньне адбываецца ў выніку русіфікацыі. Гэта выцясьненьне беларускага складу мысьленьня, беларускіх вобразаў, беларускай мэнтальнасьці — словам, тое, што мэтадычна, на працягу сотняў гадоў рабілі з нашымі дзядамі, бацькамі, а цяпер — з намі.

У галаве вышыхтаваныя шэрагі калек, упаяныя ў мазгі з маленства: Красная плошча — найбольшая ў сьвеце, возера Байкал — самае вялікае і чыстае ў сьвеце, “музыка играет, барабаны бьют, ворота открывают, Ленина несут”, ванька-ўстанька, самавар, “вялікая Расея, але адступаць няма куды”, матрошка, “поле, рускае поле”, татарскае іга, “куля дура, штык — маладзец”, “Москва, как много в этом звуке...”, “па маленькай на пасашок”, “Гракі прыляцелі”, “Смаленск — спрадвечна рускі горад”, Салавей-разбойнік, Сьценька Разін, барыкады на Прэсьні, Пётар І, “во саду ли в огороде...”, Чапаеў, “служить бы рад, прислуживаться тошно”, рускія бярозы, “Канёк-гарбунок”, Барадзіно, “наша Таня громко плачет...”, Мінін ды Пажарскі, Юдушка Галаўлёў, “Іван Грозны забівае свайго сына”, Іван Сусанін, “кто к нам с мечем придет, тот от меча и погибнет”, “что русскому хорошо, то для немца — смерть”, сыр “Российский”, адэкалён “Тройной”, кілбаса “Московская”, пяльмені “Уральские”, цукеркі “Мишка не севере”… Працягваць ня буду, бо ўжо закруцілася ў галаве.

Усе гэтыя вобразныя шэрагі дзякуючы “пушкіністам” і “марыністам” пасьпяхова трапляюць у калёнкі беларускіх газэтаў. Так, адна журналістка, пішучы пра Гомель, распавядала, што гамельчукі, згодна са старадаўняй расейскай традыцыяй, любяць хадзіць у лазьні... Іншая выхаванка журфаку з захапленьнем пісала пра “даўні расейскі звычай” варажыць на Каляды, які ў нас распаўсюджаны дагэтуль. Адна дэмакратычная газэта доўгі час “карміла” чытача прыкметамі надвор’я, узятымі з расейскага фальклёру. А летась на Каляды ў Менску можна было купіць толькі адну беларускамоўную паштоўку з надпісам “Са святам Ражджаства!”.

Наколькі небясьпечныя такія “запазычаньні” для нашай культуры? Адзін мой знаёмы філёляг казаў, што ў мовах невялікіх народаў фіна-вугорскай групы, такіх як комі ці мары, амаль уся лексыка запазычаная з расейскай, свае засталіся адно прыстаўкі, суфіксы ды канчаткі. Дзіўнае ўражаньне складаецца ад чытаньня газэтаў на гэтых мовах.

Праглядаючы неяк адказы нашых палітыкаў на пытаньні пра любімую кнігу, песьню, фільм, я сярод дзесяці пазыцыяў убачыў толькі адну, зьвязаную зь беларускай культурай, — кнігу Васіля Быкава. Не было там і пазыцыяў, якія прадстаўлялі б эўрапейскую ці якую іншую культуру. Адныя “Падмаскоўныя вечары” ды “Белыя сонцы пустыняў”.

Нават на вясельлях ды гулянках, ці не адзіным месцы, дзе раскрываецца душа беларуса і дзе заўсёды раней можна было пачуць беларускія песьні, іх пяюць усё меней і меней, замяняючы на “кто-то с горочки спустился”…

Уяўляю, зь якім задавальненьнем глядзяць на ўсё гэта тыя палкоўнікі і парторгі, духоўныя дзеці генэрал-губэрнатара Мураўёва, якія раптам апынуліся пры ўладзе. Яны заўсёды разглядалі беларусаў як сыры этнаграфічны матэрыял для ўмацаваньня расейскай дзяржаўнасьці і расейскай нацыі.

Менавіта таму так важна сьвядомым беларусам працаваць над пашырэньнем беларускамоўнага поля, дабівацца беларускамоўнага навучаньня для сваіх дзяцей, купляць беларускія кнігі, відэакасэты, размаўляць па-беларуску, не камплексаваць і не трывожыцца, што ў нас культурнага набытку меней і што ён горшы. Ня меней і ня горшы! Дастатковы, каб выхаваць нармальнага па эўрапейскіх мерках чалавека.

Мяне трывожыць, што дзеля сумнеўнай каньюнктуры некаторыя грамадзка-палітычныя арганізацыі сьвядома перайшлі на расейскую мову, хаця касьцяк іх складаюць людзі, неабыякавыя да беларушчыны. Гэта згубная і бясплённая практыка. Ня раз беларушчыну спрабавалі закопваць рукамі беларусаў. Ня трэба спрыяць гэтаму — ахвотных далакопаў хопіць і бяз нас.

Алесь Бяляцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0