Азэрбайджан глядзіць на Захад

Апошнім часам у сусьветнай палітыцы ўсё большую ролю пачынае адыгрываць так званы “касьпійскі фактар”. Багаты на запасы энэрганосьбітаў рэгіён Касьпійскага мора прыцягвае значную ўвагу ўсіх “моцных гэтага сьвету” і падобна, што ў найбліжэйшым часе ён зробіцца галоўнай арэнай супрацьстаяньня паміж Злучанымі Штатамі і Расеяй. ЗША крэўна зацікаўленыя ў зьмяншэньні залежнасьці Захаду ад нафты краінаў Пэрсідзкае затокі. А Расея адразу па распадзе СССР абвясьціла гэты рэгіён “зонай сваіх жыцьцёвых інтарэсаў”. Абмеркаваньне “касьпійскага пытаньня” сталася абавязковым пунктам усіх “самітаў” кіраўнікоў гэтых дзяржаваў. Дый мэта вокамгненнага пашырэньня амэрыканскай прысутнасьці ў Цэнтральнай Азіі апошнімі месяцамі — найперш Касьпій.

У гэтым кантэксьце найбольш цікавай і шматзначнай падаецца пазыцыя адной з прыкасьпійскіх краінаў — Азэрбайджану. Сярод сваіх суседзяў ён пасьлядоўна “трымае абарону” супраць расейскай экспансіі ў рэгіёне. І дэманстратыўна чакае на “падмогу” з Захаду. Пра тое, што гэткая пазыцыя адной з былых рэспублік СССР не застаецца без увагі, ускосна сьведчыць нядаўні візыт у гэтую мусульманскую краіну папы Яна Паўла ІІ. Пастарская місія пантыфіка ў край, дзе ўсяго каля 200 католікаў, была больш падобная да акцыі па рэклямаваньні краіны на Захадзе.

Для большасьці ж беларусаў “краіна агнёў”*, нягледзячы на амаль 70-гадовае існаваньне ў рамках адзінай дзяржавы, дасюль застаецца “белай плямай”. Між тым, з улікам паступовага выхаду Беларусі з-пад уплыву Масквы і неабходнасьці мець уласную замежную палітыку і займаць уласную пазыцыю па ўсіх праблемах, што хвалююць рэшту сьвету, варта лепш знаёміцца з нашымі верагоднымі контрагентамі ў гэтай палітыцы.

Прапаную ўвазе чытачоў скарочаны пераклад рэфэрату вядомага азэрбайджанскага палітоляга і тэлежурналісткі, віцэ-прэзыдэнткі незалежнай тэлекампаніі EGM Хіджран Аліевай на міжнароднай канфэрэнцыі “Ўсход—Захад. Набліжэньне і падзелы. Гісторыя і сучаснасьць” (Варшава, 10 траўня 2002).

Ігар Лялькоў

Былыя “братнія рэспублікі” СССР вельмі кепска ведалі адна адну. Перш за ўсё, з прычыны спэцыфічнай арганізацыі савецкае навукі, калі ўсё, што выклікала спрэчкі й парушала “ідэалягічнае адзінства”, хавалася й замоўчвалася.

Савецкі міт пра ўсеагульны дабрабыт дарэшты вычарпаў сябе яшчэ да часоў “перабудовы”. Аднак хтосьці яшчэ доўгі час не жадаў разьвітацца з ідэямі гегелеўскага духу (у асноўным гэта тычыцца расейцаў), хтосьці перакрочыў цераз сваю “савецкасьць” цывілізаваным спосабам (як краіны Балтыі), а хтосьці так да канца й не зразумеў, што ўвогуле быў ёй закрануты.

Азэрбайджанец ня мог прыняць савецкі міт з прычыны сваёй “прыземленасьці”, скептычнага стаўленьня да любых міражоў, што выходзяць за рамкі штодзённага жыцьця. Ягоная прастора/час фармавалася вакол паняткаў “квартал” (па-азэрбайджанску “мягяльля” — пэўная аўтаномія, а ня частка чагосьці, як у слове “квартал”), “сям’я”, “кола крэўных” (па-азэрбайджанску “гогум-яграба” — тая самая аўтаномія), “пяцідзённы сьвет” (“бешкюнлюк дун’я”, то бок “ня варта штосьці плянаваць на тэрмін, большы за пяць дзён”). Ягоная сакральная прастора традыцыйна абмяжоўвалася домам і сям’ёю, куды савецкая ідэалёгія практычна не прасочвалася. Ён прызвычаіўся да таго, што навакольны сьвет варожы або прынамсі небясьпечны для яго й ягоных блізкіх, таму трэба да яго адаптавацца й ня брацца за справы, што выходзяць за межы забесьпячэньня сямейнага дабрабыту.

Азэрбайджанец ня быў “сапраўдным” падданым савецкай імпэрыі, не пачуваўся й грамадзянінам вялікай краіны (хіба адчуваў далучанасьць да перамогі ў “айчыннай вайне”), але ён прызвычаіўся жыць практычна без грамадзянскіх правоў, навучыўся па-майстэрску прыстасоўвацца.

Азэрбайджанец у cавецкія часы атаясамліваўся з гандляром гвазьдзікамі на расейскім базары. Палову заробленых грошай ён выдаткоўваў на азэрбайджана-расейскія “сувязі”, палову — на ліквідацыю наступстваў гэтых сувязяў у недалёкіх ад базару вэнэралягічных лякарнях. Пасьля вяртаўся да родных бакінскіх парнікоў, так і не пашпацыраваўшы па Краснай плошчы. Ён абсалютна не задумваўся пра тое, што менавіта Азэрбайджан доўгі час напалову забясьпечваў энэргарэсурсамі савецкую імпэрыю. Дагэтуль ад 1 да 3 мільёнаў азэрбайджанцаў зарабляюць менавіта ў Расеі.

Але зьвернемся да часоў “перабудовы” і распаду СССР, калі ўсё прыхаванае і прыціснутае пачало выходзіць вонкі. Адной зь першых праяваў гэтага стаўся канфлікт у Карабаху ў лютым 1988 г. Напярэдадні Акадэмія навук Арменіі напісала ў Маскву пэтыцыю, у якой прасіла перадаць Армянскай ССР тэрыторыі Нагорна-Карабахскай аўтаномнай вобласьці й Нахічэванскай АССР. Пасьля масавых выступленьняў тамтэйшых армянаў за далучэньне да Арменіі ў Азэрбайджан з Нагорнага Карабаху пайшлі першыя ўцекачы.

Аднак публікацыі пра канфлікт зьявіліся ў “цэнтральных газэтах” толькі пасьля падзеяў у Сумгаіце, дзе бежанцы-азэрбайджанцы ў сярэдзіне 1988 г. адказалі гвалтам на армянскія гвалты ў Сьцепанакерце. У расейцаў і іншых жыхароў эўрапейскае часткі СССР, што за доўгія паваенныя гады адвыклі ад масавага гвалту й беспарадкаў, падзеі ў Сумгаіце выклікалі шок.

Аднак савецкая масавая сьвядомасьць, не без дапамогі прэсы, хутка ўклала гэтую страшную падзею ў свае схемы. Аднавілася ўяўленьне пра нястрыманых, фанатычных і жорсткіх мусульманаў. Азэрбайджанцы — мусульмане-шыіты й цюркі адначасова — цудоўна адпавядалі двум аднолькава непрыемным стэрэатыпам. Як шыіты яны мелі “крэўныя сувязі” з іранскай рэвалюцыяй (цяпер месца іранцаў-шыітаў, увасабленьня “мусульманскай пагрозы”, занялі вахабіты). Як цюркі яны былі амаль туркамі, уяўленьне пра якіх у Расеі зьвязанае з вобразам янычараў, што бязьлітасна забіваюць хрысьціянскіх жанчын і дзяцей. Ня дзіва, што большасьць насельніцтва Саюзу адразу ўзяла армянскі бок.

Тагачасная “цэнтральная прэса” поўнілася фантастычнымі малюнкамі падзеяў у Азэрбайджане. Сьвецкі Народны фронт мог быць названы ісламскай арганізацыяй, мітынгі ў падтрымку іранскіх азэрбайджанцаў — хамэйнісцкімі.

Перапалоханае “расейскамоўнае” насельніцтва пачало выяжджаць з Азэрбайджану. Частымі зрабіліся выпадкі гвалту на расейскіх базарах, ахвярамі якіх сталіся тысячы мірных азэрбайджанскіх гандляроў. У азэрбайджанцаў усё гэта выклікала пачуцьцё адчаю, немагчымасьці прабіцца праз мур забабонаў, якія нараджалі дэзінфармацыю, што яшчэ больш замацоўвала гэтыя забабоны.

Народ, які прызвычаіўся быў да думкі, што адзіна магчымы шлях здабыцьця справядлівасьці — паскардзіцца “наверх”, мусіў самастойна вырашаць свае праблемы. Магчыма, менавіта тады ўпершыню за 72 гады азэрбайджанец успомніў пра панятак “свабода”. Спачатку з “дому”, са сваёй крэпасьці, выйшаў адзін, потым другі, трэці. Выйшлі тысячы й арганізавалі кругласутачныя мітынгі на плошчы Леніна, на плошчы Чырвонай арміі. Хто б ні знаходзіўся за кулісамі гэтых падзеяў, якімі б бязглуздымі акцыямі яны часам ні суправаджаліся, але менавіта тады выявіўся глыбінны інстынкт “прысутнасьці”, “удзелу”, “датычнасьці” да справаў сваёй краіны і ў гэтым сэнсе — да свабоды.

Але Расея заўсёды нагадвае “малодшым братам” пра сваё існаваньне: “Вы — не адны!” Крывавы ўваход савецкіх войскаў у Баку 20 студзеня 1990 г. выклікаў у азэрбайджанцаў шок. У сьвядомасьці цэлага пакаленьня адбыўся пералом у стаўленьні да Расеі. Падзеі асьвяжылі памяць пра Азэрбайджанскую Дэмакратычную Рэспубліку, пра яе ліквідацыю бальшавікамі праз 23 месяцы пасьля абвяшчэньня й пра крывавыя падзеі, што суправаджалі тут калектывізацыю. Усё паўтарылася. Доўгі час народ заставаўся ў здранцьвеньні. Самаўсьведамленьне было адсунутае на другі плян і падмененае разважаньнямі пра тое, што людзьмі на плошчы Чырвонай арміі маніпулявалі, што сярод іх былі правакатары. Масавая сьвядомасьць знайшла апраўданьне ўласнаму гвалту ў тлумачэньні, што ад “простага чалавека” ў гэтым сьвеце нічога не залежыць. Вось і зачыніўся азэрбайджанец ізноў у сваім доме, а пра атрыманьне незалежнасьці даведаўся з тэлевізіі. Праўда, кветкі са свайго парніка ён возіць ужо не на маскоўскія базары, а на магілы ахвяраў крывавых падзеяў 20 студзеня, палеглых за свабоду Азэрбайджанскай рэспублікі, тытулаваных шахідамі (мучанікамі). А што маем на сёньня? Карабахскае пытаньне так і ня вырашанае. Азэрбайджан страціў 20% сваёй тэрыторыі (сем раёнаў, прылеглых да Нагорнага Карабаху, трапілі пад армянскую акупацыю). Кангрэс ЗША ў 1992 г. прыняў “Акт аб ахове свабоды ў сувязі з карабахскім канфліктам”, які фактычна азначаў забарону фінансавай дапамогі Азэрбайджану на ўрадавым узроўні (на сёньня прэзыдэнт Джордж Буш перапыніў дзейнасьць гэтага акту ў адказ на падтрымку Азэрбайджанам апэрацыі ў Аўганістане).

Сучасная палітычная дактрына Азэрбайджану абвяшчае сваёй мэтай пабудову дэмакратычнай дзяржавы заходняга тыпу. Аднак дэмакратыя цяжка замацоўваецца ў Азэрбайджане, бо надта ўжо ёй супярэчаць “звычкі” і глыбока традыцыяналісцкія каштоўнасьці грамадзтва. Разам з тым, у Азэрбайджане лібэральна-дэмакратычным прынцыпам няма ніякіх сур’ёзных альтэрнатываў — ані камуністычнай, ані “ісламісцкай”. Адкуль жа ўзялося гэтае “заходніцтва”?

Каўказ здаўна цікавіў заходнія краіны багатымі нафтавымі рэсурсамі. Вядома ж, бяз нафты і прадуктаў зь яе немагчыма ваяваць. Падчас першае сусьветнае вайны Клемансо казаў, што “адна кропля нафты каштуе адной кроплі крыві нашых жаўнераў”, а Гітлер падчас другой сусьветнай любым коштам імкнуўся авалодаць бакінскімі нафтавымі радовішчамі. Менавіта на бакінскіх сьвідравінах стварыў сваё вялізарнае багацьце фундатар Нобэлеўскай прэміі й вынаходнік дынаміту Альфрэд Нобэль. Ён характарызаваў гэты рэгіён наступным чынам: “Тут перамяшаныя нафта, кроў і палітыка”. Гаспадарамі азэрбайджанскай нафты былі тады ангельцы і немцы. Толькі пасьля пераходу ўлады ў рукі бальшавікоў замежны капітал пакінуў гэты край.

У канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. у Азэрбайджане вялася напружаная культурная праца, якая зрабіла азэрбайджанцаў першапраходцамі ў мусульманскім сьвеце. Тут зьявіліся першая опэра, першы тэатар, першы сатырычны часопіс “Мола Насрадын”, слава якога разышлася далёка за межы Азэрбайджану, першая мусульманская газэта ў Расеі. Гэты ланцуг сканчаецца абвяшчэньнем першае рэспублікі ў мусульманскім сьвеце — Азэрбайджанскай Дэмакратычнай Рэспублікі (Турцыя была другой), якая адначасна была першай азэрбайджанскай нацыянальнай дзяржавай, — і першым пераходам з арабскага альфабэту на лацінскі (Турцыя і тут пайшла за азэрбайджанцамі). Чачэнцы клічуць азэрбайджанскіх “нацыяналістаў” “кяфілі” (“няверныя”, “тыя, хто згубіў веру”), бо нават ва ўмовах вайны з Арменіяй азэрбайджанскі нацыянальны рух застаўся “заходніцкім” і дэмакратычным. Нават згубіўшы 20% сваёй тэрыторыі, Азэрбайджан выступае за мірнае ўрэгуляваньне канфлікту з дапамогаю замежных назіральнікаў, а не імкнецца адваяваць свае землі. Цяжка сабе ўявіць, што б засталося, напрыклад, ад расейскага лібэралізму, каб Расея згубіла пятую частку сваёй тэрыторыі й была вымушаная прыняць 20 млн. бежанцаў (1,5 млн. для Азэрбайджану — тое самае, што 20 млн. для Расеі). Між тым, у сёньняшнім Азэрбайджане няма ніводнага паважнага палітычнага руху, які выступаў бы зь лёзунгамі антылібэралізму і антызаходніцтва.

Перад Азэрбайджанам стаіць мноства ўнутраных праблемаў. Трэба недзе разьмясьціць паўтара мільёна бежанцаў з акупаваных тэрыторыяў, знайсьці мірныя шляхі ўрэгуляваньня карабахскага канфлікту, хутчэй вызначыць статус Касьпійскага мора… Шлях Азэрбайджану да дэмакратыі й дабрабыту абяцае быць доўгім і цяжкім, але з “заходняга” кірунку разьвіцьця гэтая краіна наўрад ці калі саб’ецца.

Хіджран Аліева

* Назва Азэрбайджан паходзіць ад пэрсыдзкага слова азэр (“агонь”). Азэрбайджан — “краіна агнёў”, зямля, на якой гараць вечныя агні сьвятыняў зараастрызму — рэлігіі аўтахтонных пэрсыдзкіх насельнікаў гэтага краю.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0