Алесь Вялічка: Пратэстантаў значна больш, чым праваслаўных!

Аляксандру Калінаву апаніруе Алесь Вялічка, прэс-сакратар Саюзу хрысьціянаў веры эвангельскай (пяцідзясятнікаў).

“НН”: Ці зьняліся пытаньні на сустрэчах кіраўнікоў пратэстантаў з супрацоўнікамі Камітэту ў справах рэлігіяў?

А.В.: Япіскапаў-пратэстантаў выклікалі паасобку. Баптыстам, пяцідзясятнікам, харызматам казалі: “Гэты закон вас не закране, ён скіраваны супраць нэакультаў”. А на адным зь зьездаў баптыстаў прадстаўніца ўладаў заявіла, што баптыстаў не закрануць, а вось пяцідзясятнікаў будуць абмяжоўваць.

“НН”: Улады зьбіраліся вас пасварыць?

А.В.: Вядома! Яны сказалі нам, што лютэране напісалі разгорнуты рэфэрат: маўляў, баптысты і пяцідзясятнікі — не пратэстанты. Я зьвярнуўся да лютэранаў — яны і закону не чыталі, і рэфэрату не пісалі!..

У гутарцы было шмат хітрыкаў. Маўляў, зьбіраецеся вы па дамах — няхай сабе, але не сыстэматычна і ня масава. Насамрэч атрымліваецца так: людзі хочуць зарэгістраваць грамаду, зьбіраюцца, каб абмеркаваць статут, — прыходзіць участковы з трыма людзьмі ў цывільным, ладзіць ператрус і штрафуе.

“НН”: Ці падтрымліваюць законапраект каталікі?

А.В.: Сп.Калінаў кажа, што яго ўхваліў вікарны біскуп Менска-Магілёўскай каталіцкай дыяцэзіі Кірыла Клімовіч. Але насамрэч Клімовіч даслаў ліст, дзе адзначыў патрэбу ў законе й выказаў два дзясяткі заўваг. А яны апускаюць тыя заўвагі і заяўляюць, што рыма-каталікі падтрымалі. Тое самае з мусульманамі.

Падтрымала закон толькі праваслаўная царква, хоць афіцыйна гэта не прагучала. Чаму? Бо экспэртная рада Камітэту ў справах рэлігіяў напалову складаецца з службовых асобаў праваслаўнай царквы. Распрацоўвалі гэты закон афіцыйныя работнікі Экзархату.

Але Маскоўская Патрыярхія (мы маем інфармацыю ад сакратара Аляксія ІІ) выступае супраць закону. Іхная пазыцыя такая: пакуль пры ўладзе чалавек, які спрыяе праваслаўным, закон добры. Але як уладу атрымае чалавек, настроены супраць, увесь цяжар закону ўдарыць па іх. Бо самыя малалікія грамады — праваслаўныя. Нашая грамада ў Баранавічах налічвае 5000 чалавек, а праваслаўных актывістаў там ня больш за 100. З 1224 праваслаўных прыходаў малалікія складаюць 80%.

У кнізе Анатоля Круглова “Введение в религиоведение” падаецца рэальная колькасьць вернікаў у нашай краіне. Ён піша, што ў 1998 г. у Беларусі было 37,5% праваслаўных (ад агульнай колькасьці насельніцтва). З гэтай колькасьці 75% сумняюцца ў наяўнасьці Бога. З астатніх праваслаўных вернікаў 51% ніколі не былі ў царкве. З астатніх 76% ня вераць у другое прыйсьце Ісуса Хрыста. Выключаем і іх. З астатніх ніколі ня моляцца 32,9%. Застаецца 4,2% з тых, хто заявіў сябе праваслаўным. Калі браць гэтую статыстыку, дык нас значна больш! Хаця паводле падлікаў рэлігіязнаўцы Леаніда Землякова, праваслаўнымі вернікамі можна лічыць 14—16% насельніцтва Беларусі. Гэта крыху больш за 600 тысячаў чалавек.

“НН”: Распрацоўнікі закону разглядаюць яго як заслону на шляху дэструкцыйных сэктаў...

А.В.: А нам адкрытым тэкстам кажуць: “Вы надта шпарка расьцяце, а дзяржава вядзе палітыку стрымліваньня росту”. Нашыя тэлефоны праслухоўваюцца, часам нас адкрыта “пасьвяць”. Ёсьць спробы вэрбоўкі, шантажу. Дый няпраўда, што нас раней было мала: у 1988 г. у СССР было 5000 незарэгістраваных пратэстанцкіх грамадаў. Сёньня ў СНД 7000 зарэгістраваных грамадаў. Дзе тут рэзкі рост?

...Яны кажуць, што закон паставіць заслону дэструкцыйным сэктам. Але гэтыя сэкты — не аб’екты беларускага права, бо яны не рэгіструюцца.

Саентолягі? Іх можна назваць дэструкцыйнай сэктай, бо яны выкарыстоўваюць магутны псыхалягічны ціск. Але іх выкінулі з прававога поля Беларусі, не далі зарэгістравацца, і яны дзейнічаюць бяз гэтага!

Сатаністы? Паводле неафіцыйнай статыстыкі, іх у Беларусі каля 10 тысячаў. Але хто аналізаваў асновы іх веры? Калі б хацелі змагацца з гэтымі сэктамі, дык распрацавалі б закон аб экстрэмізьме, закон аб таталітарных сэктах і г.д.

Муніты? Іх складана назваць дэструкцыйнай сэктай. Хоць бы таму, што ў нашым заканадаўстве няма панятку дэструкцыі. Наагул, у новым законе шмат такіх паняткаў, тлумачэньня якім не даецца. “Масавы сход” — гэта колькі чалавек? “Рэгулярныя зборы”... Раз на год — гэта рэгулярна? Усе гэтыя пытаньні будуць вырашаць Калінаў і Круглоў. Хто такі Калінаў? Гэта чалавек, які мае вайсковую адукацыю. Чалавек з мысьленьнем падводніка лезе кіраваць такой тонкай сфэрай, як рэлігійныя адносіны.

“НН”: Якія яшчэ маеце прэтэнзіі да закону?

А.В.: Чаму нам спрабуюць навязаць рэлігійную структуру нашых грамадаў? Гэта ўмяшаньне ў асновы нашае веры!

На прэамбулу, якая нібыта ня мае заканадаўчай сілы, ужо спасылаюцца. 9 ліпеня на нарадзе вэртыкалі з прадстаўнікамі рэлігійных арганізацыяў Гомельшчыны было заяўлена: мы будзем супрацоўнічаць толькі з праваслаўнымі рэлігійнымі арганізацыямі, бо так стаіць у прэамбуле новага закону. Там сказана, што дзяржава вызначае прававыя асновы стварэньня і дзейнасьці рэлігійных арганізацыяў у адпаведнасьці зь іхнымі заслугамі перад дзяржавай. А нам скажуць: “У вас уплыву няма, вы не дамінуючая рэлігія”.

Калі праваслаўе імкнуцца зрабіць дамінуючай рэлігіяй, дык мы ім замінаем. Бо дэ-факта яны не дамінуюць. Ва ўсім сьвеце ідзе спад росту артадоксіі. Сёньня на Зямлі больш за мільярд пратэстантаў, 1,5 млрд. каталікоў і толькі 100 млн. праваслаўных.

“НН”: Ці ёсьць сучасныя пратэстанты духоўнымі спадкаемцамі Радзівілаў, Цяпінскага?

А.В.: Па-першае, мушу заўважыць шаноўнаму прадстаўніку рэлігійнага ведамства, што ні Радзівілы, ні Сапегі не былі лютэранамі. А па-другое, калі разьвіць лёгіку сп.Калінава, дык можна сказаць, што і праваслаўе ня мае нічога супольнага з тым, якое было ў XVI—XVII ст. Хоць бы таму, што яно істотна зьмянілася, калі Пётар І увёў Сынод, замяніўшы ім патрыярха. І з гэтага гледзішча праўдзівай праваслаўнай царквой сёньня ёсьць стараверская.

Мы — законныя пераемнікі тых пратэстантаў, якія былі тут у XVI—XVII ст.

“НН”: Ці правамерныя пададзеныя сп.Калінавым параўнаньні з эўрапейскім заканадаўствам?

А.В.: У Аўстрыі закон дазваляе рэгістраваць грамаду толькі колькасьцю 300 чалавек. Але ён накіраваны на тое, каб цэрквы не сядзелі спакойна, а вялі місіянэрскую дзейнасьць. Вялікая грамада (ад 300 сяброў) рэгіструецца, каб мець нейкія падатковыя і іншыя палёгкі. Аднак адначасова не забараняецца дзейнічаць незарэгістраваным грамадам, меншым па ліку. Наш закон розьніцца ад эўрапейскіх тым, што там законы накіраваныя на разьвіцьцё рэлігіі, а наш — на прыгнёт.

Для нас важна было б, каб у законе зьявіліся дзьве папраўкі:

1) права рэлігійнай групе дзейнічаць без рэгістрацыі;

2) вярнуць рэлігійным грамадам права выдаваць газэты, засноўваць адукацыйныя ўстановы і іншыя правы, якія закон дазваляе толькі рэлігійным аб’яднаньням.

“НН”: Ці пройдзе закон увосень у савеце рэспублікі?

А.В.: А якая розьніца? 70 гадоў савецкай улады выхавалі ў пратэстантаў абыякавае стаўленьне да закону. Мы ня хочам, каб паўтараўся савецкі час, калі былі арышты за тое, што чалавека бачылі зь Бібліяй. Моладзь, якая выгадавалася сёньня, імкнецца жыць паводле законаў. Але для гэтага закон мусіць быць законам, а не беззаконьнем. Гэты ж ніхто з пратэстантаў выконваць ня будзе, я абяцаю! Будзеце нас саджаць? Для верніка пасядзець за тое, што ён прапаведуе Слова Божае, — як камуністу ордэн Леніна атрымаць.

Размаўляў Аркадзь Шанскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0