Каб адчуць дух Магілёва, абавязкова трэба спусціцца на Падміколле і дайсці да Мікольскага манастыра — шэдэўра непаўторнага архітэктурнага стылю.
Калі ў Магілёве, у Верхнім горадзе, падысці да вала Георгія Каніскага і ад Ратушы паглядзець на панараму горада, то адкрыецца шырокая абалонь Дняпра са старажытнымі прадмесцямі. Адразу за абарончым валам вы пабачыце Падміколле. Назва паходзіць ад старажытнага Мікольскага праваслаўнага манастыра.
Яго архітэктуру не зблытаеш і не забудзеш: гэта такое смелае спалучэнне барока і старабеларускіх гатычных матываў.
На грыве
300—400 гадоў таму Магілёў быў самым заможным пасля Вільні горадам Беларусі. Дняпроўскі гандаль рабіў яго багатым. Горад рос, на гары ўжо не змяшчаўся.
Падміколле пачало актыўна засяляцца ў пачатку XVI стагоддзя, калі сюды прыехала шмат жыхароў з розных мястэчак і асабліва з горада Смаленска. Вось як пра гэта паведамляецца ў Баркулабаўскім летапісе:
«А тыя, што селі на слабадзе, на Грыўцы*, на беразе Кашчавага, каля Дзесяціннае царквы, іх продкі са Смаленска, прышлыя смаляне: Гаўрыла Дрыстун, Іван Бяляй, Максім ды многія іншыя, а таксама Аўтушка Багаты — гэтыя ўсе са Смаленска прыйшлі».
У XVI стагоддзі тут сфарміраваўся Пакроўскі пасад, які займаў тэрыторыю ад ручая Дзебра да правага берага Дняпра. Яго назва пайшла ад Пакроўскай царквы. У сваю чаргу пасад дзяліўся на некалькі «соцень»: Курдзянёўскую, Грыўлянскую, Пярэхрысцінскую, Слабадскую, Беражскую і Выганскую — па старых назвах урочышчаў, у якіх ставілі дамы (Выган, Бераг, Грыва, Слабада).
Вядомы ліст караля Жыгімонта І ад 1525 года, дадзены «смалянам Міхаілу і Івану з іх таварышамі, якія пасяліліся каля Магілева на Грыўцы між Стругой і Дняпром».
Да пачатку XVII стагоддзя на Пакроўскім пасадзе было каля 400 прыватных пляцаў. Існавала шчыльная сетка вуліц: Падвальная (гэта значыць, тая, якая праходзіла пад абарончым валам), Пярэхрысцінская, Пакроўская, Мікольская, СтараЧарнігаўская, Курдзянёўская, Касцерня і іншыя.
Тут жылі рамеснікі і купцы: дойліды, гарбары, півавары, шаўцы. У XVIII—XIX стагоддзях на пасадзе жылі таксама Трубніцкія — летапісцы Магілёўскай хронікі.
Манастыр не стаяў у чыстым полі, як цяпер. Сёння, гледзячы на пустую роўнядзь вычышчанага экскаватарамі прадмесця, цяжка паверыць, што сотні гадоў тут, на цесных вуліцах багатага горада на ўскрайку Еўропы, віравала жыццё.
Пасад амаль цалкам знеслі немцы ў 1943—1944 гадах. Рыхтуючы горад да абароны супраць Чырвонай арміі, нямецкае камандаванне расчышчала сектары абстрэлу на подступах да горада. А пасля вайны Падміколле паступова ператварылася ў закінуты глухі гушчар.
Аж да 1960-х гадоў Дняпро штогод моцна разліваўся, і Падміколле моцна затаплялася ў паводку. З затопленых вуліц магілёўцы нікуды не высяляліся і жылі на гарышчах, а па вуліцах перасоўваліся на лодках. На пэўны час частка горада па вясне пераўтваралася ў Венецыю. Забалочаная тэрыторыя каля ракі называлася Балонне (г. зн. абалонь). Каб можна было праехаць да моста, праз Балонне пракладалася гаць. Калі вада спадала, жыхары на гэтай урадлівай зямлі садзілі агароды. Цяпер гэта санітарная зона водазабору гарводаканала.
Але было і такое ўзвышанае месца на пасадзе, так званая «грыва», якое не затаплялася ў час разліву. Менавіта на гэтым узвышэнні і быў пабудаваны манастыр.
Праваслаўнае барока
Даўней-даўней Мікольская царква існавала ў Верхнім горадзе. Пры гэтым храме ў 1607 годзе нібыта вучыў дзяцей будучы прэтэндэнт у расійскія цары Лжэдзмітрый II.
У 1636 годзе кароль Уладзіслаў IV даў дазвол кіеўскаму мітрапаліту Пятру Магіле пабудаваць на Грыўлянскай сотні новую царкву Святога Мікалая з памяшканнем для манастыра. Ініцыятарам будаўніцтва былі «шляхціч Макавецкі» і магілёўскія братчыкі. Спачатку паўстала драўляная, а ў 1672 годзе — мураваная царква.
З цягам часу вакол яе вырас цэлы комплекс Свята-Мікольскага манастыра: дзве царквы, званіца і некалькі жылых і гаспадарчых будынкаў з мураванай агароджай і брамай. Пры манастыры дзейнічалі школа і шпіталь — так называлі прытулак для старых і нямоглых.
Свята-Мікольская царква — гэта ўнікальны помнік у стылі, які называюць «магілёўскім барока».
Яе франтоны надзвычай нагадваюць франтоны праваслаўнай гатычнай царквы-крэпасці ў Мураванцы Шчучынскага раёна — такая дзівосная пераемнасць між храмамі, якія раздзяляюць сотня гадоў і чатыры сотні кіламетраў.
Рэч у тым, што раней храмы такога тыпу былі і на ўсходзе Беларусі. Але да нашых дзён праваслаўная готыка захавалася толькі ў Мураванцы і Сынкавічах Зэльвенскага раёна.
Мікольская царква — трохапсідная крыжова-купальная базіліка з васьмігранным светлавым барабанам. Над сяродкрыжжам знаходзіцца масіўны купал. Двухвежавы галоўны фасад падобны на іканастас: падзелены карнізамі на 3 гарызантальныя ярусы, якія аздобленыя аркатурай з ляпным раслінным арнаментам.
Нішы фасада цяпер упрыгожаныя фрэскамі — яны сучасныя. У 1990-я палічылі, што нішы ствараліся для фрэсак.
Інтэр’ер двума радамі калон дзеліць прастору храма на тры нефы.
Аздоба святыні — чатырох’ярусны іканастас, зроблены ў XVII стагоддзі мясцовымі майстрамі ў тэхніцы беларускай аб’ёмнай рэзі з пазалотай, або «флемскай рэзі». Лепшага ўзору «флемскай рэзі» ў Беларусі няма.
Старажытныя фрэскавыя роспісы захаваліся толькі часткова ў алтарнай частцы і ў светлавым барабане. Самыя раннія роспісы адносяцца да другой паловы XVII стагоддзя — гэта кампазіцыя «Новазапаветная Тройца» і выявы евангелістаў на ветразях на скляпеннях купала. Штосьці з фрэсак — XVIII стагоддзя. У 1990-я і 2000-я рабіліся і сучасныя роспісы фасада і інтэр’ера.
«Астатняе дакончылі смялейшыя гараджане самі»
У час Паўночнай вайны ў 1708 годзе па загадзе цара Пятра І Магілёў быў спалены, моцна дасталася і Мікольскаму манастыру. Што не расцягнулі салдаты Пятра, да таго прыклалі руку тутэйшыя «неабыякавыя грамадзяне». Вось як пра гэтыя падзеі паведамляе магілёўскі летапісец: «Калі калмыкі адбілі царкву Святога Міколы і павыцягвалі куфры, то некаторыя з-за агню ад’ехалі прэч, а астатняе дакончылі смялейшыя гараджане самі. Нават мікольскія папы і дзякі тады добра ўзбагаціліся… У царкве Святога Міколы пагарэлі таксама аздобныя і прыгожыя купалы. У самой царкве пагарэлі ўсе хоры і дзверы, зачаліся былі гарэць і лаўкі, але людзі лаўкі паразбіралі і алтар абаранілі. У званоў пагарэлі калодкі, а большы звон, калі падаў на акно, стукнуўся аб поручні і моцна ад гэтага падзення зверху патрэскаўся».
У XVIII і XIX стагоддзях манастыр паднаўлялі і дабудоўвалі. Так, у 1798 годзе паўстала «цёплая» царква ў гонар Святога Ануфрыя ў стылі класіцызму.
А ў XX стагоддзі для манастыра пачаліся цяжкія часы. У 1922 годзе былі канфіскаваныя ўсе рэлігійныя атрыбуты, зробленыя з золата і срэбра. А ў 1930-м са званіцы знялі ўсе званы.
Потым манастыр зачынілі, а яго будынкі былі прыстасаваныя пад турму НКВД. Пасля вайны тут размясцілася кніжная база. У 1954—1955 гадах унікальныя фрэскі Мікольскай царквы былі замазаныя і атынкаваныя. Але ўжо ў 1972—1978 гадах пэўную частку фрэсак адкрылі беларускія рэстаўратары.
Манастыр быў вернуты вернікам толькі ў 1989 годзе. Цяпер у манастыры — 17 паслушніц на чале з ігуменняй Еўфрасінняй.
Чаму ж такі ўнікальны помнік архітэктуры не ў спісе ЮНЕСКА? Гэта няпростая справа. Сучасны стан Мікольскай царквы не зусім адпавядае выгляду XVII стагоддзя. Каб трапіць у спіс ЮНЕСКА, трэба аднавіць аўтэнтычныя фрэскавыя роспісы і першапачатковы выгляд галоўнага фасада.
Пакроўская царква
Ад Мікольскага манастыра да Дняпра ішлі дзве вялікія вуліцы, Пакроўская і Мікольская. Яны вялі да Пакроўскай царквы і касцёла Святога Антонія.
Побач з Пакроўскай царквой была званіца Арханёла Міхаіла і Пакроўскі шпіталь, каля якога ў 1661 годзе пахавалі частку выразаных магілёўцамі маскоўскіх стральцоў.
Пакроўскую царкву знеслі ў 1950-х гадах, а на месцы яе падмуркаў узвялі рэзервуар для захоўвання вады для водаканала. Захаваліся, аднак, падмуркі званіцы, што дазволіла распачаць адбудову і званіцы, і царквы.
Кляштары бернардзінцаў і марыявітак
Недалёка ад Пакроўскай царквы, на самым беразе Дняпра, каля параходнай прыстані, стаяў каталіцкі барочны кляштар бернардзінцаў і касцёл Святога Антонія.
У 1930-х кляштар перадалі НКВД пад майстэрні. Будынак згарэў летам 1941-га падчас абароны Магілёва і канчаткова быў знесены пасля вайны. Падмуркі касцёла захаваліся, і ў будучыні яго таксама можна будзе аднавіць проста на іх.
А вось каталіцкі кляштар марыявітак быў драўляны і да нашага часу не захаваўся.
Школішча
Паміж кляштарам бернардзінцаў і абарончым валам Верхняга горада жылі магілёўскія габрэі, а іх квартал называўся «Школішча», або «Жыдоўскае школішча» — таму што тут знаходзіўся хедар, габрэйская школа. Сапраўднай перлінай Школішча была драўляная сінагога XVII стагоддзя. У XVIII стагоддзі яе аздобіў мастак са Слуцка Хаім бен Іцхак Айзэк Сегал, па адной з версій — прадзед Марка Шагала.
У 1937 годзе яе зачынілі, а ў 1938-м разабралі на бярвёны для калодзежаў.
Захаваліся замалёўкі роспісаў гэтай сінагогі. Яны былі геніяльныя, проста плакаць хочацца ад таго, якія культурныя багацці Беларусь страціла.
Цяпер ад колішняга габрэйскага на Падміколлі засталася толькі невялікая аднапавярховая мураваная сінагога пачатку XX стагоддзя на вуліцы Вялікай Грамадзянскай, 13.
Роспісы сінагогі са Школішча замаляваў Эль (Эліезер) Лісіцкі — вялікі авангардыст, заснавальнік супрэматызму. У 1916-м ён ездзіў па Беларусі, фіксуючы помнікі габрэйскай старажытнасці. Рэпрадукцыі роспісаў са Школішча ён апублікуе ў 1923-м у Берліне. Лісіцкі быў адным з заснавальнікаў «Култур-ліге» — суполкі, якая ставіла на мэце стварэнне «новага яўрэйскага мастацтва». Шматвекавую народную творчасць яўрэяў, выяўленую ў тым ліку ў такім шэдэўры, як роспіс Халоднай сінагогі ў Магілёве, ён лічыў доказам цывілізацыйнага права яўрэйскага народа на існаванне — ва ўмовах татальных тады антысемітызму і абвінавачванняў у паразітызме.
Вялікая Грамадзянская
Вялікая Грамадзянская вуліца — галоўная вуліца Пакроўскага пасаду — праходзіць праз усё Падміколле і Школішча. Пры цары яна называлася Вялікая Мяшчанская, а ў часы Вялікага Княства — Пярэхрысцінская. У 1706 годзе менавіта па гэтай вуліцы пасля агляду свайго войска з «великою ассистенциею офицеров Русских, Немецких и Польских панов» праз Алейную браму ўязджаў у Магілёў маскоўскі цар Пётр І.
На гэтай вуліцы ў 1930-х гадах жылі краязнавец Даніла Васілеўскі і паэт Юрка Гаўрук, перакладчык Уільяма Шэкспіра на беларускую.
На вуліцы Вялікай Грамадзянскай нарадзіўся Геранім Філіповіч — чалавек унікальнай захопленасці і адданасці роднаму гораду. Гэта ён адшукаў арыгінал Магілёўскай хронікі Трафіма Сурты і Трубніцкіх. А ранкам 13 ліпеня 1941 года ў якасці супрацоўніка Магілёўскага дзяржаўнага музея ён быў сведкам вывазу Крыжа Еўфрасінні Полацкай супрацоўнікамі Наркамата дзяржбяспекі СССР з памяшкання музея ў Расію. Здаецца, ён быў апошнім беларусам, які бачыў гэтую святыню.
Менавіта на Вялікай Грамадзянскай у жніўні 1956 года быў знойдзены вялікі скарб з 3200 сярэбраных манет, схаваны, імаверна, у бурныя 1650—1660-я гады. На Падміколлі проста на зямлі часам знаходзяцца неймаверна каштоўныя рэчы. «Стукнеш пяткай — выпадзе пятак», — кажуць пра такія мясціны. Для «чорных капачоў» там заўсёды быў сапраўдны палігон…
Нават цяпер падчышчанае, рафінаванае Падміколле — гэта месца, дзе можна пра ўсё забыцца і пагрузіцца ў атмасферу пазачасавасці.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ-
«Найбольш адчувальныя змены — у прэзентацыі паўстання Каліноўскага». Як змяніліся беларускія падручнікі па гісторыі
-
90 гадоў з дня нараджэння Станіслава Шушкевіча — архіўны фільм «Нашай Нівы» пра першага кіраўніка незалежнай Беларусі
-
Выхадзец з беларускай шляхты 28 гадоў кіраваў савецкай замежнай палітыкай. Чым запомніўся Грамыка, які атрымаў мянушку Містар Не
Каментары
старабеларускія гатычныя матывы ? ) смелая заўвага )