Алесі К.

Новая-сьвежая ялінка сьціпла бліскала агеньчыкамі за сьпінай Галоўнага. Тонкая капэрта легла на стол перад няголеным чалавекам з чырвона-вінаватымі вачыма на пакамечаным твары. Да Калядаў заставалася колькі дзён.

— Гэта твой апошні заробак у нашай рэдакцыі, спадар А., — сказаў Галоўны й пасунуў канвэрт ад сябе ў бок візыцёра.

Няголены А. сутаргава схапіўся за грошы, але затрымаў руку на стале:

— У мяне ёсьць новы праект…

Галоўны стомлена матлянуў галавою:

— Зьвяртайся ў “МіЛ”. Там надрукуюць ня гледзячы. Заплацяць — на чарку хопіць.

— Я не магу ў “МіЛ”. Я ж з вамі… ад пачатку.

— Паслухай, — Галоўны ледзь стрымліваўся. — За гэты год ты не нарадзіў ніводнае талковае тэмы. Усе твае матэрыялы я перапісваў ад пачатку да канца. Мы трымалі цябе да апошняга з павагі да тваіх колішніх заслугаў. Але рэдакцыя ня можа займацца дабрачыннасьцю. Ты ж ня Помнік, якому пры жыцьці плацяць пэнсію. Забірай ганарар — на сьвяты мусіць хапіць. Ты звольнены. Можаш прыносіць свае тэксты, будзем глядзець. Але я ня веру ў цуды.

* * *

— Ну што?! Даў? — Помнік з Кастылём чакалі за рогам будынку, у якім месьцілася рэдакцыя.

Мянушка падобнага да тхара літаратара Кастыля ўтварылася ад прозьвішча Кастэнка. З Помнікам было складаней. Калісьці яго звалі Шурык. Ён прыехаў у Горад з глухое памежнае вёскі і, трапіўшы ў асяродак авангардна-элітарнага творчага падпольля, “за кумпанію” пачаў пісаць вершы. Калі авангард выйшаў з падпольля, Шурык быў ужо кумірам, вялікім паэтам. Зьяўленьне Шурыка на публіцы выклікала бурлівую рэакцыю. Мужчыны мелі за гонар выпіць з такім чалавечышчам, а жанчыны — ня толькі выпіць. Адзін з колішніх падпольшчыкаў, пасьпяховы бізнэсовец, у парыве захапленьня прызначыў Шурыку пажыцьцёвую прэмію-пэнсію. Грамада верыла, што Шурык — той самы новы Пясьняр, які праславіць Айчыну, якая адраджалася. А Шурык хадзіў па Горадзе зь пляшкай у кішэні дарагога палітона й пужаў людзей учарнелым ад гарэлкі тварам. Бывае, зловіць якога народнага мастака, паэта ці проста добрага чалавека — і прымушае піць зь ім, з Шурыкам! З самым-самым… Так Шурык ператварыўся ў Помніка. У прыжыцьцёвага. Самому сабе.

З часам “пэнсія” спонсарская ператварылася ў нерэгулярныя падачкі — на пахмелку. Ды дзе там гора-бяда! Падпільнуе Помнік знаёмца: “Давай паэму прачытаю”. — “Не, Шурычак, сьпяшаюся”. — “Тады налі сто грамаў”…

* * *

— Ну што — даў? — прасіпеў Помнік.

— Даў, — абыякава адказаў А.

— Я ж казаў, я ж гаварыў, што дасьць! — Помнік карцінна ўкленчыў на засьнежаным тратуары і ўзьняў рукі да нябёсаў, нібы той Распуцін у хвіліны містычнага экстазу. Мусіла выглядаць, што Галоўны не заплаціў бы заробку А., каб ня Помнікавы “малітвы”. Сам Помнік баяўся Галоўнага, бо той адным зь першых заплюшчыў вочы на велічнасьць “прарока-песьняра” й выставіў Шурыка за дзьверы.

Помнік моргнуў у бок зорачкі над шпілем дому, дзе месьціўся гастраном. Пасьля страпянуўся й зрабіўся мітусьліва-заклапочаным:

— Так, на вуліцы піць ня будзем. Халодна, дый мянты тут злыя. Тыдзень таму далі дубца — дагэтуль баліць. Зараз скокну пад шпіль, вазьму пляшачку… Не — тры. Сёньня ў мастака С. народзіны. Майстэрня тут побач. Пасядзім культурна. Давай грошы, А.

— Дык нас жа ніхто не запрашаў да С., — ашчэрыўся Кастыль.

— А, не пязь…і, — адмахнуўся Помнік. — А., чуеш? Давай грошы. А то магазын закрыюць, сёньня ж скарочаны дзень.

* * *

— …Давайце вып’ем за А., — грымеў сіпаты голас Помніка за сталом у майстэрні С. — Сёньня яго скаціна Галоўны звольніў з працы. З гэтае паскуднае газэткі — цьфу!

— Не трындзі, Шурык, — шчэрыўся Кастыль. — Газэта добрая. Проста ты зайздросьціш. Цябе ў ёй ужо пяць гадоў не друкуюць.

— А чаму не друкуюць? — узьвіўся Помнік. — А таму, што я бабу Галоўнага таго, цю-цю.

— Па-першае, пра бабу — хлусьня. Па-другое, цябе не друкуюць, бо ты ня пішаш.

— А во апошні верш:

Я ляжу ў бульбяне,

Вакол немцы мяне.

Схопяць ці не?

Не, не, не!..

— Гэта яшчэ хтосьці ў пяцідзясятых напісаў-прыкалоўся.

— Т-а-ак? — непадробна зьдзівіўся Помнік. — А я таксама напісаў. Значыць, сапраўды геніяльны верш. Ну, налівай.

А. кульнуў і падумаў: “Мне гамон. Самае прыкрае, што, калі ўзяць і засіліцца, на хаўтуры прыпрэцца Помнік і зробіць сябе галоўным героем імпрэзы. Будзе распавядаць, які ён быў мне сябар. Як ён мне дапамагаў, як падтрымліваў. І што астатнія — скаты. Недагледзелі, недапільнавалі такога выдатнага чалавека. І толькі ён, Помнік, папярэджваў”.

* * *

“…Якое чысло, ці пасьпею да вёрсткі нумару? — думка прымусіла прачнуцца, але вачэй А. не пралупіў. — Нумар здаецца за дзень да Калядаў. Трэба прынесьці такі тэкст, каб Галоўны выкінуў іншы-горшы. Патрэбны шэдэўральны тэкст — тады я маю шанец”, — А. паспрабаваў расплюшчыць вочы і зноў ня здолеў. Нос упіраўся ў якуюсьці затухлую апранаху. А. ледзь дыхаў — цьвільлю, перагарам і ўласным потам ад немянянае колькі дзён адзежы. “Цікава, дзе я?” Паспрабаваў павярнуцца — нібы малаток ляснуў у галаву. А. застагнаў.

— Божухна, хто тут? — аднекуль здалёк узьнік устрывожаны жаночы голас.

— Ня бойся, Адэлька, гэта сябручок Помніка й Кастыля. Прыперліся ўчора да майго С. на дзень нараджэньня. Тых я разагнала, а гэтага не адужала. Адрубіўся першы. І мужык мой такі самы — імяніньнік! Назюзюкаўся ды заваліўся за халстамі. Скаціна… Разьвёў у майстэрні немавед што. Тут такія госьцікі часам бываюць — крый Божа.

— Ды не нэрвуйся так, Галінка. Не такі ўжо й кепскі твой С. — толькі слабахарактарны крыху. Але ж ты зь ім ужо колькі гадоў жывеш. Значыць, любіш.

— Ды дзе там тая любоў, — цяжка ўздыхнула жанчына.— Няма сілаў. Ачуняе — скажу, што разводжуся, — з грукатам узьнялася з зэдліка ды патэпала да газавае пліты. Вярнулася да стала. Наліла каву ў кубачкі і працягнула:

— А ён тады пачне на калені ставаць ды клясьціся, што гэта апошні раз. Што жыць безь мяне ня можа…

Падумала, сумна ўсьміхнулася:

— А й праўда — ня зможа. Шкада яго — вось і ўся любоў.

Жанчыны пасядзелі моўчкі, запалілі цыгарэціны.

— А ты, Адэлька, чаго хліпаеш? — зьдзівілася Галіна. — Ты ж прыгожая, разумная, таленавітая. Чаго табе трэба? Сядзіш у сваіх Засьценках, як царэўна-несьмяяна. Карціны ва ўсім сьвеце прадаеш. Гады ў рады ў Горадзе зьявішся — адразу вакол хмара мужыкоў з мабільнікамі віцца пачынае. Я раз бачыла, як консул нейкі кветкі табе дарыў. Чаго ты чакаеш?

Адэлька пахіліла галаву:

— І ў Засьценкі да мяне прыяжджаюць. Па карціны. І кветкі прывозілі, пакуль я не забараніла… А Горад не люблю вось чаму. Чатыры гады таму я сустрэла Яго. Апошні курс Акадэміі, рыхтавалася да дыплёму. Занесла мяне раз на абсалютна бязглуздую імпрэзу — канфэрэнцыю па выніках году. Ён сеў побач, дастаў нататнік, але глядзеў не на прамоўцаў, а ўвесь час на мяне. А пасьля запрасіў на каву, і пачалося… Як казка нейкая. Праз колькі месяцаў Ён зрабіў мне прапанову. Я была такая шчасьлівая! Ажно ўявіла, што ня вытрымаю такога шчасьця — дурніца. Патэлефанавала і сказала, што мы больш не пабачымся. Так яно й сталася. Ён зьмяніў жытло й працу. Я пільную ўсе газэты: калі й піша цяпер, дык пад псэўданімам…

Зацягнулася цыгарэтай:

— Я абараніла дыплём і вярнулася ў свае Засьценкі. Гэта ж невыносна: жыць з чалавекам у адным горадзе, ведаць, што ён дзесьці побач і што можаш сустрэць яго на вуліцы. А ён адно ўсьміхнецца, моўчкі памахае рукой ды пойдзе далей. Вось і зьехала… А іншых мне ня трэба.

Дапілі астылую каву. А. ляжаў — не варушыўся. Адэлька ўзьнялася:

— Пайду я. Хутка цягнік. Трэба яшчэ набыць падарункі сваім у Засьценках.

А. слухаў, як разьвітваліся кабеты, літаральна ўціснуўшыся ў пасьцелены на падлозе стары палітон.

* * *

У рэдакцыі панавала звычайная перад здачай нумару мітусьня. Усе імкнуліся хутчэй завяршыць справы, каб пасьпець падрыхтавацца да Калядаў. А. ціхенька шмыгнуў міма кабінэту Галоўнага да стала свайго колішняга прыяцеля Фэлікса, які сядзеў, упёрты ў кампутар.

— Дзядзьку, выручы мяне, — адчайна й адначасова рашуча выгукнуў А. замест вітаньня.

— Грошай ня дам, — гэтаксама адчайна й рашуча адказаў Фэлікс. — Сёньня зранку твой сябрук Помнік прыходзіў, ледзь адкупіліся. Магу пляшку шампанскага “пазычыць”.

— Я не пра грошы, — А. не міргаючы глядзеў на Фэлікса. — Дастань дыктафон. Уключы яго.

Фэлікс неахвотна выканаў просьбу.

— Слухай, — пачаў А., — гэта было гады чатыры таму, акурат перад Калядамі…

Распавядаў спакойна, крыху манатонна. На сканчэньне разьвёў рукамі:

— Як толькі яна сышла, падняўся з паліто й ціхенька, каб не пачула гаспадыня, уцёк з майстэрні. І вось я тут.

— І што я мушу рабіць з запісам? — запытаўся Фэлікс.

— Гэта ж шыкоўная гісторыя! Гатовы тэкст, які толькі трэба зьняць з дыктафона. Галоўны мяне звольніў. А гэта мой шанец. Ад цябе я прашу канцоўку. Калі ласка, прыдумай што-небудзь круцейшае за хэпі-энд, — А. скарыстаўся з разгубленасьці Фэлікса і пачаў адступацца да дзьвярэй. — Я пагуляю пару гадзінак, а ты падумай над фіналам, добра?.. Ты ж сапраўдны пісьменьнік.

* * *

Калі А. вярнуўся, перад Фэліксам на стале ляжалі некалькі сьвежараздрукаваных на прынтэры аркушыкаў. На першым стаяла імя А.

— Напісаў?

— Амаль, — змрочна адказаў Фэлікс. — Я зьняў твой расповед са стужкі слова ў слова. Але не стае апошняга сказу. Я зрабіў колькі даведак і…

Фэлікс працягнуў А. запісаны нумар тэлефону:

— Звані!

— Куды?

— Звані й кажы, што кахаеш яе. І не забудзься купіць кветкі, як паедзеш. Цягнік праз гадзіну.

А. паглядзеў на паперку з нумарам і ўзяўся за слухаўку.

— Для Галоўнага я напішу за цябе іншае апавяданьне, а гэтае, — Фэлікс уклаў у руку А. аркушыкі, — ты павязеш Ёй. На Каляды.

І дадаў:

— Шампанскае ў шафе.

Севярын Квяткоўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0