У часы, калі адзіным ухваленым відам каханьня была «любоў да вялікай Родзіны», за схаванае пад матрацам заходняе выданьне эратычнае скіраванасьці можна было трапіць на прафіляктычна-вэрбавальную гутарку ў «органы». Калі «вялікая Родзіна» пачала аганізаваць, попыт на эратычна-парнаграфічную прадукцыю ў Беларусі задавальняўся польскімі часопісамі. Іх прывозілі з базараў Варшавы ды Беластоку. Пасьля рынула расейская паліграфічная прадукцыя адпаведнага кшталту. Беларускага эратычнага часопісу дагэтуль няма. Затое ёсьць некалькі сайтаў: «Аголеная Беларусь», «Беларуская прыгажосьць» і «Беларускі клюб аматараў панчохаў», якія можна знайсьці ў пераліку рэсурсаў для дарослых на партале «Дзед Талаш» (dt.home.by).

Аўтар «Аголенай Беларусі» хаваецца за псэўданімам «Андрэй Беларэцкі».

Гэткі сьціплы намёк на першую «беларусьфільмаўскую» эратычную кінасцэну — у экранізацыі «Дзікага паляваньня караля Стаха». Сайт Беларэцкага падкрэсьлена эстэцкі, насычаны алюзіямі на творы беларускага мастацтва й літаратуры. Тут ёсьць творы, якія пры ўсім жаданьні ніяк не назавеш эратычнымі. Мовы сайту — беларуская (лацінкаю) і ангельская. Праўда, сам «Андрэй Беларэцкі» на адным з інтэрнэт-форумаў прызнаўся, што гэты сайт для яго — ня болей чым гульня.

Мастацкае напаўненьне інтэрнэт-рэсурсу толькі пацьвярджае ягоны «культурна-гульнёвы» характар. Аматарскія фоткі ў жанры «ню» (то бок, з аголенай «натурай») суседзяць з працамі Алены Адамчыхі. Творы Рона, якія нечым нагадваюць Шчамялёва і Рэрыха, — і карціны Алеся Пушкіна. Ёсьць там нават партрэт Барбары Радзівіл. Што праўда, слынная каралева на ім — не аголеная. Але выглядае вельмі эратычна.

Такую можна і пакахаць

Стваральніца (стваральнік?) «Беларускае прыгажосьці» хаваецца за псэўданімам «Алена Філістовіч». (Славутага «парашутыста», што дэсантаваўся, каб узьняць маладэчанцаў на антысталінскае паўстаньне, звалі Янкам Філістовічам.) Сайт, паводле ейных словаў, прысьвячаецца «дзявочаму хараству й магiчнай сэксуальнасьцi Беларусi». Столькі гавораць, што «найпрыгажэйшыя ў сьвеце — беларускія дзяўчаты». А тут што ні здымак, то доказ.

У адрозьненьне ад «Аголенае Беларусі», тут толькі фоткі й зусім трошкі малюнкаў — аніякіх карцінаў. Подпісы да здымкаў (як і ўсё астатняе афармленьне) падаюцца паралельна па-беларуску й па-ангельску. Беларускі тэкст ідзе клясычным правапісам.

Мастацкасьці нават у аматарскіх фатаздымках тут значна болей, чым у Беларэцкага. Фонавыя пэйзажы: мора, поле, лес — глядзяцца прыгажэй, чым набор «кватэрных» фотак, якімі перапоўнены сайт «Аголеная Беларусь». Да таго ж «Беларуская прыгажосьць» зьмяшчае рэклямныя здымкі мадэлек з агенцтваў «Тамара», «The Real Models», «Вэльф». Ёсьць і рэкляма фірмы «Мілавіца». Якая ж беларуская эротыка безь «Мілавіцы»?

Выказаць свае ўражаньні пра сфатаграфаваных прыгажуняў наведнікі могуць на форуме. Большасьць камэнтароў — мужчынскія. Нават самі мадэлькі туды заглядаюць крайне рэдка. З запісаў зьвяртаюць на сябе ўвагу такія: «Такую і пакахаць можна», «Lepshaja na hetym saice!!! Nyama slou». Бальшыня камэнтароў па-расейску. Сустракаюцца і ангельска-, і польска-, і нават франкамоўныя запісы.

Панчохі чырвона-зялёныя

Дальбог, гэтага сайту можна было б і ня згадваць, аднак дзеля паўнаты агляду…

Сам па сабе ён мае тры вэрсіі — беларускую, расейскую й ангельскую. Наведнік знойдзе на сайце і фатаздымкі, і падборку тэкстаў. Аповеды — толькі расейскамоўныя й болей выдаюць на нізкаякасную парнаграфію, чым на Мілера ці Набокава.

Беларускай мовы на сайце мала, хіба ў інтэрфэйсе. Уваход на беларускамоўную старонку пазначаецца чырвона-зялёным сьцяжком. Фатаздымкі на сайце яўна «скачаныя» зь іншых сэрвэраў — чэскіх ды расейскіх. Сем галерэяў з фоткамі «жанчынаў у панчохах» (як «натуралак», так і аматарак «лесьбі») — вось асноўная «разынка» рэсурсу. Сайт яўна прайграе двум першым — не адчуваецца ў ім ані гульні, ані шарму, якія ёсьць у рэсурсах Беларэцкага й Філістовіч. Чыстая жывёльнасьць. Але ёсьць жа, відаць, аматары і на такія відовішчы. Вінаваціць іх у «схільнасьці да парнаграфіі» ня буду. Бо, як афарыстычна выказалася з гэтае нагоды Алена Адамчык, «эротыка — гэта панятак эстэтычны, а парнаграфія — гэта артыкул у Крымінальным кодэксе».

Аўтарскае лева

На Інтэрнэт ува ўсім сьвеце наракаюць за парушэньні аўтарскага права. Беларускія эратычныя web-старонкі ня ёсьць выняткам з гэтага сумнага шэрагу. Для А.Пушкіна і А.Адамчыхі сталася неспадзяванкай зьяўленьне іхных твораў на сайтах «Аголеная Беларусь» і «Беларуская прыгажосьць». Паставіліся мастакі да гэтага па-рознаму. Славуты пэрформэр узрадаваўся ўласнай вядомасьці: «Перадайце падзяку гэтаму чалавеку за папулярызацыю творчасьці Пушкіна!»

Катэгарычна пратэстуе супраць выкарыстаньня сваіх здымкаў А.Адамчыха: «Карціны, кнігі, скульптура — не рэклямная прадукцыя. Таму іх зьяўленьне ў Інтэрнэце — гэта ў пэўнай ступені прамоцыя аўтару. А фатаздымак ёсьць рэклямай. Таму яго зьмяшчэньне бязь ведама аўтара — гэта крадзеж. Эратычныя здымкі крадуць для таго, каб прыцягнуць увагу наведнікаў да свайго сайту. Ёсьць людзі, якія ствараюць кнігі, карціны, скульптуры, а ёсьць тыя, хто паразытуе на гэтым». Яе не суцяшае абяцаньне «Алены Філістовіч» прыбраць выявы, калі будзе заяўлена пра аўтарскія правы: «Я што, павінна адсочваць ва ўсім Інтэрнэце, ці не зьявіліся дзе мае працы?»

Сваё абурэньне выказала і Вольга, адна з фотамадэлек спн.Алены. Дзяўчыну прываблівае вонкавы антураж прафэсіі: «Многія дзяўчаты мараць стаць фотамадэлямі, бо можна мяняць вобраз, быць рознай. І ўвесь час — прыгожай. І мець надзею, што гэта нехта ўбачыць і ацэніць». Аднак тое, што такая рамантыка можа мець і непрыемны бок, яе бянтэжыць: «Мне б не хацелася, каб мае аголеныя фатаздымкі зьяўляліся недзе ў Інтэрнэце».

Грэх ці ня грэх?

Ці можна наведваць сайты такога кшталту? Ці маральна выглядаюць іхныя стваральнікі? З пункту гледжаньня Крымінальнага кодэксу, злачынства няма, пакуль эротыка не саступае месца парнаграфіі. А з гледзішча маралі?

Уніяцкі сьвятар айцец Андрэй (Абламейка) зазначыў, што ні сама па сабе выява аголенае жанчыны, ані ейнае сузіраньне ня ёсьць грахом: «Калі гэтая выява ствараецца дзеля плоцевай уцехі, тады гэта грэх. А калі дзеля мастацтва, тады да гэтай карціны ці фатаздымку нельга ставіцца як да граху». Словам, кожны сам для сябе мусіць вырашаць, дзеля чаго ён «залазіць» на эратычны сайт.

У нашым кансэрватыўным грамадзтве аўтару такога сайту лёгка займець рэпутацыю «вычварэнца». Таму стваральнікі эратычных рэсурсаў хаваюцца за псэўданімамі і на кантакт з журналістамі ня йдуць. Андрэй Беларэцкі, зь якім мне ўдалося скантактавацца па электроннай пошце, нэрвова адказаў, што сайт — гульня й нічога болей, і ўвогуле, ня варта пра гэта гаварыць.

Але хіба такое магчыма — каб мужчыны перасталі гаварыць пра жанчын?

Аркадзь Шанскі

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0