«Басовішча» пачыналася праблемна: адзін з аўтобусаў, які вёз рок-фанаў у Гарадок, недалёка ад’ехаў ад Менску. На зьмену зламанаму сьпешна быў знойдзены іншы, але й той не пераехаў польскае мяжы. Частка пасажыраў вярнулася дахаты, але хто-ніхто да «Басовішча» дабраўся.

Прызэры сёлета былі на любы густ. Хіп-хопавыя «IQ-48» зь Менску, арт-рокавая «Сьцяна», альтэрнатыўныя «Indigo» з жаночым вакалам. Пра апошні гурт у журы, якое гэтым разам складалася з музыкаў Славы Кораня й Аляксандра Памідорава ды журналістаў Вітаўта Мартыненкі й Лукаша Сьцепанюка, спрэчак увогуле не было. Захапілі сьвежая драйвавая музыка, прафэсіяналізм. (У «Indigo», між іншым, грае Лёша Паўловіч, які добры кавалак свайго жыцьця прысьвяціў «Улісу» ды «Новаму небу», вакалістка Руся таксама мае добрую школу. Сярод яе «ўнівэрсытэтаў» — сьпяваньне ў рэчыцкім начным клюбе.)

Ня горш за «Indigo» глядзелася й берасьцейская «Сьцяна». Яна прычаравала публіку і журы сваім саксафонам, што «заводзіў» ня горш ад электрагітары. Рэпэры «IQ-48» апошнім часам актыўна беларусізуюцца — заразьлівы прыклад украінскіх братоў з «Майдану Конга». Хлопцы — файныя мэлядысты, «Паветраны шар» (іх супольная праца зь «Нестандартным варыянтам») будзе адным з гітоў трыб’юту «NRМ», які выйдзе неўзабаве. Традыцыйны прыз ад войта гміны Гарадка традыцыйна атрымаў гурт з Польшчы. Цікава, што «Triquetra» складаецца з «стопрацэнтных палякаў», якія, учуўшы пра «Басовішча», пераклалі пару сваіх песень на беларускую мову. Леташнія ж прызэры з «Partyzone» выступілі, паводле сьведчаньняў, неарганізавана: далася ў знакі колькасьць выпітага алькаголю. Праз гарэлку здарылася й сапраўдная трагедыя — патануў у стаўку гарадзенскі хлапец Іван Сырэль.

Калі б узнагароду на фэсьце давалі за найлепшае шоў, яе атрымаў бы гурт «Аніма», у складзе якога грала такая сабе беларуская сьмерць з гітараю замест касы. «Але лепш бы вакалістка меней гаварыла і болей сьпявала», — адзначае Вітаўт Мартыненка.

Хоць большасьць слухачоў па-ранейшаму спала ў намётах і пад зорным небам, а большасьць рокераў — у гарадоцкай школе на гімнастычных матах, але «ўганараваныя гатэлем» сёлета трапілі ў яго безь ніякіх праблемаў. За што арганізатарам шчыры дзякуй. На школу, дарэчы, пасьля «Басовішча» шкода глядзець: краны скручаныя, падлога вадой пазаліваная. Называецца, прыехалі госьці. Ды за адно гэта можна ў Эўразьвяз ня браць…

Імёны, адкрытыя сёлета на «Басовішчы», больш сюрпрызныя за леташнія. Не хацелася б, каб і яны зрабіліся «моднымі клюбнымі гуртамі», якіх па-за межамі тых клюбаў ніхто ня чуе. Праз год яны ў якасьці гасьцёў зайграюць на 15-м «Басовішчы», якое арганізатары абяцаюць зрабіць юбілейна-нетрадыцыйным. Там стане ясна, што з каго выйшла.

Іван Няхведараў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0