Пуцін прызнаўся, што не хацеў палохаць Меркель лабрадорам
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у інтэрв'ю Bild пракаментаваў эпізод 2007 года, калі яго сабака Коні апынуўся ў зале, дзе праходзілі перамовы з канцлерам Германіі Ангелай Меркель.
Адзначалася, што Меркель баіцца сабак пасля нападу жывёлы ў 1995 годзе.
«Канешне, не. Нічога я пра гэта не ведаў. Мне, наадварот, хацелася ёй зрабіць прыемнае, калі я ёй паказаў свайго сабаку. Я потым растлумачыў ёй і папрасіў прабачэння за гэта», — заявіў Пуцін.
У СМІ з'яўлялася інфармацыя аб тым, што прэзідэнт мог спецыяльна паспрабаваць напалохаць Меркель пры дапамозе лабрадора.
Таксама Пуцін заявіў, што ніколі не мяняўся.
Журналісты выказалі здагадку, што «існуе два Пуціны» — да 2007, калі расійскі лідар быў маладым і адкрытым да дыялогу, і пасля гэтага моманту.
«Я ніколі не мяняўся. Па-першае, я і адчуваю сябе маладым сёння. Я быў сябрам Шродэра, я і застаюся сябрам Шродэра. Нічога не змянілася», — заявіў Пуцін.
Паводле слоў прэзідэнта, за гэтыя гады не змянілася і яго стаўленне да мноства палітычных праблем.
Акрамя таго, Пуцін заявіў, што НАТА «села на трон» Еўропы.
«Што, хіба ў статуце напісана, што НАТА абавязана прымаць усіх, хто захоча? Не. Патрэбныя крытэрыі, патрэбныя ўмовы. Была б палітычная воля, усё б змаглі зрабіць, калі б захацелі. Не хацелі проста. Хацелі валадарыць. Селі на гэты трон. І што далей? Цяпер мы абмяркоўваем крызісныя сітуацыі», — заявіў Пуцін.
Матэрыял выйшаў на сайце газеты з вынесенай у загаловак цытатай Пуціна: «Межы для мяне не важныя».