Брытанскія лялькаводы. Першы канал пракаментаваў з’яўленне ў эфіры супрацоўніцы з антываенным плакатам
Падчас нядзельнай праграмы, цалкай прысвечанай «спецаперацыі» ва Украіне, выступіў адзін з топ-менеджараў канала Кірыл Кляймёнаў, распавядаючы пра Марыну Аўсяннікаву, якая з’явілася ў жывым эфіры з антываенным плакатам. Маўляў, яна гэта зрабіла пад уплывам заходніх спецслужб і за грошы.
«Да гэтага, па нашых даных, Марына Аўсяннікава гаварыла з англійскай амбасадай. Хто з вас вёў тэлефонныя перамовы з замежным пасольствам? Не з візавым цэнтрам, а менавіта з пасольствам, з яго супрацоўнікам, вядома, хай нават ён, як той казаў, у цывільным. Я вось, напрыклад, ніколі не вёў»,— сказаў Кляймёнаў.
У жывы эфір расійскага «Першага канала» 14 сакавіка ўварвалася рэдактарка Марына Аўсяннікава з плакатам з антываеннымі лозунгамі. У эфіры праграмы «Время» ў гэты час была вядомая прапагандыстка Кацярына Андрэева.