«Мне страшна, нават вельмі страшна». Марына Аўсяннікава распавяла пра сваю антываенную акцыю на Першым канале
Пра супрацоўніцу Першага канала Марыну Аўсяннікаву свет даведаўся ў панядзелак, калі яна зладзіла антываенную акцыю ў прамым эфіры праграмы «Время». Аўсяннікава разгарнула за спіной тэлевядучай Кацярыны Андрэевай плакат са словамі «No war. Спыніце вайну. Не верце прапагандзе. Тут вам хлусяць. Russians against war». Аўсяннікава некалькі разоў паўтарыла «Спыніце вайну! Не вайне!», пакуль рэжысёры эфіру не перакрылі выяву са студыі кадрамі сюжэту, да якога Андрэева чытала падводку. У той жа дзень Аўсяннікаву затрымалі, а пазней аштрафавалі на 30 тысяч расійскіх рублёў за заклікі да ўдзелу ў няўзгодненых акцыях. Цяпер у яе дачыненні вядзецца даследчая праверка. «Медуза» пераказвае інтэрвʼю, якое Марына Аўсяннікава дала нямецкаму часопісу Der Spiegel.
Я знаходжуся ў сяброў, хаваюся. Паволі пачынаю ўсведамляць, што маё жыццё змянілася назаўжды, да старога жыцця я вярнуцца не магу (уздыхае). Прымаю заспакаяльныя. Вельмі хвалююся за сваіх дзяцей — 17-гадовага сына і 11-гадовую дачку. Абое яны ў Маскве, але не са мной, яны ў бяспецы.
Мы ўсе застанемся ў Расіі. Мы не прымем прапанову прэзідэнта Францыі пра палітычны прытулак: я патрыётка, мой сын — яшчэ большы патрыёт, мы нікуды не хочам зʼязджаць.
Для сямʼі мая акцыя — цяжкі ўдар. Мама ўсё яшчэ знаходзіцца ў стане шоку, яна стомленая. Сын папракнуў мяне за тое, што я разбурыла жыццё ўсіх членаў сямʼі, але ў яго і так няпросты ўзрост. Мы працягваем размаўляць адзін з адным, але гэта проста складана фізічна выносіць, я знаходжуся паміж двух агнёў і не адчуваю вялікай падтрымкі з боку сямʼі.
Мне страшна, нават вельмі страшна. Я толькі чалавек. Адбыцца можа ўсё што заўгодна, напрыклад, аўтакатастрофа.
Але я не шкадую, што назвала вайну вайной, я ўжо перайшла рысу, за якой няма шляху назад. Застаецца толькі казаць прама і адкрыта.
Пакуль супраць мяне не заведзеная крымінальная справа, праходзіць праверка. Хаця я чула, што гэтага [узбуджэння крымінальнай справы] патрабуюць прадстаўнікі ўлады. Пакуль мяне прыгаварылі да штрафу ў 30 тысяч рублёў, але калі б у мяне не было дзяцей, я, як і многія іншыя, адбывала б 15 сутак.
Раней я не вельмі цікавілася палітыкай, не хадзіла на пратэсты, але незадаволенасць станам рэчаў збіралася гадамі — гайкі паступова закручваліся ўсё мацней. Спачатку мы не маглі выбіраць губернатараў, потым 2014, ДНР і ЛНР, атручванне Навальнага, рэпрэсіі супраць незалежных СМІ. Але ўсё перавярнула вайна, якой ніхто не чакаў.
Я нарадзілася ў Адэсе, але ў восем гадоў пераехала ў Расію. Мой бацька памёр у гэтым горадзе, там яго магіла. У мяне засталіся сваякі ва Украіне, але мы мала кантактуем. Мой пратэст — гэта пацыфісцкая акцыя: у інтарэсах Расіі і ў інтарэсах свету як мага хутчэй скончыць вайну. На Захадзе шмат хто не разумее, што расіяне таксама супраць гэтай вайны.
Я чытала, што мая акцыя была фэйкам, мантажом, але вось жа я — сапраўдны чалавек (смяецца). Многія калегі могуць пацвердзіць, што гэтая акцыя сапраўды адбылася. Усё гэта было толькі маёй ідэяй, я ведаю, што сказаў [прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый] Пяскоў, цяпер я вораг нумар адзін. Ведаеце, я была ў такой лютасці, што нават не падумала пра наступствы свайго ўчынку. Я ўсведамляю іх толькі цяпер — з кожным днём усё больш і больш.
Адбылося ўсё вось як. На Першым канале мы працуем па тыднёвых зменах. Да панядзелка ў мяне былі выхадныя, я ўсё падрыхтавала, купіла ватман і маркеры, на кухні намалявала плакат і запісала відэаролік. Не абмеркавала свае планы ні з сямʼёй, ні з калегамі. У панядзелак я, як звычайна, выйшла на працу, вывучыла размяшчэнне камер і выбрала месца, дзе магу ўстаць з плакатам. Самым вялікім страхам было, што мяне ніхто не ўбачыць па тэлевізары, што ўсё будзе дарма.
Я ўварвалася ў студыю — міма паліцыянта, які не паспеў адрэагаваць. Затым паказала плакат, вярнулася на сваё працоўнае месца і стала чакаць. Да мяне прыйшлі начальнікі, усе яны пыталіся адно і тое ж: «Няўжо гэта былі вы?» Ніхто не хацеў у гэта верыць. Толькі пасля зʼявілася паліцыя.
Трэба сказаць, размаўлялі са мной даволі прыязна: начальства хацела, каб я звольнілася. Будучы на эмоцыях, я гэтага не зрабіла, але сёння падам заяву.
А паліцыянты ветліва размаўлялі са мной пра палітычную сітуацыю ў Расіі. Допыт вёў намеснік кіраўніка аддзела па барацьбе з экстрэмізмам, яму ўвесь час тэлефанавалі яго начальнікі.
Ніхто не верыў, што я сама вырашылася на пратэст: усе пыталіся, як я звязаная з Захадам, хто мяне навучыў.
На Першым канале я працавала ў міжнародных навінах, была на сувязі з міжнароднымі агенцтвамі, чытала іх стужкі, запісвала інтэрвʼю з палітыкамі і экспертамі, прадзюсавала сюжэты. Я бачыла іншую рэальнасць, але разумела, што кожная краіна абараняе свае інтарэсы, а мы знаходзімся ў інфармацыйнай вайне. Аднак паступова праца ператварылася ў вялікі цяжар.
Большасць працаўнікоў дзяржканалаў цудоўна разумеюць, што адбываецца, яны зусім не перакананыя прапагандысты. Унутры іх увесь час ідзе барацьба паміж працай і маральнымі арыенцірамі. Ім трэба неяк карміць семʼі, а іншай працы цяпер не знайсці. Але мне радасна чытаць пра тое, што многія цяпер звальняюцца.
Каментары