Казус у Варшаве. Ахоўнікаў прэзідэнта ПАР не прапусціла ахова ў аэрапорце. Тыя заявілі пра расізм
Польскія памежнікі затрымалі ў аэрапорце Варшавы самалёт з ахоўнікамі прэзідэнта ПАР, які прыляцеў у Еўропу на перамовы з лідарамі Украіны і Расіі. Начальнік прэзідэнцкай аховы абвінаваціў палякаў у расізме, але тыя запярэчылі, што ў гасцей проста не было дакументаў на частку зброі.
Прэзідэнты (справа налева) Паўднёвай Афрыкі Сірыл Рамафоса, Каморскага Саюза Азалі Асумані, Сенегала Макі Саль, Замбіі Хакаіндэ Хічылема (прысеўшы) ставяць свечкі на брацкай магіле ахвяр расійскай агрэсіі ў Бучы пад Кіевам, 16 чэрвеня 2023 года
Самалёт з прэзідэнцкай аховай і журналістамі быў затрыманы ў Варшаве ў чацвер, і першыя 24 гадзіны польскія памежнікі нікога з яго не выпускалі, піша Бі-бі-сі.
Затым частцы пасажыраў дазволілі выйсці ў горад і пасяліцца ў гатэлях, але самалёт і багаж, як абвясціла прэс-служба аэрапорта, будуць затрыманыя да нядзелі.
Прэзідэнт ПАР Сірыл Рамафоса прыляцеў у Еўропу ў складзе дэлегацыі афрыканскіх лідараў, якая хоча паспрабаваць схіліць прэзідэнтаў Расіі і Украіны да мірных перамоў. У чацвер дэлегацыя сустракалася з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, у пятніцу наведала Кіеў, а ў суботу плануе сустрэчу з Пуціным у Санкт-Пецярбургу.
Начальнік аховы Рамафоса генерал-маёр Уолі Раадэ быў вельмі абураны тым, што яго бос застаўся без часткі целаахоўнікаў.
«Яны нас затрымліваюць, яны падвяргаюць жыццё нашага прэзідэнта небяспецы! Мы ўжо павінны былі быць у Кіеве, а яны вунь што робяць! Я хачу, каб вы бачылі, якія яны тут расісты!» — заявіў генерал.
Прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын назваў абвінавачанні ў расізме лухтой і патлумачыў, што ў паўднёваафрыканскіх целаахоўнікаў былі не ў парадку дакументы на зброю.
З такім жа тлумачэннем выступілі і памежнікі.
«У чальцоў дэлегацыі была зброя, на ўвоз якой не было дазволу. Але самі яны мелі магчымасць выйсці з самалёта», — напісала памежнае ведамства Польшчы ў твітары.
Прэс-сакратар прэзідэнта ПАР Вінсент Магвенья сказаў, што іх дэлегацыя спрабуе дамовіцца, каб пасажыры затрыманага чартарнага рэйса патрапілі хоць бы на Санкт-Пецярбургскую частку турнэ прэзідэнтаў.
Нягледзячы на тое, што ахоўнікі прэзідэнта Рамафоса затрымаліся ў Варшаве, сам ён разам з іншымі прэзідэнтамі прыехаў у пятніцу ў Кіеў. Вінсент Магвенья запэўніў у твітары, што яго бяспека была цалкам гарантаваная.
У афрыканскую дэлегацыю, акрамя Рамафоса, уваходзяць прэзідэнты Сенегала, Замбіі і Каморскіх Астравоў, а таксама прадстаўнікі Егіпта, Рэспублікі Конга (Бразавіль) і Уганды.
У той час, калі яны знаходзіліся ў Кіеве, Расія нанесла па горадзе і ваколіцах чарговы ракетны ўдар.
Чытайце таксама:
Зяленскі афрыканцам: Ніякіх перамоў, пакуль расійскія войскі на ўкраінскай зямлі, не будзе
Вось чаму прапанова краін Афрыкі дае вялікую надзею Беларусі
Афрыканскія краіны прапануюць Украіне і Расіі спіс умоваў для перамоў. Там згадваецца і Беларусь