«Можам раніцай прачынацца і дзякаваць міністру асабіста». Зяленскі адказаў на папрокі брытанскага міністра абароны
Пасля ўдзелу ў саміце НАТА ў Вільні прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага папрасілі пракаментаваць словы міністра абароны Вялікабрытаніі Бэна Уолеса, які заклікаў Украіну выказваць больш падзякі партнёрам за ваенную падтрымку замест таго, каб пастаянна ставіць патрабаванні па разблакаванні новых відаў узбраенняў.
Уладзімір Зяленскі на саміце НАТА. Фота: AP Photo/Pavel Golovkin
Адказваючы на пытанне, Зяленскі запэўніў, што Украіна вельмі ўдзячная Вялікабрытаніі і яе народу за падтрымку.
«Мне здаецца, мы заўсёды былі вельмі ўдзячныя Злучанаму Каралеўству, заўсёды ўдзячныя прэм'ер-міністру і міністру абароны спадару Уолесу… Я проста не ведаю, што ён мае на ўвазе, як яшчэ нам трэба падзякаваць. Хай ён напіша мне… Можам раніцай прачынацца і дзякаваць міністру асабіста. Брытанія — нашы партнёры, мы ім удзячныя, магчыма, міністру хочацца чагосьці асаблівага… Але мне здаецца, у нас добрыя адносіны. Мы ўдзячныя людзям. Урэшце, вялікая падтрымка людзей уплывае на падтрымку любога кіраўніцтва дзяржавы».
Таксама Зяленскі звярнуўся да міністра абароны Украіны Аляксея Рэзнікава, які быў у зале:
«Аляксей, у вас дрэнныя адносіны з міністрам абароны? Выдатныя? Ну дык падзякуйце яму. Патэлефануйце яму сёння».
Рэзнікаў устаў і выказаў падзяку Уолесу.
Чытайце таксама:
Ціханоўская сустрэлася з Байдэнам — «Радыё Свабода»