Жыхара Жлобіна асудзілі на два гады «хіміі» за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе
У Жлобіне — чарговы асуджаны за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года. Гэтым разам суддзя Святлана Рубахава адправіла на «хімію» 24 гадовага Дзяніса Гузава.
Дзяніса абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх. Да суда ён знаходзіўся на волі, пад асабістай парукай, піша «Вясна».
Паводле абвінавачання, Гузаў у ноч на 10 жніўня 2020 года разам з іншымі асобамі актыўна парушаў грамадскі парадак, непадпарадкоўваўся патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, выходзіў на праезную частку вуліц, замінаў працы грамадскага транспарту.
Судовы працэс праходзіў яшчэ 27 красавіка. Гузава прызналі вінаватым і прызначылі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.
Апеляцыйная скарга на прысуд была разгледжаная Гомельскім абласным судом 16 чэрвеня і засталася без задавальнення. А 30 чэрвеня ягонае прозвішча было ўнесенае ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
Чытайце таксама:
Яшчэ 14 чалавек прызналі палітвязнямі
Палітзняволеную Алену Гнаўк перавялі ў жаночую калонію ў Зарэччы