БЕЛ Ł РУС

Журфак сёлета не набіраў на платнае. Усіх рыхтуюць для дзяржаўных СМІ

5.08.2023 / 7:58

Nashaniva.com

Дэкан факультэта журналістыкі БДУ кандыдат гістарычных навук Аляксей Бяляеў распавёў БелТА, як сёлета прайшла прыёмная кампанія на факультэце.

Фота: «Наша Ніва»

«Трохі раней у нас адбылося залічэнне на спецыяльнасць «інфармацыя і камунікацыя», прахадны бал там быў дастаткова высокі — 369. Сёлета мы залічылі 22 абітурыенты. У пятніцу ў нас прайшло сумоўе для залічэння на спецыяльнасць «журналістыка». Сёлета мы трохі змянілі набор, ён у нас адносна невялікі — усяго 60 бюджэтных месцаў, і набіраем студэнтаў ужо па сутнасці на новую спецыяльнасць.

Мы аптымізавалі навучальны план і стварылі адну ўніверсальную спецыяльнасць «журналіст». Таму ўсе 60 чалавек будуць журналістамі, якія атрымаюць прыкладна аднолькавую базавую адукацыю. На старэйшых курсах яны змогуць прайсці прафілізацыю і сканцэнтравацца на вывучэнні найбольш цікавых ім прадметаў: кагосьці зацікавіць спартыўная журналістыка, кагосьці — эканоміка, палітыка ці культура, мастацтва», — распавёў Аляксей Бяляеў.

На 60 бюджэтных месцаў сёлета было пададзена 79 заяў. Паводле Бяляева склаўся досыць высокі прахадны бал — 340 (з улікам двух сертыфікатаў ЦЭ, атэстата і двух унутраных творчых выпрабаванняў).

«Многія з абітурыентаў атрымалі значна вышэй за 400 балаў, ёсць і тыя, хто паступіў з вынікам 475 балаў. Усе абітурыенты праходзілі спецыяльны ўнутраны экзамен па творчасці, які складаўся з некалькіх частак. Яны пісалі творчае сачыненне, здавалі вуснае тэставанне, дзе адказвалі на пэўныя пытанні і праводзілі працу над памылкамі па рускай мове, таксама абітурыенты прадстаўлялі сваё партфоліа», — распавёў кіраўнік факультэта.

Што тычыцца адсутнасці ў гэтым годзе набору на платнае аддзяленне, Аляксей Бяляеў падкрэсліў, што пакуль у гэтым няма патрэбы.

«Гэта выклікана, па-першае, запытам з боку дзяржаўных СМІ. Ёсць сур'ёзная неабходнасць папаўняць кадры дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, і гэта не толькі цэнтральныя СМІ, але і рэгіянальныя. Таму мы выконваем задачу дзяржаўнага заказу па папаўненні журналісцкімі кадрамі ў першую чаргу дзяржаўных арганізацый, устаноў, сродкаў масавай інфармацыі, рэдакцый. Калі ў далейшым мы ўбачым больш шырокае поле працы для журналістаў, то, вядома, можам аднавіць платныя наборы, але ў найбліжэйшай перспектыве пакуль у гэтым не маем патрэбу», — праінфармаваў ён.

Нагадаем, што за тры гады рэпрэсій незалежная журналістыка ў Беларусі амаль знішчана, за кратамі знаходзіцца 35 супрацоўнікаў СМІ і журналістаў. Некаторыя, як, напрыклад, галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава і гендырэктарка партала Людміла Чэкіна, фрылансер Ігар Лосік, блогер Эдуард Пальчыс, журналіст Дзяніс Івашын, медыяменеджар Андрэй Аляксандраў прыгавораныя да нялюдскіх тэрмінаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула