БЕЛ Ł РУС

Хакеры з КНДР узламалі камп'ютары вытворцы крылатых ракет

7.08.2023 / 15:42

Nashaniva.com

Адметна, што гэта адбылося літаральна праз пару тыдняў пасля візіту Сяргея Шайгу ў Пхеньян.

Фота: Korean Central News Agency / Korea News Service via AP

Хакеры з Паўночнай Карэі ўзламалі камп'ютарныя сеткі расійскай карпарацыі «НВА машынабудавання», якая вырабляе балістычныя і крылатыя ракеты, піша Reuters.

Элітная група паўночнакарэйскіх хакераў таемна пранікала ў камп'ютарныя сеткі аднаго з найбуйнейшых расійскіх распрацоўшчыкаў ракет цягам сама меней пяці месяцаў у мінулым годзе. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters на аснове атрыманай інфармацыі і аналізу, праведзенага даследчыкамі ў галіне бяспекі.

Паводле даных Reuters, звязаныя з паўночнакарэйскім урадам групы кібершпіёнаў ScarCruft і Lazarus таемна ставілі непрыкметныя лічбавыя «чорныя коды» ў сістэмы «НВА машынабудавання», размешчанага ў падмаскоўным Рэўтаве.

Выданню не ўдалося высветліць, ці былі атрыманы якія-небудзь даныя падчас пранікнення, а таксама тое, якую інфармацыю маглі прагледзець хакеры.

Але праз некалькі месяцаў пасля ўзлому Пхеньян абвясціў пра дасягненні ў сваёй праграме стварэння балістычных ракет, аднак незразумела, ці звязана гэта з узломам.

Адзначаецца, што хакеры мелі доступ да сетак «НВА машынабудавання» з канца 2021 па май 2022 года.

Навіны пра ўзлом з'явіліся неўзабаве пасля паездкі міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу ў Пхеньян на 70-ю гадавіну Карэйскай вайны, якая стала першым візітам міністра абароны Расіі ў Паўночную Карэю пасля распаду Савецкага Саюза ў 1991 годзе.

Чытайце таксама:

Шайгу сустрэўся ў Пхеньяне з Кім Чэн Ынам

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула