Фабрыка зорак. Названы футбольны клуб з самай прыбытковай акадэміяй у свеце
Міжнародны цэнтр спартыўных даследаванняў у футболе (CIES Football Observatory) склаў рэйтынг са ста самых прыбытковых клубных футбольных акадэмій свету з пункта гледжання даходаў, атрыманых за апошнія дзесяць гадоў за кошт трансфераў гульцоў.
Бенфіка — 38-ы разовы чэмпіён Партугаліі — ужо некалькі дзесяцігоддзяў прадукуе дзясяткі будучых зорак і пастаўляе на еўрапейскі рынак. Выпускнікамі акадэміі былі Бернарду Сілва, Эдэрсан, Віктар Ліндэлёф, Жаау Феліш. Фота: Matthias Schrader / AP
Самай прыбытковай названая акадэмія (тая, дзе атрымліваюць азы футбола будучыя зоркі) партугальскай «Бенфікі», якая за справаздачны перыяд прадала 30 футбалістаў сумарным коштам €516 млн.
Другой у рэйтынгу стала акадэмія амстэрдамскага «Аякса», якая выпусціла 36 футбалістаў на суму €376 млн. Трэцяя пазіцыя засталася за французскім «Ліёнам», які прадаў 32 выпускнікоў на суму €370 млн.
Чацвёртае месца ў мадрыдскага «Рэала», які прадаў 28 гульцоў на €364 млн. Пятае месца трымае «Чэлсі», які прадаў 28 гульцоў на €347 млн.
У дзясятку таксама ўваходзяць «Манака», «Спортынг», «Тотэнхем», «Манчэстэр Сіці», «Аталанта».
Варта таксама адзначыць краіны па-за Еўропай. 13-е месца ў бразільскага «Фламенга», а 14-е ў аргенцінскага «Рывер Плэйта».
«Барселона» на 22-е месцы, «Арсенал» на 23-м, данецкі «Шахцёр» — 43-і, кіеўскае «Дынама» — 70-е, познаньскі «Лех» — 83-і.
Беларускіх клубаў у рэйтынгу няма.
Чытайце таксама:
Памёр легендарны футбаліст Франц Бекенбаўэр
Футбольны клуб дзеля матча праляцеў амаль 7 тысяч кіламетраў. Каб прайграць 0:12
Матч за Суперкубак Турцыі, што меўся прайсці ў Саудаўскай Аравіі, адмянілі з-за цытат Атацюрка