БЕЛ Ł РУС

Пасля Лукашэнкі. Ці здадуць незалежнасць Беларусі магчымыя пераемнікі дыктатара?

2.10.2024 / 22:40

Nashaniva.com

Палітыку, які прыйдзе да ўлады пасля Лукашэнкі, атрымаць унутраную легітымнасць магчыма толькі шляхам дэлукашызацыі. Бо краіна атручаная лукашэнкаўскім аўтарытарызмам, адбылося перанасычэнне ім, у грамадстве існуе вялікая патрэба ў пераменах, піша на «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч.

Заява Зянона Пазняка ў эфіры ўкраінскага 5-га канала пра тое, што любы пераемнік Аляксандра Лукашэнкі здасць Расіі незалежнасць Беларусі, выклікала ў асяроддзі незалежнай грамадскасці бурную дыскусію. Паколькі будучыня нікому не вядомая, абмеркаванне ў пэўным сэнсе мае схаластычны характар. Тым не менш, развагі пра тое, як могуць развівацца падзеі ў сітуацыі, калі, паводле вобразнага выказвання Пазняка, Лукашэнка раптам «паляціць у космас», усё ж маюць сэнс.

У асноўным дыскусія тычыцца абмеркавання паводзін атачэння Лукашэнкі. Народ апрыёры выносіцца за дужкі, бо, маўляў, у цяперашнім стане, калі адбываюцца татальныя рэпрэсіі, грамадства не ў стане быць палітычным суб’ектам. Можа, і так. Але ж мы зыходзім з цяперашняй сітуацыі і не ўлічваем, што сыход Лукашэнкі гэтую сітуацыю моцна памяняе.

Праблема персаналісцкага рэжыму ў тым, што ў ім усё завязана на адну асобу. У гэтым яго сіла, але і слабасць у момант, калі ўладар раптам знікае.

За апошнія гады было некалькі выпадкаў, калі сістэма ўпадала ў ступар, калі здаралася нейкая нечаканая падзея, а Лукашэнка не рэагаваў (смерць Уладзіміра Макея, атака на расійскі самалёт у Мачулішчах, праблемы са здароўем дыктатара 9 мая 2023 года і іншае). Высокія чыноўнікі і дзяржаўныя медыя некалькі дзён маўчалі, не ведаючы, як рэагаваць.

Можна ўявіць, у якім ступары апынецца ўлада, калі знікне Лукашэнка.

Уявім: у момант, калі будзе афіцыйна абвешчана, што ён больш не займае сваёй пасады, нейкая ўмоўная Ніна Багінская выходзіць на плошчу ў Мінску з бел-чырвона-белым сцягам. І можа здарыцца, што яе ніхто чапаць не будзе. Бо ўсе, у тым ліку сілавікі, апынуцца ў разгубленасці: усё няпэўна, ніхто не ведае, як рэагаваць, ніхто не хоча рызыкаваць, браць на сябе адказнасць.

На наступны дзень на плошчу выходзяць ужо 10 смельчакоў з нацыянальнымі сцягамі, і ўсё паўтараецца. Што можа адбыцца далей, не бяруся прагназаваць. Але тут магчымыя самыя розныя сцэнары.

Цяпер што тычыцца атачэння Лукашэнкі. Пазняк кажа: «Калі ён раптам паляціць у космас, то замена будзе яшчэ горшай. Таму што ўся тая публіка, якая ёсць, яна не здольная захоўваць незалежнасць Беларусі. І не разумее, навошта [захоўваць]. Яны здадуць краіну ў вельмі кароткі тэрмін».

Справа ў тым, што ніхто не ведае сапраўднай пазіцыі тых людзей, якія атачаюць Лукашэнку і могуць пасля яго прыйсці да ўлады. Публічна яны не выказваюць ніякіх самастойных поглядаў, якія б не супадалі з тымі, што абвяшчае іх правадыр.

Акрамя таго, варта адзначыць, што цяпер на высокія пасады прыходзяць больш маладыя кадры, у якіх няма настальгіі па СССР, іх сацыялізацыя адбывалася ў незалежнай Беларусі (напрыклад, кіраўніку адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрыю Крутому 43 гады).

Аднак найважнейшым фактарам выступае Расія. Пазняк кажа: «Калі з'явіцца нейкі тыпаж, які, дапусцім, неяк будзе старацца захаваць незалежнасць, то яго хутка скруціць Расія, зойдзе сюды сваімі войскамі, прызначыць свайго генерал-губернатара, і ўсё».

Сяргей Навумчык, які падтрымлівае пазіцыю Пазняка, піша ў фэйсбуку: «Драматызм сітуацыі ў тым, што сёння ў Беларусі немагчымыя ніякія дэмакратычныя перамены, пакуль у Расіі існуе рэжым Пуціна».

Наўрад ці можна сумнявацца, што Масква будзе імкнуцца кантраляваць транзіт улады ў Беларусі. І тут нічога выключаць нельга. Аднак, калі зыходзіць з фатальнай залежнасці лёсу беларускага грамадства ад волі Расіі, то гэта паралізуе дзейнасць дэмакратычнай супольнасці.

У гісторыі, у палітычным жыцці не бывае фатальнай наканаванасці, заўсёды ёсць варыянты, і яны залежаць ад волі людзей.

Найбольш брутальны варыянт — вайсковы захоп Беларусі Расіяй, поўная анексія з прызначэннем свайго генерал-губернатара — выглядае не самым верагодным. Беларусь — незалежная краіна, у гэтым статусе яна прызнаная міжнароднай супольнасцю. Яе сілавы захоп і далучэнне да РФ выкліча міжнародны крызіс. Няхай і не такі, як у сітуацыі з Украінай, але тым не менш. Напрыклад, гэта моцна не спадабаецца Кітаю. Масква не можа ўсяго гэтага не ўлічваць.

На сённяшні дзень Расія згодная з існаваннем незалежнай Беларусі. На тое ёсць цэлы шэраг прычын. Вось жа чамусьці РФ не далучае Абхазію, Паўднёвую Асецію. Дарэчы, цяпер здарыўся канфлікт паміж Расіяй і Абхазіяй. Апошняя значна больш залежная ад РФ, чым Беларусь, яна жыве амаль цалкам за кошт расейскага бюджэту. Тым не менш праявіла самастойнасць, адважылася пярэчыць Маскве.

Наступны момант. У залежных ад вялікай дзяржавы невялікіх краінах фармаванне ўлады адбываецца паводле сваіх правілаў і заканамернасцяў. У іх дзеля захавання палітычнай стабільнасці кіраўніцтва мае патрэбу ў падвойнай легітымнасці. Адна з іх забяспечваецца падтрымкай імперыі (у нашым выпадку Расіі); другая легітымнасць павінна забяспечвацца ў той ці іншай ступені падтрымкай народу і эліты гэтай залежнай краіны. У часы СССР любы кіраўнік сацыялістычнай дзяржавы, акрамя «ярлыка» ад Масквы, імкнуўся заваяваць папулярнасць у свайго народу і кіроўнай наменклатуры. Эдвард Герэк у сацыялістычнай Польшчы набраў крэдытаў на Захадзе, каб падвысіць узровень жыцця палякаў. Янаш Кадар у Венгрыі правёў эканамічныя рэформы, што ліквідавала дэфіцыт харчавання («гуляшны сацыялізм»), меў рэальную папулярнасць сярод насельніцтва. Нават у Румыніі Нікалае Чаўшэску быў спачатку папулярны, бо распальваў румынскі нацыяналізм.

Калі вяртацца да Беларусі, то любы кіраўнік пасля Лукашэнкі, акрамя падтрымкі Масквы, будзе імкнуцца атрымаць і ўнутраную легітымнасць.

Вось Сяргей Навумчык піша: «Для цалкам прызначанага Масквой новага кіраўніка настроі народу не будуць мець значэння, для яго самым важным будзе жаданне таго, хто яго прызначыў. Ва ўсякім разе, у першы час».

Насамрэч, зусім наадварот. Гэта Лукашэнка ў 2020 годзе мог дазволіць сабе ігнараваць волю большасці народу. Бо за чвэрць стагоддзя збудаваў сістэму ўлады пад сябе, стварыў паслухмяны дзяржаўны апарат, сфармаваў лаяльную эліту, на якую змог абаперціся ў крытычны момант.

Усё гэта пераемніку давядзецца ствараць з нуля. Нават Лукашэнку на пачатку прэзідэнцтва спатрэбілася два гады (1994—1996) упартага змагання з Вярхоўным Саветам і Канстытуцыйным судом, каб атрымаць поўную ўладу. Пераемніку таксама патрэбны будзе час для ўмацавання на сваёй пасадзе. І без падтрымкі наменклатуры і народу гэта наўрад ці ўдасца зрабіць. Абапірацца толькі на Маскву — хісткая пазіцыя.

А атрымаць унутраную легітымнасць будзе магчыма толькі шляхам дэлукашызацыі. Бо краіна атручаная лукашэнкаўскім аўтарытарызмам, адбылося перанасычэнне ім, ківач грамадскіх настрояў моцна нахілены ў гэты бок. І, паводле законаў фізікі, павінен адбыцца ягоны рух у процілеглым кірунку. Беларусь саспела для пераменаў, якім перашкаджае адзін чалавек.

Тут можна правесці паралелі з падзеямі ў СССР пасля смерці Сталіна. Усё сталінскае атачэнне інстынктыўна адчувала, што атрымаць легітымнасць, падтрымку грамадства, партыйнага і дзяржаўнага апарату магчыма толькі на шляху дэсталінізацыі. Таму тагачасныя кіраўнікі (Лаўрэнцій Берыя, Георгій Малянкоў, Мікіта Хрушчоў) і рабілі ўсё больш рашучыя крокі ў гэтым кірунку.

Такім чынам, як ні глядзі, сыход Лукашэнкі будзе толькі на карысць Беларусі.

Чытайце таксама:

Зянон Пазняк: Хто можа замяніць Лукашэнку? Рэальна — ніхто

Ці прыйдзе беларускі Хрушчоў пасля Лукашэнкі? Мікола Бугай адказвае Дракахрусту

Дракахруст: Беларускім Хрушчовым можа стаць хто заўгодна — хоць Віктар Лукашэнка, хоць Качанава

Хто ўзначаліць Беларусь пасля Лукашэнкі? Вынікі вялікага апытання

Каментары да артыкула