Меркаванні1010

Дракахруст: Беларускім Хрушчовым можа стаць хто заўгодна — хоць Віктар Лукашэнка, хоць Качанава

Чым культ асобы ў сучаснай Беларусі адрозніваецца ад класічных прыкладаў? На гэтае ды іншыя пытанні «Филина» адказаў палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст.

Мікіта Хрушчоў. Фота: russian7.ru

— Сёлета лукашэнкаўцы шырока адзначаюць 30-годдзе інстытута прэзідэнцтва. У 1994-м адзін з лозунгаў, пад якім ва ўладу ішоў Лукашэнка, сцвярджаў, што час 70-гадовых кіраўнікоў мінуў. І вось яму самому 70, ягонае атачэнне публічна ігнаруе гэтую дату. Пры гэтым прапаганда ўсяляк падкрэслівае ягоныя якасці мудрага, дасведчанага кіраўніка. У чым прычына прыхоўвання відавочнага — узросту Лукашэнкі? І наколькі гэта важны чыннік для яго, ягонага атачэння, для простых беларусаў?

— Прыхоўваюць, бо гэта ў прынцыпе такі кепскі званочак. Бо гады ідуць, усе разумеюць, бачаць, што ён старэе, ён ужо вельмі немалады чалавек. І гэты хакей, усе гэтыя ягоныя спартыўныя рэкорды засталіся ў мінулым.

Усе бачаць, што пагаршаецца стан ягонага здароўя. Не катастрафічна, але ён і сам пра гэта гаварыў, пра хворую нагу, сустаў, якому нібыта ніяк не могуць даць рады.

Але вы маеце рацыю, так, яму ствараюць новы вобраз. Бо калі раней гэта быў вобраз дынамічнага, маладога, «мне 40 — Ельцыну 80», то ўжо і Ельцына на гэтым свеце няма, і Лукашэнку ўжо восьмы дзясятак.

Але я не думаю, што гэта нейкі крытычны фактар. У тым сэнсе, што тут ужо працуюць механізмы звычкі, інерцыі. Бо ўжо вырасла пакаленне, якое, акрамя Лукашэнкі, нікога не бачыла. Гэтыя людзі ўсё сваё жыццё пражылі пры ім. Для іх ён як з’ява прыроды, як дождж, туман і вецер. Прынамсі для значнай часткі грамадства. І для апарата таксама, для яго Лукашэнка вечны.

Біёграф Брэжнева Леанід Млечын, які меў доступ да архіваў, да сакрэтных дакументаў ЦК, да ўспамінаў людзей, якія атачалі генсека, пісаў, што той напрыканцы жыцця адчуваў уласнае становішча.

Брэжнеў ведаў, што з яго смяяліся, анекдоты расказвалі. Але расклад унутры сістэмы быў такі, што нават у такім стане Брэжнеў задавальняў усіх. Бо любая змена была рызыкоўнай. Паводле слоў Млечына, Брэжнеў сам хацеў пакінуць пасаду, але яму не давалі.

І ў гэтым сэнсе ўсе гэтыя хваласпевы на адрас Лукашэнкі, крыкі «застанься, наш бацька нязменны» — гэта адначасова і ліслівыя рытуалы, але і інтарэсы.

Яны баяцца адзін аднаго, не ведаюць, што будзе, калі ён сыдзе. Хто каго зжарэ, якую гульню будзе іграць Расія, Захад, народ. Усё гэта невядома. З іх ніхто не мае досведу кіраваць такой вялікай машынай, такім абшарам.

А 2020-ты паказаў не толькі Лукашэнку, што нечаканасці здараюцца. І ці гатовыя яны бегаць з аўтаматам? Любы з іх — Качанава, той жа Галоўчанка ці Вальфовіч. І таму няхай усё застаецца як ёсць.

Цяжка сказаць, да чаго былі ягоныя апошнія прызначэнні, таго ж Крутога. Калегі звярнулі ўвагу, што БТ яго паказала акурат у момант аднаго са шчыраванняў Лукашэнкі недзе ў вёсцы пра тое, што «вам давядзецца прывыкаць да новага прэзідэнта, калі-небудзь». Ну, заўтра камера пакажа на Качанаву, Пяткевіч, на Рыжанкова, што таксама можа быць.

Я б не сказаў, што гэта такі ўжо шок для цяперашняга пакалення беларусаў. Бо тады, у 1994-м, акцэнт на тое, што я ж такі малады, такі круты, рабіўся з разлікам на свежую яшчэ памяць людзей пра застой.

Пра Брэжнева, герантакратыю, так званую гонку на лафетах сярод генсекаў. Людзі пра гэта памяталі, скажам, каму тады было 35, як мне. А зараз, калі мінула яшчэ 30 гадоў, тут нават гэтага кантрасту няма.

З чым параўноўваць? Як гэта было пры Брэжневе? Дык гэта мала ўжо хто памятае, вырасла цэлае пакаленне, якое ўсё сваё жыццё пражыло пры Лукашэнку. І таму нейкага моцнага шоку ў гэтых людзей няма.

Але жыццё ідзе. Зразумела, калі ён будзе далей дэградаваць, калі гэта будзе адбывацца як з тым жа Брэжневым, то гэта, напэўна, будзе неяк адбівацца на настроях. І ўсё ж я думаю, што тут можа быць ужыты досвед іншых аўтарытарных уладароў.

Гэта той выпадак, калі ствараецца вобраз таемнага кіраўніка. Лукашэнка любіць шмат выступаць, сустракацца з людзьмі, няхай і са сваімі апаратчыкамі, а не выключаны варыянт, калі ён будзе такім сабе ўладаром у Драздах. Будзе сабе сядзець там, рабіць нейкія заявы, ці яны будуць гучаць ад яго імя. А сам ён на экране будзе з’яўляцца ўсё радзей, радзей і радзей.

І тут я паўтаруся, што сам па сабе цяперашні ягоны ўзрост не можа дэстабілізаваць сістэму. Яе могуць дэстабілізаваць пэўныя варушэнні, змены, якія ўзнікнуць у выпадку, калі ён не пойдзе на выбары. На гэтыя ён пойдзе, я тут упэўнены на 99%, у адрозненне ад Чалага. А ўжо на выбары 2030-га хутчэй не, чым так.

Ці рэзкае і выразнае пагаршэнне здароўя. Тады так, гэта можа мець і палітычныя наступствы. Пакуль жа прыкметы старэння, або нават маразму, груба кажучы, я б не сказаў, што такія заўважныя.

— Незалежныя медыя, эксперты кажуць пра фармаванне культу асобы ў Беларусі. Вы раней неаднаразова прыгадвалі пра пакаленне чынавенства, якое добра ведае, што такое сталінскія рэпрэсіі. А таксама пра XX з’езд і развянчанне культу асобы. Маючы такі досвед, на што разлічваюць тыя, хто прасоўвае і рэалізуе ідэю ўсталявання новага культу ў сённяшняй Беларусі?

— У прынцыпе гэта ўнутраны механізм такіх палітычных сістэм. Калі ўладар доўга кіруе, то для лепшай кар’еры выгадна рабіць розныя паклоны, хваласпевы, «ку» як у тым фільме «Кін-Дза-Дза».

Акрамя таго, такое доўгае кіраванне стварае скажоную оптыку, калі здаецца, што больш нікога і няма, што ёсць толькі ён. І гэта тычыцца не толькі апазіцыі, але і самога ўладнага апарата. То бок, што яму няма альтэрнатывы не толькі ў выглядзе Ціханоўскай ці Бабарыкі, якіх у такой якасці проста не ўспрымаюць, але і ў выглядзе Качанавай, Крутога, Галоўчанкі.

Дарэчы, сам Лукашэнка падмацоўвае гэтую думку. І ў апошнія гады, і яшчэ раней ён неаднойчы даваў зразумець, што іншыя не пацягнуць, што ніхто не здолее так геніяльна і здорава кіраваць, як ён.

І гэтая ягоная формула, што прэзідэнтамі не робяцца, а нараджаюцца. Ну вось ён лічыць, што нарадзіўся прэзідэнтам. А яны хто? А яны не нарадзіліся прэзідэнтамі.

Тут можна прыгадаць словы беларуска-амерыканскага паліттэхнолага Віталя Шклярава, які пасядзеў у турме і быў вызвалены пасля тэлефанавання дзяржсакратара ЗША Пампеа.

Ён расказваў, як Лукашэнка прыехаў да палітычных у СІЗА і казаў ім: «Як добра, што вы прайгралі. Бо вас рускія зжэрлі б і костак не пакінулі». І гэтак жа ён ставіцца і да сваіх. Таму, я кажу, гэта такі ўнутраны механізм дыктатуры: а іншага ж і няма.

Зрэшты, калі параўноўваць з класікай, з тым жа Сталіным, ці сучаснымі прыкладамі — Бердымухамедавым, Назарбаевым — то беларускі культ асобы можна назваць ленінскай сціпласцю.

Бо там і помнікі дзейнаму кіраўніку ледзь не ў кожным горадзе, і перайменаванні вуліц, паркаў і караблёў. Астану перайменавалі ў Нурсултан, у Туркменістане ставілі залатыя статуі. Калі параўноўваць, то ў Беларусі ўсё куды больш сціпла.

І нават той юбілей, што быў на днях, калі б гэта было 70-годдзе Сталіна, то я вас запэўніваю, што гудзела і грымела б некалькі месяцаў. І кожны дзень таварыш Сталін на першых палосах.

Тут таксама штосьці было, але зусім непараўнальна. Прынамсі, пакуль. Я не ведаю, як яно пойдзе далей. Не выключана, што ён да гэтага прыйдзе яшчэ. Але не факт.

— Ці бачыце вы сярод лукашэнкаўскіх чыноўнікаў умоўнага Хрушчова? Ці хоць бы прыкметы таго, што такі чалавек можа з’явіцца?

— Прыкметаў такіх няма. І гэта натуральна. Справа ў тым, што Хрушчоў зусім не быў самым ліберальным, празаходнім, самым дэмакратычным чальцом палітбюро. З іншага боку, першыя лібералізацыйныя крокі пасля смерці Сталіна былі зробленыя па ініцыятыве Берыі — сімвала тэрору, рэпрэсій і зверства.

Хто можа стаць беларускім Хрушчовым? Любы хто заўгодна. Умоўна кажучы, і Віктар Лукашэнка можа стаць, калі бацька перадасць яму ўладу. Ці тая ж Качанава, якая надаўна школьнікам расказвала, якія цудоўныя былі выбары ў савецкі час. Гэта жах, канечне, але сёння яна такое кажа, а потым расклад зменіцца. І таму мой адказ: ніхто і любы. Зараз такія прыкметы зусім не абавязкова павінны быць.

У Кітаі, калі памёр Мао, Дэн Сяопін быў ужо чалавекам сталага веку. На чале ягоных апанентаў, так званай «банды чатырох», была ўдава Мао Цзян Цын. Але былі таксама і маладыя, дынамічныя. То бок, узрост не падвышае шанцы таго, што чалавек стане ўмоўным Хрушчовым.

Той жа Круты, не выключана, працягне курс на рэпрэсіі, а той жа Галоўчанка, чалавек старой школы, можа стаць тым самым Хрушчовым. І не таму, што ён так думае, што ён у душы таемны змагар. А таму, што расклад змяніўся. Змянілася тое, што можна, і што нельга.

А потым, ведаеце, людзі з нашага кола часта не ўлічваюць тую думку, што для таго, каб быць дыктатарам, трэба мець пэўныя якасці характару, душы. Груба кажучы, патрэбная моцная рука.

А калі ў цябе такой рукі няма, то нейкая лібералізацыя, адпусканне лейцаў адбываецца не таму, што ты іх вырашыў адпусціць. А проста таму, што ў цябе няма моцнай рукі, каб іх трымаць.

І таму ператварэнне ў Хрушчова, ператварэнне сістэмы ў больш ліберальную можа здарыцца не з-за таго, што хтосьці з новых кіраўнікоў так вырашыць, што гэта будзе ягоны палітычны выбар.

А таму, што не атрымліваецца кіраваць так, як Лукашэнка кіруе. Не атрымліваецца ўсім навязваць сваю волю. Пра што ён сам неаднаразова і казаў пра Крутога, Турчына ды іншых — а ці пацягнуць яны? Вось у яго гэта ключавое слова. І гэта праблема. Таму я не выключаю сцэнар пэўнай лібералізацыі па дэфолце. Таму што ніхто не зможа кіраваць так, як ён. У новага кіраўніка не будзе такога аўтарытэту, а вакол будзе шмат сілаў, розных цэнтраў улады і ўплыву. І таму сістэма стане прынамсі больш гнуткай.

Бо ў ёй не будзе такога выразнага і бясспрэчнага цэнтра. Тут магу прыгадаць свае даўнія размовы з украінскімі экспертамі, якія казалі, што ва Украіне аўтарытарызм накшталт беларускага проста па вызначэнні немагчымы.

Бо краіна надзвычай разнастайная, мае шмат цэнтраў уплыву, і ні ў каго не хапае сілаў, каб усіх падпарадкаваць сабе. Гэта можа адбыцца і ў Беларусі пасля Лукашэнкі, калі не будзе сілы, здольнай усіх прыструніць.

І сістэма будзе прынамсі больш гнуткая, больш дэмакратычная не таму, што гэта будзе выбар некага. А таму, што гэта будзе баланс у тых умовах, што складуцца пасля сыходу вось гэтага бясспрэчнага цэнтра. 

Каментары10

  • нявеста азаронка
    04.09.2024
    не читало
    а зачем ?

    ибо - переливание из пустого в порожнее
  • Жвір
    04.09.2024
    Што да "моцнай рукі", дык херня гэта ўсё. У выпадку з Лукашэнкам, "моцную руку" забясьпечвае й зьдзяйсьняе Крэмль, а Лукашэнка толькі забясьпечвае патрэбную Крамлю ўнутрыпалітычную канструкцыю й рычагі.
  • Яно канешне
    04.09.2024
    Можа? Не! Чаму? Не той закваскі людзі.

«Проста заліваешся слязьмі і думаеш: за што?» Ірына Шчасная і яе чатыры балючыя гады за кратамі

«Проста заліваешся слязьмі і думаеш: за што?» Ірына Шчасная і яе чатыры балючыя гады за кратамі

Усе навіны →
Усе навіны

«Што гэта за жалезныя дрывасекі і чаму дзяўчынка зігуе?» ВІДЭА16

Украінскім палонным сёння перад абменам уручылі пакеты з лукашэнкаўскай сімволікай6

«Дактары падазраюць сардэчны прыступ». Беларуса, які абвясціў галадоўку ў Літве, забрала хуткая7

Аршанскага чыноўніка, летась асуджанага за карупцыю, зноў заўважылі побач з кіраўнікамі2

У Мінску збіраюцца пашырыць вуліцу Максіма Багдановіча

Украінскія войскі прарвалі мяжу Расіі на яшчэ адным участку ў Курскай вобласці24

60-гадовага псіхолага з вялікім стажам судзяць за «садзейнічанне экстрэмізму»5

Зірніце, як схуднеў былы дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа. Вось як гэта было2

Яшчэ адзін абмен палоннымі адбыўся на мяжы Беларусі і Украіны3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Проста заліваешся слязьмі і думаеш: за што?» Ірына Шчасная і яе чатыры балючыя гады за кратамі

«Проста заліваешся слязьмі і думаеш: за што?» Ірына Шчасная і яе чатыры балючыя гады за кратамі

Галоўнае
Усе навіны →