Пазняк: Вызваленне Паліны Шарэнды-Панасюк — гэта гучнае сведчанне аб гатоўнасці да перамоваў з Еўрасаюзам
Палітык у сваім фэйсбуку пракаментаваў вызваленне Паліны Шарэнды-Панасюк, што выйшла на свабоду тыдзень таму па адбыцці тэрміну, пасля таго як ёй двойчы дадавалі зняволенне.
«Мне давялося звяртацца асабіста з пасланнем да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай вызваліць палітвязняў, спыніць арышты і рэпрэсіі супраць беларусаў. Вязняў пачалі выпускаць групамі. А нядаўна (толькі што) выпусцілі знакавую асобу, аб якой я асабіста прасіў, — Паліну Шарэнду-Панасюк, якую ў турме мэтанакіравана катавалі і штурхалі ў магілу. Цяпер яна на свабодзе.
З боку Лукашэнкі павольнае выпусканне вязняў, і асабліва Паліны Шарэнды-Панасюк, — гэта гучнае сведчанне аб гатоўнасці да перамоваў з Еўрасаюзам па пытанні вызвалення палітвязняў у абмен на спыненне вызначаных (на перамовах) эканамічных санкцый. Не прыняць гэтага сігналу ў такіх абставінах, мне здаецца, было б недаравальным працягам тупіковай палітыкі, адмаўленнем ад эмпатыі і здаровага сэнсу», — напісаў Зянон Пазняк.
Па яго словах, палітыка эканамічных санкцый, якая рэалізоўвалася на працягу амаль пяці гадоў і якая прывяла ўжо да ўсебаковай ізаляцыі Беларусі, да пагаршэння жыцця беларускага народа, не паўплывала на ўладу рэжыму Лукашэнкі і не ў стане вырашыць праблемы палітычных зняволеных.
«З’явілася магчымасць рэальна выцягнуць закладнікаў-беларусаў з турэмнай катоўні — прыняць знакі на гандаль беларускімі душамі, які прапануе Лукашэнка (матэрыя — за душу). Гэта цяжка. (Гэта, як гандаль з Пеклам.) Але такая ёсць палітыка цывілізацыі ў дачыненнях з прарасійскай дыктатурай. Не можа быць матэрыяльнасць важней за душу», — рэзюмуе палітык.
Чытайце таксама:
Неабходныя грошы на патрэбы Паліны Шарэнды-Панасюк сабралі за некалькі гадзін
Белыя ды чырвоныя кветкі і мора слёз. Як у Вільні сустракалі Паліну Шарэнду-Панасюк
Шарэнда-Панасюк: Гэта як уваскрашэнне з мёртвых. Я думала, што ўжо не выйду