БЕЛ Ł РУС

Дарадца Ціханоўскай расказаў, як ён разам з Вячоркам сустракаў вызваленую Алену Маўшук

12.02.2025 / 22:21

Nashaniva.com

Палітзняволеную Алену Маўшук, якую вызвалілі ўчора, а сёння завезлі ў Вільню, сустракалі дарадцы Ціханоўскай Франак Вячорка і Дзяніс Кучынскі. Кучынскі расказаў крыху пра абставіны сустрэчы.

«Прыкладна ў 19:30 па беларускім часе мы разам з Франакам Вячоркам забралі Алену ў амерыканскай амбасадзе ў Вільні. Таксама забралі рэчы, якія з ёй былі, і прывезлі яе ў беларускі шэлтар у Вільні, дзе сустрэла таксама прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Вольга Зазулінская», — апісвае Кучынскі.

Пры сустрэчы з палітзняволенай адразу паклапаціліся пра лекі для яе.

Алена ўваходзіла ў экстраны гуманітарны ліст палітвязняў — гэты тыя, каго праз стан здароўя патрабавалі выпусціць найперш.

Кучынскі заўважае, што нягледзячы на жахі, якія Алене давялося перажыць у калоніі, яна выглядала нязломленай: «Пад уражаннем ад сілы яе духу».

@nashaniva Пры спрыянні ЗША вызвалілі шматдзетную Алену Маўшук — санітарку бальніцы, якая на пратэстах у Пінску ўдарыла калом па сілавіках Нягледзячы на жахі, якія Алене давялося перажыць у калоніі, яна выглядала нязломленай #беларусь #новостибеларуси #жывебеларусь #навіны #белорусы #политзаключенные #бчб ♬ Epic - DM Production

Кучынскі адзначае, што Офіс Ціханоўскай удзячны Дональду Трампу і яго камандзе за вызваленне трох палітвязняў. У мінулым годзе ў Вашынгтоне Кучынскі неаднаразова сустракаўся з найбліжэйшымі дарадцамі віцэ-прэзідэнта Джэй Дзі Вэнса і дзяржсакратара Марка Рубіа.

«Працягваем кантакт з амерыканскімі ўладамі і будзем спадзявацца, што ўсе беларускія палітвязні будуць вызваленыя», — дадаў ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула